ДРЫСВЯ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1908 у в. Дрысвяты (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). У плане падоўжаная па восі ўсход—захад 4-часткавая кампазіцыя: званіца, трапезная, 5-купальны асн. аб’ём, 5-гранная апсіда. Ступеньчатая форма званіцы з паўкруглымі закамарамі, якімі завяршаецца верхні ярус, філёнгавыя пілястры асн. аб’ёму, актыўна прафіляваныя карнізы ствараюць цікавы арх. вобраз.

Дрысвяцкая царква.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МШЧЫНА,

частка тэр. Рус. дзяржавы, вылучаная Іванам IV Васілевічам у сувязі з апрычнінай. Цэнтр — Масква. Мела асобнае кіраванне (Баярскую думу, мясц. прыказы), войскі. У З. ўваходзілі пераважна ўскраінныя землі: пермскія, вяцкія, парубежныя і северскія гарады, Сярэдняе Паволжа, раёны Старадуба і Абаленска, вобласці Ноўгарада і Пскова, Разань, Вял. Лукі, Цвер, Уладзімір, часткова Масква. Пасля рэарганізацыі апрычніны (1572) З. і апрычныя землі паступова зліліся.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н Ю́Р’ЕВІЧ,

князь тураўскага роду Ізяславічаў у 12 ст. Сын кн. Юрыя Яраславіча. Ва Уваскрасенскім летапісе ўпамінаецца пад 1167, у Густынскім — пад 1168. Разам з інш. рус. князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1170 дапамагаў кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. Верагодна, валодаў адным з удзелаў Тураўскай зямлі.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИСКУ́ССТВО»,

часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.Малевіч, М.Кунін, крытыкі А.Ром, П.Мядзведзеў, дырыжор М.Малько, паэт М.Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. canonizō узаконьваю),

у каталіцтве і праваслаўі акт прылічэння тых ці інш. асоб да святых. Ушаноўванне святых пачалося ў перыяд станаўлення хрысц. культу, пэўны парадак К. ўведзены ў 10 ст. Кананізацыйныя працэсы працягваюцца і ў наш час. У Рус. правасл. царкве пытаннямі К. займаецца спец. камісія, прапановы якой разглядаюцца і па іх прымаюцца рашэнні Памесным саборам. Гл. таксама Святыя Беларусі.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж Карэйскім п-вам і а-вамі Японскага архіпелага (Ікі, Кюсю і паўд.-зах. канцавой ч. Хонсю). Злучае Японскае і Усх.-Кітайскае моры. Даўж. 324 км, найменшая шыр. 180 км, найменшая глыб. на фарватэры 73 м. А-вамі Цусіма падзяляецца на 2 праходы: Усходні і Заходні. У час рус.-яп. вайны ў К.п. ў 1905 адбылася Цусімская бітва.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КИНОНЕДЕ́ЛЯ МИ́НСКА»,

інфармацыйна-рэкламная штотыднёвая газета. Выходзіць з 1959 у Мінску на рус. і бел. мовах. Змяшчае анатацыі і рэпертуар кінафільмаў, якія дэманструюцца на экранах кінатэатраў горада, знаёміць з выканаўцамі роляў і аўтарамі фільмаў. Вылучае рэпертуар для дзяцей і фільмы, тэматычна прымеркаваныя да знамянальных дат рэспублікі, фестываляў і дэкад. Асвятляе праблемы развіцця айч. і сусв. кінамастацтва і відэапрадукцыі, сучаснага тэатр. мастацтва.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Валянціна Міхайлаўна) (н. 1.7.1951, в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1988). Вучылася ў Маладзечанскім муз. вучылішчы (1976—79). З 1969 салістка Дзярж. акад. нар. хору Рэспублікі Беларусь. Выконвае адказныя сола ў бел. нар. песнях («Як пайду я дарогаю», «Вясельная сюіта», «Купальская сюіта», «Із дасадушкі», «Вінаград зацвітае»), творах бел. і рус. кампазітараў, духоўнай музыкі.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГА́ЗЫН ПО́ЛЬСКІ»

(«Magazyn polski», «Часопіс польскі»),

штоквартальны часопіс; орган Саюза палякаў ў Беларусі. Выдаецца з 1992 у Гродне на польск. мове (лісты чытачоў друкуюцца на бел. і рус. мовах). Асвятляе пытанні гіст., культ. развіцця Беларусі, ВКЛ, некаторыя аспекты міжнац. адносін на тэр. сучаснай Беларусі. Змяшчае матэрыялы пра сусветна вядомых дзеячаў навукі, гісторыі Беларусі. Публікуе маст. творы бел. і замежных пісьменнікаў.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЧЭ́НСКАЯ (Людміла Рыгораўна) (н. 29.5.1937, с. Іванаўскае Істрынскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). Настаўнічала. З 1969 выкладае ў БДУ. Навук. працы па сацыялінгвістыцы, гісторыі рус. і бел. моў, іх узаемаадносінах. Аўтар манаграфіі «Як беларусы гавораць па-руску? Варыянты роду назоўнікаў у рускім маўленні беларусаў» (1992), шматлікіх артыкулаў.

І.К.Германовіч.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)