ВЫ́БАРЧАЯ АКРУ́ГА,
асноўнае звяно тэр. арг-цыі насельніцтва краіны для правядзення выбараў прадстаўнічых органаў улады, кіраўніка дзяржавы. Ад кожнай акругі выбіраецца ўстаноўленая законам колькасць дэпутатаў (норма прадстаўніцтва). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. Акругі ствараюцца Цэнтральнай і тэр. выбарчымі камісіямі па прадстаўленні адпаведных Саветаў з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і з улікам адм.-тэр. падзелу. Тэр. выбарчай акругі захоўваецца нязменная на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Выбарчыя акругі на Беларусі падзяляюцца на выбарчыя ўчасткі.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАША́НКА,
рака ў Мсціслаўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Проня (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 146 км². Пачынаецца за 1,3 км на Пн ад в. Басценавічы Мсціслаўскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй скрынка- і трапецападобная, шыр. ад 150 м у верхнім цячэнні да 1,3 км у ніжнім. Схілы стромкія і сярэдне стромкія, парэзаныя ярамі і далінамі. Пойма перарывістая, шыр. 100—800 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 4,4 км.
т. 8, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ВІНКА, Ніжняя Крывіна,
рака ў Сенненскім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 637 км². Выцякае з воз. Багданаўскае за 500 м на ПнУ ад в. Запруддзе Сенненскага р-на. Цячэ па Чашніцкай раўніне. Даліна да в. Асавец (Бешанковіцкі р-н) невыразная, ніжэй шыр. 200—500 м. Пойма забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу каля 20 км каналізаванае, яго шыр. ў ніжнім цячэнні да 15 м. Асн. прыток р. Бярозка (справа).
т. 8, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛІ́ЗМ (ад лац. mobilis рухомы),
геалагічная гіпотэза, якая дапускае вялікія (да некалькі тысяч кіламетраў) гарызантальныя перамяшчэнні буйных пліт літасферы на працягу геал. часу. Тэрмін уведзены швейц. геолагам Э.Арганам (1924). М. супрацьпастаўляўся канцэпцыі фіксізму (гл. Тэктанічныя гіпотэзы). Навук. тэорыя М. распрацавана ў 1910—12 амер. вучоным Ф.Тэйларам і ням. геафізікам А.Вегенерам (гл. Вегенера гіпотэза). Сучасны варыянт М., т.зв. тэктоніка пліт або новая глабальная тэктоніка, заснавана на выніках даследаванняў рэльефу дна акіяна і магнітных анамалій яго парод і на даных палеамагнетызму.
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВІ́ША,
рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 328 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнУ ад в. Мякішы, цячэ ў межах Лідскай раўніны, упадае ў р. Котра на У ад хут. Зубраўка. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—600 м, у ніжнім цячэнні перасечаная старыцамі. Пойма двухбаковая, у ніжнім цячэнні пад хмызняком. Рэчышча на працягу 27 км ад вытоку каналізаванае. Каля в. Кронькі сажалка.
т. 11, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАРО́ТВА,
рака ў Навагрудскім і Баранавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Моўчадзь (бас. р. Нёман). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 150 км². Пачынаецца з воз. Свіцязь у Навагрудскім р-не, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв., упадае ў р. Моўчадзь на Пн ад в. Моўчадзь Баранавіцкага р-на. Даліна трапецападобная, шыр. 1—1,5 км, у верхнім цячэнні 400—800 м. Пойма двухбаковая (шыр. 100—500 м), у сярэднім цячэнні забалочаная, у вытокавай частцы пад лесам. Рэчышча на працягу 9,1 км каналізаванае.
т. 14, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЕРДЗЬ.
Смерць, рака ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 502 км². Пачынаецца ад зліцця 2 каналаў за 1,5 км на ПнЗ ад в. Міжлессе, вусце за 4 км на ПдЗ ад в. Лахаўка. Цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Даліна невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма высокая, месцамі забалочаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча каля вытоку каналізаванае і зарэгулявана шлюзам, на астатнім працягу звілістае, шыр. 5—10 м, у ніжнім цячэнні да 15 м.
т. 15, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫМБАЛІ́СТ (Zimbalist) Яфрэм Аляксандравіч (9.4.1889, г. Растоў-на-Доне, Расія — 1985),
амерыканскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучань Л.Аўэра. Канцэртаваў з 1907. З 1911 у ЗША. З 1928 выкладаў у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (у 1941—68 дырэктар і праф.). Ігра вылучалася тонкім артыстызмам і інтэлектуалізмам. Аўтар оперы «Ландара» (паст. 1956), муз. камедыі «Нектар» (паст. 1920), канцэртаў, арк. і камерных твораў, п’есы для скр. з фп. і інш. Складальнік школы ігры на скрыпцы «Штодзённыя практыкаванні на працягу гадзіны» (1918). Сярод вучняў Ш.Ашкеназі.
т. 17, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАХРАМАЦІ́Н (ад гетэра... + храмацін),
участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.
т. 5, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БІН ЯР,
урочышча на паўн.-зах. ускраіне Кіева, месца масавай загубы ў 1941—43 ням. фашыстамі мірнага насельніцтва і сав. ваеннапалонных. На працягу 1941—43 у Бабіным яры забіта каля 100 тыс. чал., пераважна яўр. нацыянальнасці. Толькі паводле афіц. ням. звестак 29—30.9.1941 у Яры расстраляны 33 771 яўрэй. У 1976 у раёне Бабінага яра ўзведзены манумент ахвярам фашызму. Да тэмы Бабінага яра звярталіся многія дзеячы мастацтва, у т. л. І.Эрэнбург, Я.Еўтушэнка, А.Кузняцоў, Дз.Шастаковіч.
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)