АКАМПАНЕМЕ́НТ (франц. accompagnement),
музычнае суправаджэнне. 1) Партыі аднаго ці некалькіх інструментаў або пеўчых галасоў у ансамблі, падпарадкаваныя гал., сольнай партыі.
2) Кампанент муз. тканіны, які выконвае функцыю суправаджэння (інтанацыйна-меладычнага, рытмічнага, гарманічнага). Адрозніваюць монафанічны і поліфанічны (гарманічны) акампанемент, якія ў працэсе развіцця муз. творчасці набылі разнастайныя формы.
3) Выкананне муз. суправаджэння.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРЫКЯ́Н (Міхрдат Аванесавіч) (13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),
армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.
т. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНРЫО́ ((Hanriot) Франсуа) (1761—28.7.1794),
дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. У час тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.
т. 1, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭ́ [ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],
1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.
2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭСО́ЛЬ (франц. entresol),
1) верхні паўпаверх, убудаваны ў аб’ём асн. паверха; характэрны для асабнякоў і сядзібных дамоў 18—19 ст. Выкарыстоўваюцца і ў інтэр’ерах сучасных грамадскіх збудаванняў, музеяў, выставачных залаў, тэатральных, клубных і інш. будынкаў.
2) Верхняя частка пакоя, падзеленая на 2 паўпаверхі.
3) У сучасным жылым доме — паліца пад столлю кватэры.
т. 1, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫ,
племя ўсходніх германцаў. У першыя ст. н.э. прыйшлі з Балт. мора на Рэйн. У 406 засн. каралеўства з цэнтрам у Вормсе (у 436 знішчана гунамі). У 457 занялі басейн р. Рона, дзе заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Ліёне. У 6 ст. прынялі каталіцтва. У 534 падпарадкаваны франкамі. Пазней увайшлі ў склад паўд.-франц. народнасці.
т. 3, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРДЗІ́ЧАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Жытомірскай вобл. Засн. ў 15 ст. 91,6 тыс. ж. (1993). Чыг. вузел. Машынабудаванне (хім. абсталяванне, станкабудаванне і інш.), мэблевая, паліграф., харч. (мясная, цукр. і інш.) прам-сць. Крэпасць-манастыр кармелітаў (засн. ў 1627); касцёл, у якім у 1850 вянчаўся з Эвелінай Ганскай франц. пісьменнік А.Бальзак.
т. 3, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІЗО́Н (франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш. ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.
2) Войскі (падраздзяленні), што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́ГРАФА ЗАЛІ́Ў (Geographe Bay),
заліў у Індыйскім ак., каля паўд.-зах. берага Аўстраліі. Даўж. каля 65 км. Глыб. да 27 м. Упадае р. Васа. Прыбярэжная прастора занята водмелямі і рыфамі. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Парты Банберы і Баселтан. Адкрыты ў 1801 і названы ў гонар карабля франц. экспедыцыі Н.Бадэна «Географ».
т. 5, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),
рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.
т. 5, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)