ссячы́ і ссе́кчы, ссяку, ссячэш, ссячэ; ссячом, ссечаце, ссякуць; пр. ссек, ‑ла; зак., каго-што.

1. Моцным ударам (якой‑н. вострай прылады) аддзяліць ад асновы. [Андрэй:] — Хочаш ссекчы дрэва, дык у камель тапаром, у камель. Пташнікаў. Тут, у вёсцы, елкі лапамі шыбы праціраюць! Якую хочаш, ссячы, спаві яе, бы дзіця, аборкай, ускінь на спадарожны грузавік. Лось. Дзічка аднабокая, абгарэлая — усе хаты перастаяла, да новай лепіцца. І карысці з яе нібы ніякай, а шкада ссекчы. Хадановіч. // Высечы поўнасцю (лес, дрэвы); знішчыць. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. [Ціток:] — Лесу на гэтыя акопы трэба — божа мой колькі. Ссякуць усю пушчу, ды і яшчэ мала будзе. Лобан.

2. Зрабіць дробным, пасячы якой‑н. прыладай. Ссячы бульбу.

3. Секучы (шабляй і пад.), б’ючы (палкай і пад.), знішчыць. Ссячы ўсю крапіву ля плота. // перан. Забіць чаргой з кулямёта і пад. Афіцэра Бондар скасіў аўтаматнай чаргой, ссек аднаго салдата, які кінуўся ўцякаць па агародзе. Навуменка.

4. Рассячы чым‑н. вострым у многіх месцах. // Збіць, пабіць, сцябаючы чым‑н. Ссячы пугай спіну. / Пра град, дождж і пад. Град ссек усе буракі. // перан. Спярэсціць (пра хваробу, маршчыны і пад.). Воспа ссекла твар.

5. Пакусаць у многіх месцах; скусаць. Маскіты ссеклі рукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэндэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Напрамак, у якім адбываецца развіццё чаго‑н. (грамадства, эканомікі, культуры і пад.). Асноўная і галоўная тэндэнцыя капіталізму заключаецца ў выцясненні дробнай вытворчасці буйной, і ў прамысловасці і ў земляробстве. Ленін. // Ідэалагічны напрамак, цячэнне ў палітыцы, навуцы, мастацтве і пад. Аднак пасля смерці Ф. Энгельса, з надыходам эпохі імперыялізму ў дзейнасці II Інтэрнацыянала ўзмацняюцца апартуністычныя тэндэнцыі. «Звязда». Беларуская літаратура адчула на сабе і плённы ўплыў братняй украінскай літаратуры, таксама вельмі багатай дэмакратычнымі тэндэнцыямі. «Полымя».

2. Імкненні, намеры, уласцівыя каму‑, чаму‑н.; погляды, прынцыпы. «Дарагое маё», «Светлае», «Сапраўднае» — гэтыя вершы, як і паэтызацыя Праўды, вечных тэм жыцця і смерці, кахання і прыроды, ярка выявілі характэрную для С. Дзяргая тэндэнцыю паэтызаваць галоўныя вартасці жыцця, быцця чалавека. Лойка. // Схільнасць, уласцівасць. [Васіль:] — У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству. Шамякін. У Вукатага гэта і раней было: толькі сабе каб добра, а людзям і абсеўкі, маўляў, можна. Вось за гэтую тэндэнцыю Валько яму лазінку і заламаў. Савіцкі.

3. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць навуковага, мастацкага і пад. твора, выказвання і пад. Тэндэнцыя трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

4. Прадузятая, аднабаковая думка, якая праводзіцца, навязваецца (чытачу, слухачу і пад.), але не выцякае з сутнасці справы або з развіцця мастацкага вобраза. П’еса з тэндэнцыяй.

[Лац. tendentia — накіраванасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.

3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.

4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУ́ПЕРС-КРЫК

(Cooperis Creek),

рака ў цэнтральнай частцы Аўстраліі. Даўж. каля 1400 км, пл. басейна 285 тыс. км2. Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр. пад назвай Барку, перасякае паўпустынныя і пустынныя раўніны Вял. Артэзіянскага Басейна. Жыўленне дажджавое і грунтавое. Пастаяннае цячэнне толькі ў вярхоўях. Сярэдні гадавы расход вады 70 м3/с. Дасягае воз. Эйр толькі ў час летніх паводак.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАВІЧЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нежлеўка, за 20 км на ПдЗ ад г. Полацк, на паўд.ўсх. ускраіне г.п. Ветрына. Пл. 0,26 км2, даўж 850 м, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3 км2. Схілы катлавіны выш. да 6 м (на 3 да 3 м), пераважна пад хмызняком.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІРЫ́НТ (ад грэч. labyrinthos) у садова-паркавым мастацтве, квадратны або круглы ў плане ўчастак парку з мудрагелістым размяшчэннем дарожак, аформленых шпалерамі ці баскетамі. Звычайна ў цэнтры меў пляцоўку з фантанам. Пашыраны ў рэгулярных парках Еўропы стыляў рэнесансу і барока. На Беларусі вядомы ў 17—18 ст. (паркі «Альба» пад г. Нясвіж, у гарадах Карэлічы і Крычаў, Бачэйкаўскі парк і інш.).

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ ЛІ́НІЯ,

плоская трансцэндэнтная крывая, форму якой набывае пад уздзеяннем сілы цяжару гнуткая аднародная і нерасцягвальная важкая нітка з замацаванымі канцамі. Яе ўраўненне y = ach(x/a), дзе ch(x/a) — гіпербалічны косінус (гл. Гіпербалічныя функцыі). Выкарыстоўваецца ў разліках, звязаных з правісаннем правадоў, тросаў і інш. Паверхня, утвораная вярчэннем дугі Л.л. вакол восі Ox, наз. катэноідам.

Ланцуговая лінія y = ach(x/a).

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГО́ННА-НАГО́ННЫЯ З’Я́ВЫ,

перамяшчэнне водных мас пад уздзеяннем ветру з адной часткі мора, возера, вадасховішча, ракі ў другую і адпаведнае паніжэнне ўзроўню вады (згон) у падветранай частцы і павышэнне (нагон) — у наветранай. Найб. праяўляюцца ў вусцях некаторых рэк, мелкаводных морах і залівах, дзе ваганні ўзроўню дасягаюць 5 м і выклікаюць катастрафічныя паводкі (напр., у вусці р. Нява, на нізінных узбярэжжах Нідэрландаў, Бельгіі, Вялікабрытаніі).

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНКО́ВА Ганна Паўлаўна

(н. 14.1.1923, С.-Пецярбург),

бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948, клас А.Ягорава). З 1949 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1950—63 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, які пад яе кіраўніцтвам дасягнуў высокага маст. ўзроўню. Сярод яе вучняў М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, А.Лукомскі, Т.Дзядзюля, Л.Іконнікава і інш.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́РКА ў фізіцы цвёрдага цела,

квазічасціца ў паўправадніку, дыэлектрыку ці метале, звязаная з незанятым электронам квантавым станам у валентнай зоне. Пад уздзеяннем знешніх эл. і магн. палёў паводзіць сябе як часціца з дадатным зарадам, роўным па абсалютнай велічыні зараду электрона. Эфектыўная маса Дз. большая, а рухомасць меншая, чым у электрона праводнасці. Дз. разам з электронамі вызначаюць дынамічныя ўласцівасці крышталёў. Гл. таксама Паўправаднікі.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)