ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электраўстаноўка, якая ўключае трансфарматары, размеркавальныя ўстройствы, выпрамнікі току, інш. абсталяванне і прылады. Прызначана для павышэння або паніжэння напружання пераменнага эл. току (трансфарматарная падстанцыя), пераўтварэння яго па частаце і колькасці фаз (пераўтваральная падстанцыя), размеркавання эл. энергіі аднаго напружання паміж спажыўцамі (размеркавальны пункт). На гар. электратранспарце і электрыфікаваных чыгунках выкарыстоўваюцца цягавыя падстанцыі. У мясц. электрычных сетках пашыраны камплектныя трансфарматарныя падстанцыі (КТП).

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дука́т

(іт. ducato)

даўнейшая сярэбраная, затым залатая манета, якая з’явілася ў 13 ст. у Венецыі, а пасля чаканілася ў многіх краінах Еўропы; на тэрыторыі Беларусі ў 14—16 ст. найбольш пашыраны быў венгерскі д.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

максілапо́ды

(н.-лац. maxillapoda, ад лац. maxilla = сківіца + гр. pus, podos = нага)

падклас ракападобных; пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах; жывуць свабодна, прымацаваныя да субстрату, ёсць паразіты, драпежнікі; састаўная частка зоапланктону, корм для рыб.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эўбактэ́рыі

(н.-лац. eubacteriales)

парадак бактэрый, для якіх характэрна наяўнасць усіх тыповых прыкмет пракарыётаў, тыповымі прадстаўнікамі з’яўляюцца псеўдаманады, энтэрабактэрыі, бацылы, спірылы і інш.; пашыраны ў вадзе і глебе, некаторыя паразіты раслін, жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.​А.​Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс. км². Праз паўн. ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.

У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.

Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн. ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб. р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.

У.​Я.​Навуменка.

Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВО́ЙНІК (Periploca),

род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.​Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).

Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.

Абвойнік грэчаскі.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.​Мальпігі і А.​Валіснеры, швейцарскія Ш.​Банэ і А.​Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІЯТЫ́ТЫ (Goniatitidae),

атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.

Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.

Літ.:

Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;

Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІКАПРЫЁН (Helicoprion),

род выкапнёвых жывёл кл. акулападобных рыб. Вядома некалькі відаў. Былі пашыраны ў морах ранняй пярмі на тэр. Прыўралля, Японіі, Ірана, Аўстраліі, Шпіцбергена, ЗША. Апісаны рус. вучоным А.​П.​Карпінскім (1899).

Сярэдні (сімфізны) рад зубоў ніжняй сківіцы зліваўся ў спіраль з 2—3 абаротаў (адсюль назва), высоўваўся з рота наперад і загінаўся звонку ў асаблівую храстковую поласць. Паводле вызначэння рэшткаў гелікапрыёну праводзяцца стратыграфічныя і палеаграфічныя даследаванні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСКРЫ́ЛЫЯ НАСЯКО́МЫЯ, аптэрыготы (Apterygota),

раздзел найбольш стараж. насякомых. Вядомы з адкладаў сярэдняга дэвону. 1 атрад — шчацінахвосткі. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Звычайна вільгацелюбівыя; жывуць скрытна — у лясным подсціле, глебе, пад карой дрэў, у гнілой драўніне і інш.

Цела даўж. да 2 см, верацёнападобнае. Спіна ўкрыта тонкімі лускавінкамі. 3 пары грудных ног, у некат. відазмененыя брушныя канечнасці — цэркі. Кормяцца глебавым дэтрытам, пылком кветак і інш.; некат. драпежнікі.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)