БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London;

New York, 1947;

Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;

Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),

паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.

У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.

Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.

Л.​А.​Лобан.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.​Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.​А.​Ткачоў (1982), З.​Л.​Яцкевіч (1990), І.​М.​Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.​А.​Марзалюк, М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙЯ,

індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс. чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб. культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл. Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.

Літ.:

Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;

Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;

Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.

В.​У.​Адзярыха.

Да арт. Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асе́ць, осець, восець, сець. Геаграфічнае пашырэнне слова і яго фанетычных варыянтаў гл. у ДАБМ, к. 233. Пра пабудову асеці гл. Малчанава, Мат. культ., 38–40. Рус. осеть, асеть адзначаецца, паводле Даля, на захадзе, дакладней: смал., пск., бранск., укр. чарніг. о́сить, польск. усх. osieć. У беларускіх помніках з 1579 (Карскі, 1, 293). Геаграфія слова быццам бы ўказвае на латышскую мову як крыніцу гэтага слова. Таму трэба ўказаць лат. sẽrt ’класці зерне ў сушню’, sęrt ’класці зерне ў сушню’, sęrs зерне, пакладзенае для сушкі’, а таксама sę̃ta ’мужыцкі дом’, ’дом наогул’, двор’, sę̃tas māja ’будынак у двары’, sẽtiena ’частка двара’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 820, 931, 833). Спробы этымалагічнага тлумачэння слова пакуль што не далі выніку. Нельга прыняць тлумачэнне Брукнера, 383, які параўноўваў слова з ц.-слав. сетьн‑апошні ці посѣтити ’наведаць’; Фасмер (3, 159) слушна адкідвае спробы этымалогій Петарсана, 64–65, які імкнуўся звязаць асець з лац. sitis ’прага’, siccus сухі’ (Вальца–Гофман, 2, 548, іначай), ст.-інд. kṣā́yati спальвае, абжытае’, грэч. ξηρός ’сухі’. Той факт, што, паводле Мацкевіч, Працы IM, 2, 149, асець ’частка току, дзе сушаць снапы’ (магчыма, гэта значэнне пазней не пацверджана, бо ў ДАБМ адсутнічае), не дазваляе цалкам адкінуць магчымасць сувязі з рус. осек (зафіксаваным яшчэ Сразнеўскім) ’загароджанае месца, выган, агарод, агароджа’. Аднак найбольш верагодна сувязь беларускага слова з латышскімі, што патрабуе далейшага ўдакладнення. Гл. Коген, Запіскі, 2, 9, 91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзолапошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто́раж ‘вартаўнік’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 2, Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), перан. ‘колас, які застаўся на полі’ (віл., Сл. ПЗБ), сто́рож ‘вартаўнік’, ‘стаўная вуда на шчупакоў’, ‘першы колас у жыце’ (ТС), ‘пчала, якая належыць да «стражы»’ (Анох.), ‘нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці рыбы’ (Нас., ТС), ‘першы або апошні колас у жыце’ (ТСБМ), сто́рож ‘шнурок, якім прывязана цэўка да сукала’, ‘пруток у сукале, на які натыкаецца цэўка’, ‘пруток, які падтрымоўвае нічальніцу ў час вязання’ (Бел.-польск. ізал.). Укр., рус. сто́рож, стараж.-рус. сторожь, польск. stróž, славен. stȓašəc, балг. страж, ст.-слав. стражь ‘ахоўнік’. Прасл. *storžь утворана з суф. ‑jь ад прасл. *stergti, *stergǫ ‘сцерагчы’, з якім яно звязана чаргаваннем галосных; гл. Слаўскі, SP, 1, 81; Фасмер, 3, 768. Параўноўваюць з літ. sárgas ‘стораж, вартаўнік’, sérgti ‘пільнаваць, быць пільным’, лат. sar̂gs ‘вартаўнік’, прус. absergisnan ‘абарона’ (Глухак, 587). Сюды ж старо́жа ‘ахова, варта’ (Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Юрч.), ст.-бел. сторожа ‘тс’ (Карскі 2–3, 428). Параўн. укр., рус. сторо́жа, стараж.-рус. сторо́жа, польск. stróža, в.-луж. stróža, н.-луж. stroža, чэш., славац. stráž, серб.-харв. стра̑жа, славен. strȃža, балг. стра́жа, макед. стража, ст.-слав. стража. Прасл. *storža. Гл. яшчэ Махэк , 587; Борысь, 581–582; Шустар-Шэўц, 1366; Бязлай, 3, 324. Борысь (Etymologie, 492) для значэння ‘нацягнуць, наставіць, напнуць’ рэканструюе прасл. *storžiti — каўзатыў ад *sterkti. Гл. сцерагчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

надзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што кім-чым.

1. Даць у асабістае карыстанне, выдзеліць як долю. Надзяліць маёмасцю. □ Адрэзалі Гармізаў хутар, а яго зямлёю падзялілі двух беднякоў. Колас. Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так ўмелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі.

2. Даць як падарунак, падарыць. Надзяліць усіх дзяцей цукеркамі. □ Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Караткевіч. [Турысты] шчодра падзялілі Фрэда значкамі, сувенірамі. «Работніца і сялянка». І зямля, як маці, шчодра нас надзеліць — Глянь — калоссе долу хіліцца цяжкое! Панчанка. // перан. Адарыць каго‑н. якімі‑н. якасцямі (сілай, здольнасцямі і пад.). Акрамя ўсяго іншага, відаць было, што прырода надзяліла Івана не абы-якой сілай. Васілёнак. Тоня Любчанка глядзела на.. невысокага чалавека ў скураной тужурцы і сініх галіфэ і ўсім сэрцам адчувала, якой вялікай сілай волі надзелены ён. Шчарбатаў. // перан. Прыпісаць каму‑н. якія‑н. якасці, даць каму‑н. мянушку, назву і пад. І былыя мінскія ўрочышчы Новай славай надзяліў народ: Дзе варожыя капалі полчышчы, — Вырас мірны трактарны завод. Глебка. Сашка па-ранейшаму не-не, ды любіў кінуцца вычварным слоўцам... За гэта падзялілі яго мянушкай Пардонкін. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.

2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.

3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.

4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)