насякомае атр. матылёў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на палянах, лугах, берагах ручаёў, уключаны ў Чырвоную кнігу.
Размах крылаў да 6 см. Пярэднія крылы зверху чорныя з белымі плямкамі і чырвонай косай палоскай (адсюль назва), заднія — чорныя, з чырвонай палоскай на краі. Лёт у ліп.—вер., тых, што перазімавалі, — у маі. Вусені развіваюцца ў чэрв.—жн. на лісці крапівы і чартапалоху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́ (Terre Adélie),
частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц.навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫЛАНІТРЫ́Л,
арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CN. Мал. м. 53,03. Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, tкіп 77,3 °C, шчыльн. 0,80∙103кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках, палімерызуецца.
Атрымліваюць акісленнем сумесі прапілену і аміяку: CH2=CH-CH3 + NH3 + 3O → 3H2O + CH2=CH-CN. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліакрыланітрылу, валокнаў з яго, АБС-пластыку, бутадыен-нітрыльнага каўчуку і інш. супалімераў. Таксічны, сумесі з паветрам выбухованебяспечныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ (604 ?, Мекка — 24.1.661),
чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЖА́НАЎ (Ануар) (Ануарбек) Турлубекавіч (2.5.1930, аул Карлыгаш, Андрэеўскі р-н Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 1993),
казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1954). У яго аповесцях «Караван ідзе да сонца» (1963), «Сінія горы» (1964; Дзярж. прэмія Казахстана 1967), «Сувенір з Атрара» (1966; Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1969), «Трон Рудакі» (1974) і інш. — мінулае і сучаснае Казахстана. Аўтар гіст. трылогіі «Стэпавае рэха» (1969—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),
своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),
адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:
Зноў навіслі цёмны хмары, Зноў туманы неба крыюць, Зноў па свеце ходзяць мары, Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1954.
Падпісана 19 кастр. ў Каіры. Прадугледжвала вывад англ. войскаў з зоны Суэцкага канала на працягу 20 месяцаў, давала Англіі права 7 гадоў карыстацца Суэцкай базай. Да чэрв. 1956 эвакуацыя англ. войскаў завершана. У сувязі з удзелам Англіі ў кастр.—ліст. 1956 (разам з Францыяй і Ізраілем) у нападзенні на Егіпет яго ўрад 1.1.1957 ануляваў пагадненне, пазбавіўшы тым самым Англію ваен.-стратэг. пазіцый у Егіпце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ ЛАНДША́ФТ,
ландшафт, які ўзнік у працэсе пераўтваральнай дзейнасці чалавека, у т. л.яго ненаўмыснага ўздзеяння на прыроду. Займае каля палавіны тэрыторыі сушы. Вылучаюць антрапагенны ландшафт па ступені змененасці (слабазменены, зменены, моцназменены), па сацыяльна-эканам. функцыях (с.-г., індустрыяльны, урбанізаваны, рэкрэацыйны, запаведны, прыродаахоўны і інш.), па выніках антрапагенных уздзеянняў (акультураны, пераўтвораны, дэградзіраваны). На Беларусі антрапагенны ландшафт займае больш палавіны тэрыторыі. Распрацавана класіфікацыя антрапагеннага ландшафту, вылучаны тыпы, падтыпы, віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАМЕ́ТРЫЯ (ад антрапа... + ...метрыя),
адзін з прыёмаў антрапал. даследавання, які заключаецца ў вымярэнні чалавечага цела і яго частак для ўстанаўлення палавых, узроставых, расавых і інш. структурных асаблівасцяў. Вылучаюць вымярэнні: цела — саматаметрыю, касцей шкілета — астэаметрыю, чэрапа — краніяметрыю. Для дакладнага вымярэння і фіксацыі прыкмет існуюць спец. інструменты (цыркулі, антрапаметры, ганіёметры, стужкі і інш.). Для якаснай характарыстыкі прыкмет, якія нельга вымяраць (рысы твару, колер скуры, валасоў, вачэй і інш.), складзены спец. шкалы.