рачны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ракі. Рачная вада. Рачны бераг. Рачны пясок. □ Вопратка на людзях была мокрая, забруджаная, з прыліпшай да яе зямлёй, торфам, рачным глеем. Шамякін. // Які жыве ў рацэ. Рачная рыба. Рачны акунь.

2. Прызначаны для плавання па рацэ, звязаны з работай на рацэ. Рачны транспарт. Рачны вакзал. Рачны млын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплаўны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да сплаву ​2. У сплаўны сезон .. [бацька] наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам. Бядуля. // Які дастаўляецца сплавам; такі, што сплаўляюць. Сплаўны лес. □ [Людзей] правялі .. да берага ракі, устаўленага штабялямі дроў, сплаўнога бярвення. Лынькоў. // Прыгодны для сплаву; прызначаны для яго. Сплаўная рэчка. □ Мінаваўшы яшчэ адну сплаўную прыстань, мы выплылі на шырокі плёс. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

1. Разм. Жан. да таптун.

2. Адзін з відаў рыбалоўнай сеткі. У Куранях ракі .. не было, і снасць тут у людзей трымалася свая, балотная: лазовыя баўтухі, лазовыя таптухі, венцяры... Мележ. Калісьці ж вось тут у лазе Таптухі мы ставілі самі, Ішлі асцярожна ў вадзе. Нясмела тапталі нагамі. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.​Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.​Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.​Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РКА (італьян. barca),

1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т. 2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),

іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.​Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.​Багун, В.​Вольскі, Т.​Кляшторны, М.​Танк і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1977.

Х.-К.​Папок.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА (Ліна Васілеўна) (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

украінская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.​Аколава, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, У.​Карызна, В.​Коўтун, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, Я.​Сіпакоў, Я.​Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1987.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1989.

Літ.:

Брюховецький В. Ліна Костенко. Київ, 1990.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎПІ́ТА,

рака у Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл. і на мяжы Чачэрскага і Веткаўскага р-наў Гомельскай вобл. з Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 549 км². Пачынаецца каля паўн.-зах. ускраіны в. Грозны Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. да 1 км. Схілы спадзістыя і адкрытыя, у ніжнім цячэнні сярэднестромкія, парослыя лесам, выш. да 10 м. Пойма двухбаковая, на вялікім працягу нізкая, забалочаная, шыр. да 500 м. Рэчышча на працягу амаль 12 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Шыр. ракі ў межань 6—10 м. Берагі стромкія, выш. да 1 м. Асн. прыток р. Дарагоўша (злева) у Расіі. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЎ (Narew),

рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р. Зах. Буг (бас. р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс. км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦДА́РМ (ад франц. place d’armes плошча для збору войск),

1) тэрыторыя сваёй або інш. краіны, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўварвання на тэр. інш. дзяржавы ў якасці базы для згрупавання і разгортвання войск (напр., тэр. Саудаўскай Аравіі была П. пры вызваленні Кувейта ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні», гл. Кувейцкі крызіс 1990—91).

2) Участак тэр., якім авалодалі наступаючыя войскі пры фарсіраванні воднай перашкоды або процілеглага берага, што ўтрымліваецца адступаючымі войскамі пры адыходзе [напр., у Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 сав. войскі пасля фарсіравання р. Дняпро на фронце 750 км ад Лоева (Беларусь) да Запарожжа (Украіна) занялі на правым беразе ракі больш за 20 П., з якіх потым працягвалі наступленне на З.].

3) Участак мясцовасці на марскім узбярэжжы, захоплены пры правядзенні марской дэсантнай аперацыі з мэтай забеспячэння высадкі і разгортвання гал. сіл (напр., Нармандская дэсантная аперацыя 1944).

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)