ПЕТРАКАВЕ́Ц (Марк Іосіфавіч) (н. 10.4.1937, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне трыбалогіі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1959). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механіцы дыскрэтнага фрыкцыйнага кантакту і разліку высакахуткасных вузлоў трэння.

Тв.:

Трение и износ материалов на основе полимеров. М., 1976 (у сааўт.);

Механика дискретного фрикционного контакта. Мн., 1990 (разам з А.​І.​Свірыдзенкам, С.​А.​Чыжыкам);

Русско-белорусско-английский толковый словарь в области трения, изнашивания и смазки. Гомель, 1996 (разам з А.​В.​Халадзілавым, Т.​П.​Піліповіч).

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЧКО́ВА (Валянціна Цімафееўна) (н. 21.5.1939, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Пасля сканчэння студыі Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1958) працуе ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., камедыйных, вострахарактарных роляў. Створаныя ёй вобразы адметныя яркім знешнім малюнкам, пластычнай выразнасцю і псіхал. дакладнасцю характарыстык. Сярод роляў: Еўга Бабук («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Марфа («Улада цемры» Л.​Талстога), Цыепа («Вей, ветрык!» Я.​Райніса), Смеральдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Сойка («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.

Г.​П.​Маркіна.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Адам Пятровіч) (н. 11.7.1939, в. Асташкавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных н. (1975), праф. (1994). Скончыў Усесаюзны завочны політэхн. ін-т (1970). З 1977 у Гомельскім дзярж. ун-це (у 1979—87 і 1990—98 дэкан, у 1984—98 заг. кафедры). Навук. працы па ацэнцы ўплыву геал. будовы і гідрагеал. рэжыму Прыпяцкага прагіну на структуру геатэрмічных палёў, ролі тэхнагенных палёў у фарміраванні геаэкалагічных умоў тэр. Гомельскай агламерацыі. Удзельнічаў у геал. картаграфаванні тэр. Беларусі магнітна-тэлурычным метадам.

Тв.:

Физика Земли. Гомель, 1994;

Геофизические методы исследований: Гидрогеотермия. Гомель, 1994.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЦО́ВЫЯ КНІ́ГІ,

зводныя дакументы сістэматычных гасп. апісанняў у Расіі ў 15—17 ст. Служылі падставай для падатковага зямельнага абкладання (сошнага пісьма). П.к. 1581—93 былі асн. дакументамі, што вызначалі прыналежнасць сялян пэўнаму феад. ўласніку. П.к. складалі спец. камісіі з пісцоў і пад’ячых, якіх урад дасылаў з Масквы на месцы. Іх складанне вялося па гарадах (умацаванні, цэрквы, крамы, двары, насельніцтва і г.д.), паветах, станах, валасцях; асобна апісваліся кожнае сяло і вёска, ворная зямля, сенажаці, лясы. На Беларусі П.к. складаліся ў 1560—70-я г. на тэр. Полацкага ваяв., занятага рас. войскамі ў час Лівонскай вайны 1558—83.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі (Certhiidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 2 (4) роды, 17 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. Жывуць пераважна ў хваёвых і мяшаных лясах, гняздуюцца ў дуплах, трэшчынах ствалоў, пад карой. На Беларусі 2 віды роду Пішчуха (Certhia); звычайная (C. familiaris) — гняздуецца на ўсёй тэр., і караткапальцая (C. brachydactyla) — залётны від.

Даўж. да 17 см, маса да 30 г. Дзюба даўж. да 1,5 см, тонкая, загнутая ўніз. Хвост цвёрды, ногі дужыя, учэпістыя, з загнутымі кіпцюрамі. Кормяцца насякомымі, павукамі, насеннем. Нясуць да 9 яец двойчы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пішчухавыя. Пішчуха звычайная.

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВЫ ГАДАВА́ЛЬНІК,

участак зямлі ці гаспадарка, дзе вырошчваюць пасадачны матэрыял раянаваных і перспектыўных сартоў пладовых культур. Мае аддзяленні: размнажэння з участкамі пасяўным (школа сеянцаў), чаранковым, атожылкавым; фарміравання (школа саджанцаў); матачных насаджэнняў; дэкаратыўных і лясных парод. На Беларусі П.г. ў БелНДІ пладаводства, Гродзенскім занальным с.-г. ін-це, Лужаснянскім с.-г. тэхнікуме (Віцебскі р-н), Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Брэсцкай абл. доследнай станцыі, эксперым. базах «Русінавічы» (пас. Самахвалавічы, Мінскі р-н), «Руткевічы» (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), саўгасе «Зубкі» (Клецкі р-н Мінскай вобл.) і інш.

М.​Р.​Мялік, З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),

ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн. г. і завяршыўся 0,1 млн. г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.

А.​Ф.​Санько.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮШЧ (Hedera),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).

Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Плюшч звычайны.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯ́ШЧАНКА (Сяргей Іванавіч) (н. 20.10.1924, с. Шыраева Калачаеўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р вет. н., праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1951). З 1960 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (заг. аддзела), з 1992 у Бел. агр.-тэхн. ун-це. Навук. працы па гігіене с.-г. жывёл на фермах і прамысл. комплексах, спосабах умацавання прыродных ахоўных сіл арганізма і прафілактыцы стрэсаў у с.-г. жывёл.

Тв.:

Стрессы у сельскохозяйственных животных. М., 1987 (разам з В.​Ц.​Сідаравым);

Энергоресурсосбережение в животноводстве. Барановичи, 1998 (у сааўт.).

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас. р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)