ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.

А.​В.​Іоў.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 31.12.1918, с. Бяляева Веліжскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1964). Скончыў Кіеўскае ваен. вучылішча сувязі (1938), экстэрнам юрыд. ф-т Львоўскага ун-та (1951). З 1938 у органах дзяржбяспекі. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд. і 4-м Укр. франтах. З 1945 у Прыкарпацкай ваен. акрузе. У 1954—58 у цэнтр. апараце КДБ СССР, у 1956—59 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР па БВА. У 1959—70 старшыня КДБ БССР. У 1970—80 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР ў Паўн. групе войск. Дэп. Вярх. Савета БССР (1961—67), чл. ЦК КПБ (1960—71).

Я.​С.​Фалей.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЯ (Людміла Міхайлаўна) (н. 3.6.1958, г.п. Гарадзішча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1994), праф. (1997). Скончыла БДУ (1980). З 1980 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1994 заг. кафедры). З 1994 у БДУ (з 1995 заг. кафедры). З 2001 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па метадалогіі даследаванняў сусв. эканомікі, праблемах кан’юнктурнай і стабілізацыйнай палітыкі, адкрытай эканомікі, замежных інвестыцый і свабодных эканам. зон. Аўтар інтэграванай тэорыі кан’юнктуры.

Тв.:

Модели конъюнктуры: Сравнит. анализ. Мн., 1992;

Конъюнктура: Теоретич. и практич. аспекты. Мн., 1998;

Формы заграничной деловой экономической активности. Мн., 1998 (разам з А.​В.​Данільчанкам);

Модели открытой экономики и стабилизационная политика. Мн., 2000.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЧЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.​Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.

Т.​І.​Маслоўская.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЛЕ́ВІЧ-ДУТКО́ (Ірэна Міхайлаўна) (н. ў 1942, в. Літоўе Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастачка ў эміграцыі. Пляменніца Н.Кудасавай. З 1944 разам з бацькамі жыла ў Германіі. З 1950 у ЗША, дзе скончыла маст. школу ў штаце Пенсільванія. Як дызайнер спецыялізуецца ў графіцы. Малюе таксама алеем, акварэллю. Аформіла шэраг выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, брашур, каталогаў, календароў, праспектаў і інш. рэкламнай прадукцыі. Намалявала абразы для бел. правасл. царквы ў Саўт-Рыверы. Арганізатар і ўдзельнік традыц. маст. выставак у г. Саўт-Рывер. Адказвала за маст. праграму бел. фестываляў у штаце Нью-Джэрсі (1976, 1977, 1979). Член кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў у Саўт-Рыверы.

А.​С.​Ляднёва.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУ́МАЎ (Адам Яфімавіч) (н. 25.5.1929, в. Траўна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1970). Скончыў Пінскі настаўніцкі ін-т (1950), Мінскую вышэйшую парт. школу (1964). Настаўнічаў, быў дырэктарам і інспектарам школ у Пінскім р-не. З 1968 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1974—78 дэкан перакладчыцкага ф-та, у 1978—97 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах эфектыўнасці вытв-сці, малога бізнесу і прадпрымальніцтва, развіцця банкаўскай і грашова-крэдытнай сістэм.

Тв.:

Совершенствование системы премирования и повышение ее эффективности. Мн., 1971 (разам з В.​І.​Мураўёвым);

Премирование рабочих. Мн., 1973;

Основы совместного предпринимательства. Мн., 1994;

Контроллинг в кредитном учреждении. Мн., 1999 (у сааўт).

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛЬКО́ (Іван Дзмітрыевіч) (21.11.1929, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1979),

бел. літ.-знавец, крытык, паэт. Канд. філал. н. (1968). Скончыў БДУ (1958). З 1951 працаваў настаўнікам, з 1961 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся як крытык з 1958. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі бел. вершаскладання («Вершаскладанне, 1977). Кн. «Беларускі верш. Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969) — першае ў бел. літ.-знаўстве гісторыка-тэарэт. даследаванне праблем бел. верша. З 1954 выступаў як паэт. Яго паэзіі ўласцівы зварот да маральна-этычных праблем сучаснасці, любоў да роднай зямлі.

Тв.:

Святло зары вячэрняй: Вершы. Мн., 1983;

Верш і мова: (Прабл. тэорыі і гісторыі бел. верша). Мн., 1986.

В.​Ю.​Дэконская.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Панцеляймон Сяргеевіч) (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.

Тв.:

Избр. произв. М., 1988;

Детство: Повесть. рассказы. Тула, 1986;

Повести и рассказы. М., 1990.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЕ́НКА (Вальдэмар Віктаравіч) (н. 14.3.1937, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны. Д-р мед. н., праф. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1981 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па механізмах рэадаптацыі кардыярэспіраторнай сістэмы і прагназіраванні вынікаў хірург. лячэння хворых з набытымі заганамі сэрца, эпідэміялогіі, структуру і прычынах інваліднасці пры ўнутр. хваробах, тэхналогіях медыка-сац. рэабілітацыі.

Тв.:

Реадаптация к физической нагрузке при монотерапии тритаце больных гипертонической болезнью (у сааўт.) // Здравоохранение. 1999. № 1;

Гипертрофия левого желудочка при артериальной гипертензии и возможность ее обратного развития под влиянием ингибиторов ангиотензинпревращающего фермента (разам з З.​В.​Раманенка) // Там жа. 2001. № 2.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЕ́НКА (Пракоп) (Пётр) Логвінавіч (25.2.1897, хутар Раманенкі Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.3.1949),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933), Генштаба (1948). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік войнаў: 1-й сусв., грамадз. 1918—20, у Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Бранскім, Паўд.-Зах., 1-м Бел. франтах: камандуючы арміямі, нам. камандуючага фронтам. У час вызвалення Беларусі камандуючы 48-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Бабруйскай аперацыі 1944, Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1945—47 камандуючы Усх.-Сібірскай ваен. акругай. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946.

П.Л.Раманенка.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)