СА́Р’Я,

вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Сар’янка, на аўтадарозе Асвея—Верхнядзвінск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і 14 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 528 ж., 243 двары (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр. фашызму. Помнік ахвярам фашызму. Помнікі архітэктуры: Сар’янскі касцёл, які ператвораны ў Свята-Успенскую царкву, і парк (19 ст.). У вёсцы ў Вял. Айч. вайну дзейнічала Сар’янскае патрыятычнае падполле.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТАНІ́НСКІ ГРЫБ (Boletus satanas),

грыб сям. балетавых. Пашыраны на Каўказе, у Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы. Трапляецца ў лісцевых лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 8—20 см, таўшчынёй 5 см, спачатку паўшарападобная, потым круглавата-падушкападобная, белавата-шараватая. Трубчасты слой з доўгіх, амаль свабодных трубачак, жоўта-аліўкавы, з дробнымі, круглаватымі, цёмна-чырв. порамі. Ножка даўж. 6—10 см, таўшчынёй 5—6 см, звужаная каля асновы і ўздутая пасярэдзіне, з вянознай, цёмна-чырв. сеткаватасцю на паверхні. Мякаць белая, салодкая, з пахам сырой бульбы, на зломе сінее ці зелянее. Неядомы.

Сатанінскі грыб.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́АЛАНД (Svealand),

гістарычная вобласць у Швецыі. Займае сярэднюю частку краіны. Пл. 81 тыс. км². Нас. каля 3,5 млн. чал. (2000). Большую частку тэр. займаюць нізінныя раўніны вакол азёр Меларэн, Ельмарэн, Венерн; на Пн — узвышаны раён. Пераважаюць хвойныя лясы. Вобласць дае больш за 40% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., чорная металургія, цэлюлозна-папяровая. У сельскай гаспадарцы пераважае збожжавае земляробства і малочная жывёлагадоўля. Важнейшыя гарады і прамысл. цэнтры: Стакгольм, Упсала, Вестэрос, Эскільстуна, Эрэбру, Карльстад. У 11—16 ст. на тэр. С. склалася гіст. ядро шведскай дзяржавы.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІШЧО́ВА,

курганны могільнік дрыгавічоў 11—12 ст. каля в. Свішчова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Захавалася 20 насыпаў выш. 0,2—1,6 м, дыям. 4—8 м, іх аснова абкладзена камянямі. Даследаваны 23 курганы. У некат. насыпах шчыльная вымастка з камянёў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Пахаванні пераважна адзіночныя, ёсць парныя. Знойдзены ганчарныя гаршкі, метал. часткі драўлянага посуду, нажы, падкова, цуглі, прасліца з ружовага сланцу, тачыльныя брускі, метал. пярсцёнкі, спражкі, шкляныя залачоныя пацеркі і бронзавыя, упрыгожаныя зерню (дрыгавіцкага тыпу), скроневыя кольцы з такіх пацерак, паўтараабаротныя і з S-падобным завітком і інш.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛІ́ЧНЫ (Цімафей Іванавіч) (1.5.1917, с. Святлічнае Залачаўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 26.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разлік «кацюшы» на чале з сяржантам С. вызначыўся 26.6.1944 каля в Кажамякі Сенненскага р-на Віцебскай вобл., дзе агнём з устаноўкі, стралк. зброі і гранатамі на працягу 6 гадзін знішчыў 13 аўтамашын з ваен. грузам, 4 гарматы і шмат жывой сілы праціўніка, што прарываўся з віцебскага «катла»; загінуў у гэтым баі. На месцы бою помнік.

т. 14, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ТЦА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн. ускраіне г. Браслаў. Пл. 0,29 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 4,1 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн нізкія, пад забудовамі, часткова разараныя, месцамі змяняюцца балотамі, на Пд выш. да 15 м (камавыя ўзгоркі). Пойма шыр. 5—70 м. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. (акрамя 3) пясчаная. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Бярэжа.

т. 14, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙЛАВІЦКІ БОЙ 1943,

бой партызанскага атрада імя Шчорса (камандзір А.​І.​Колчанка) па разгроме фаш. гарнізона (каля 100 гітлераўцаў) у в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. 7—8 вер. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон, умацаваны сістэмай дзотаў, бункераў, лініямі траншэй з калючым дротам, замініраванымі ўчасткамі абароны, перашкаджаў перадыслакацыі і баявым рэйдам партыз. фарміраванняў у зах. ч. Беларусі. Скарыстаўшы сітуацыю, калі 60 гітлераўцаў гарнізона накіраваліся ў г.п. Гарадзея, партызаны (350 чал.) скрытна падышлі да гарнізона, атакавалі і разграмілі яго. Адышлі без страт з захопленай ням. зброяй і боепрыпасамі.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМІ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,

пругкія ваганні, што распаўсюджваюцца ў Зямлі ад ачагоў землетрасенняў, выбухаў і інш. Адрозніваюць падоўжныя С.х. (ваганні адбываюцца ў напрамку распаўсюджвання хвалі, выклікаюць сцісканне і расцяжэнне), папярочныя С.х. (перпендыкулярныя распаўсюджванню хвалі; хвалі зруху), паверхневыя С.х. (узнікаюць каля паверхні падзелу геал. асяроддзяў; хвалі Лява, Рэлея), аб’ёмныя С.х. (падоўжныя і папярочныя хвалі, ідуць ад ачага ўзбуджэння па аб’ёме Зямлі), адбітыя і пераломленыя С.х. (узнікаюць на мяжы падзелу геал. асяроддзяў з рознымі фіз. ўласцівасцямі). Рэгістрацыя С.х. дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі. Гл. таксама Сейсмаграма, Сейсмічная разведка.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНАКО́СЦЫ (Opiliones, або Phalangida),

атрад жывёл кл. павукападобных. 3 падатр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. адзначаецца С. звычайны (Phalangium opilio). Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, на сценах пабудоў, агароджах, паверхні глебы.

Даўж. цела 1—22 мм, авальнай формы, ад шэрага да чорнага колеру. Падобныя да павукоў, адрозніваюцца ад іх сегментаваным брушкам (9—10 сегментаў), якое злучана з галавагрудзямі шырокай асновай. Ногі тонкія, доўгія, лёгка адрываюцца (аўтатамія). Дыхаюць трахеямі. Кормяцца насякомымі, малюскамі, арган. рэшткамі.

Сенакосцы: 1 — звычайны; 2 — трагулюс акватыкус; 3 — немастома квадрыпунктата; 4 — ганілептус курвіпес.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРА́М,

востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)