галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл.ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААНінш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Рыгор Данілавіч) (16.2.1902, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — крас. 1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). Скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутр. спраў Беларусі (1920). У 1921—24 на сав. і парт. рабоце. З 1926 адказны сакратар час. «Бальшавік Беларусі», у 1930—33 у Дзярж. выд-ве БССР. У Вял.
Айч. вайну ўдзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 у партызанах. Загінуў у час прарыву ням.-фаш. блакады партызан на Лагойшчыне. Друкаваўся з 1924. Асн. тэматыка першага зб. апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926) — падзеі грамадз. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), напісаных на матэрыяле жыцця бел. вёскі, аповесці «У іхным доме» (1929). Раман «Сын» (1929, 3-е выд. 1957) пра жыццё бел. народа ў рэвалюцыю 1905—07, раман «Салаўі святога Палікара» (1940, асобнае выд. 1967) пра калектывізацыю, бел. вёску 1930-х г. Раман «Таварышы» (1942, пад псеўд. Максім Загорскі) пра драм. лёс мастака з рабочага асяроддзя, жыццё даваен. Мінска. Думкамі абгіст. праве бел. народа на самаст. жыццё прасякнуты раман «Насуперак лёсу» (1942, пад псеўд. Мікалай Дуброўскі) пра сацыяліста-рэвалюцыянера А.Савіцкага.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы 3 выд.Мн., 1977;
Строева Т. Рыгор Мурашка // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКАМА́НІЯ (ад грэч. narkē здранцвенне, аняменне + манія),
хвароба, якую выклікае сістэматычнае ўжыванне наркатычных сродкаў. На ўжыванне наркатычных сродкаў (наркотыкаў) уплываюць псіхал. асаблівасці чалавека (нізкая самаацэнка, псіхічныя захворванні), проціпраўная дзейнасць і інш. Асабліва схільныя да Н. падлеткі і маладыя людзі. Наркаманы (людзі, якія ўжываюць наркотыкі) адмежаваны ад рэальнага свету, трацяць пачуццё адказнасці і абавязку, хлуслівыя, эгаістычныя, схільныя да антысац. паводзін (рабаванне, насілле і інш.). Дзеці наркаманаў нярэдка нараджаюцца з фіз. і псіхічнымі дэфектамі і расстройствамі. Пры Н. існуе вял. небяспека заражэння рознымі формамі гепатыту, СНІДам. Скарачэнню жыцця наркаманаў садзейнічае перадазіроўка, септычныя ўскладненні, спробы да самагубства і інш. Пры Н. расстройваецца абмен рэчываў у арганізме, дзейнасць стрававальна-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм.
Адрозніваюць 3 стадыі Н.: адаптацыя, абстынентныя з’явы і знясіленне. У хворых на Н. выяўляецца вял. наркаманічны сіндром, які складаецца са змененай рэактыўнасці, псіхічнай і фіз. залежнасцей. Аднаразовае ўжыванне наркотыкаў выклікае эйфарыю. Псіхічная залежнасць характарызуецца пастаяннымі думкамі аб скарыстанні наркотыку, інакш узнікае стан незадаволенасці, прыгнечанасці, раздражняльнасці; назіраецца на ранніх этапах сістэм. ўжывання наркотыку. Фіз. залежнасць праяўляецца неадольнай хваравітай цягай да наркотыку, развіццём сіндрому пазбаўлення (абстыненцыі), калі перапынак у прыёме наркотыку выклікае расстройствы фіз. і псіхічных функцый. Лячэнне ў спец. лячэбных установах у залежнасці ад наркатычнага сродку.
Літ.:
Пятницкая И.Н. Наркомании: (Руководство для врачей). М., 1994;
Каплан Г.И., Сэдок Б.Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ СТУ́ДЫІ І КЛУ́БЫ ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА,
найвышэйшая форма развіцця аматарскай творчасці ў галіне жывапісу, графікі, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва на Беларусі. Найменне «народны» надаецца студыям і клубам са стабільным складам удзельнікаў, работы якіх маюць высокі маст. ўзровень і рэгулярна экспануюцца на міжнар., рэсп. і абласных маст. выстаўках. На Беларусі студыі існуюць з 1960-х г. пры клубных, навуч. і пазашкольных установах, па месцы жыхарства. Парадак работы студый вызначаецца Палажэннем абнар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Многія студыі і клубы вядуць свой летапіс, маюць эмблему, дэвіз і статут. Дзейнасць клубаў і студый дэкар.-прыкладнога мастацтва накіравана на адраджэнне, захаванне і развіццё традыц.нар. мастацтва, нар.маст. промыслаў і рамёстваў, захаванне традыцый у галіне нар. творчасці. Вядзецца работа па вырабе прадметаў ткацтва, вышыўкі, ганчарства, разьбы па дрэве, саломапляцення, лозапляцення, перапрацоўкі лёну, прапагандуецца традыц. і сучасная нар. творчасць праз арганізацыю выставак, правядзенне экскурсій, удзел у кірмашах і аўкцыёнах. Клубы самадз. мастакоў і студыі выяўл. мастацтва ставяць за мэту выхаванне эстэт. густаў у дзяцей і моладзі, развіццё іх інтэлектуальных і творчых магчымасцей. Яны арганізоўваюць наведванне выставак прафес. мастакоў, творчыя сустрэчы з імі, вывучаюць стылі і кірункі выяўл. мастацтва, творчы і жыццёвы шлях знакамітых мастакоў і інш. На Беларусі (2000) 88 народных клубаў і студый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФАШЫ́ЗМ,
ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-за нац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФРЭЙДЫ́ЗМ,
кірунак у псіхалогіі і філасофіі 20 ст. Сфарміраваўся ў 1930-я г. ў выніку вылучэння з фрэйдызму. Найб. пашыраны ў ЗША. Гал. тэарэтыкі Х.Хорні, Г.Саліван, Э.Фром, А.Кардынер. У адрозненне ад К.Г.Юнга і А.Адлера, якія спрабавалі пераасэнсаваць вучэнне З.Фрэйда ў рамках псіхааналізу, прыхільнікі Н. стварылі вучэнне, якое базіравалася на псіхааналізе, амер. сацыялогіі і этналогіі. Яны адмовіліся ад фрэйдаўскага «біялагізму» (неўсвядомленае; вучэнне аблібіда і сублімацыі) і прызналі ролю сац. фактару ў развіцці асобы («сацыялагізацыя псіхалогіі»). Сац. фактар і сац. з’явы тлумачыліся ў пераламленні праз прызму свядомасці суб’екта (псіхалагізаваліся), у выніку чаго адхіляліся аб’ектыўныя заканамернасці. Праблема ўзаемаадносін суб’екта і аб’екта, асобы і асяроддзя разглядалася як простае прыстасаванне аднаго да другога. Своеасабліва тлумачылася і сама асоба. Напр., Саліван абсалютызаваў міжасобасныя адносіны (сітуацыі), дзе асоба разглядалася як міф — яна толькі сума адносін, што ўзнікаюць пад час зносін. Хорні, наадварот, не выключаў магчымасці «самарэалізацыі» асобы. У выніку крытычнага стаўлення да заходняй цывілізацыі Фром стварыў тэорыю «камунітарнага сацыялізму» і прапанаваў абстрактны і утапічны метад «сац. тэрапіі» амер. нацыі (неабходнасць «лячыць» грамадства ў цэлым, а не індывіда).
Літ.:
Уэллс Г. Крах психоанализа: От Фрейда к Фромму Пер. с англ.М., 1968;
Фромм Э. Человек для себя: Пер. с англ.Мн., 1997;
Яго ж. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),
рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.Бруна, Б.Спіноза, І.Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл.Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.Шэлінг і Г.Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.