стэфа́нія

(н.-лац. stephania, ад гр. stephanos = вянок)

ліяна, якая пашырана ў трапічных і субтрапічных горных раёнах Паўд. Кітая, Японіі, Бірмы, В’етнама, Індыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фармі́дыум

(н.-лац. phormidium)

ніткаватая сіне-зялёная водарасць сям. асцыляторыевых, якая пашырана ў вадзе, на глебе і ў глебе, на скалах і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ха́ра

(н.-лац. chara, ад лац. chara = дзікая капуста)

мнагаклетачная водарасць сям. харавых, якая пашырана ў чыстых прэсных і саланаватых вадаёмах рознага тыпу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цыклатэ́ла

(н.-лац. cyclotella)

аднаклетачная каланіяльная дыятомавая водарасць сям. таласіязіравых, якая пашырана пераважна ў планктоне прэсных, радзей саланаватых вадаёмаў, вельмі рэдка ў морах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эўно́цыя

(н.-лац. eunotia)

аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. эўноцыевых, якая пашырана пераважна ў прэсных водах, бедных вапнай, сярод вільготных імхоў, на мокрых схілах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.​С.​Цітоў.

Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЗАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).

На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.

Н.​І.​Жураўская.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кі́ві

(палінез. kivi)

птушка групы бескілявых з кароткімі моцнымі нагамі, доўгай гібкай дзюбай і неразвітымі крыламі; пашырана ў Новай Зеландыі; жыве ў густых зарасніках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

зе́бу

(фр. zébu, ад тыбецк. zeba)

свойская буйная рагатая жывёла з невялікім тлушчавым гарбом на карку, якая пашырана ў Азіі, Афрыцы і Паўд. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

абстру́кцыя

(лац. obstructio = перашкода)

від пратэсту, метад барацьбы, дзеянні, учынкі асоб ці калектываў, накіраваныя на зрыў якога-н. мерапрыемства, прапановы; найбольш пашырана ў парламентах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)