1. Чалавек, які зрабіў подзвіг, робіць подзвігі. Герой грамадзянскай вайны. Слава героям. □ Народ таго заве героем, хто б’е фашыстаў смертным боем.З нар.
2. Галоўная дзеючая асоба літаратурна-мастацкага твора. Героі рамана. Героі апавяданняў Коласа. Герой кінааповесці.
3.чаго. Чалавек, які з’яўляецца тыповым прадстаўніком пэўнай эпохі, асяроддзя. Герой нашага часу.
4.чаго. Пра таго, хто чым‑н. вылучыўся, звярнуў на сябе ўвагу. Герой дня. Героі пяцігодкі. □ Героя працы — бацьку, машыніста Насіла моладзь на руках.А. Александровіч.
Герой Савецкага Саюза — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР за выключную доблесць і гераізм.
Герой Сацыялістычнай Працы — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР за выдатныя дасягненні ў галіне народнай гаспадаркі і культуры.
[Грэч. hērōs.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддзе́л, ‑а, м.
1. Падраздзяленне ў структуры якой‑н. установы або прадпрыемства. Аддзел кадраў. Планавы аддзел. Раённы аддзел народнай асветы.
2. Адна з частак, на якія падзяляецца што‑н. цэлае на аснове пэўных прыкмет. Аддзелы галаўнога мозгу.
3. Састаўная частка чаго‑н. (магазіна, музей, выстаўкі), дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Аддзел беларускага жывапісу. Галантарэйны аддзел.
4. Раздзел у навуцы, прысвечаны пэўнаму колу пытанняў. Генетыка — аддзел біялагічнай навукі.// Раздзел у газеце або часопісе, у якім змяшчаюцца артыкулы, аб’яднаныя тэматычна. Літаратурна-крытычны аддзел газеты.
5.Уст. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім, канцы водруба.Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне.Аўрамчык.// Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір.Лынькоў.
2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны.Колас.Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі.Брыль.Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол.Самуйлёнак.
3.Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.
4.узнач.наз.ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае.Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́ктар, ‑а, м.
1. Частка круга, абмежаваная дугой і двума радыусамі. Плошча сектара.
2. Частка якой‑н. плошчы, абмежаваная радыяльнымі лініямі. Сектар стадыёна. □ Усё відаць: на мушцы аўтамата ўвесь сектар абстрэлу — шэрая брукаваная істужка шаша.Грамовіч.
3. Аддзел установы, арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю. Сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Бытавы сектар прафкама. □ Лаўрэнцеў узначаліў у камітэце камсамола сектар па абароне правоў моладзі.«Маладосць».
4. Частка народнай гаспадаркі, якая мае пэўныя эканамічныя і сацыяльныя адзнакі. Калгасны сектар у сельскай гаспадарцы.
5.Спец. Участак сістэмы кіравання самалёта, карабля і пад. Капітану здалося, што ён ужо на старце, выруліў на той новай машыне. У навушніках шлема-фона пачулася каманда камандзіра палка. Крануў сектар газу і пайшоў на ўзлёт.Алешка.
[Лац. sector.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КА́РСКІ Яўхім Фёдаравіч (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД 1917, Першы Усебеларускі кангрэс,
першы ў гісторыі агульнанацыянальны прадстаўнічы форум бел. народа. Адбыўся 5—18(18—31)12.1917 у Мінску. Скліканы Вялікай беларускай радай (ВБР) і Беларускім абласным камітэтам (БАК) для вызначэння дзярж.-паліт. і нац.-культ. статусу Беларусі ва ўмовах паскоранага Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 працэсу распаду Рас. дзяржавы і перад пагрозай страты зах. часткі Беларусі (акупіравана Германіяй у 1915) у выпадку ажыццяўлення ініцыіраванага бальшавікамі выхаду Расіі з 1-й сусв. вайны. У рабоце з’езда ўдзельнічалі 1872 дэлегаты, у т. л. 1167 з правам рашаючага і 705 з правам дарадчага голасу. Каля 2/3 дэлегатаў накіраваны цывільнымі арг-цыямі, больш за 1/3 — вайскоўцамі. Арганізац. кіраўніцтва з’ездам ажыццяўляў прэзідыум на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім [да 14(27).12.1917], потым з І.М.Серадой. Для аператыўнага разгляду паліт. пытанняў была сфарміравана Рада старэйшын з’езда (Рада з’езда) у складзе прэзідыума і прадстаўнікоў ад розных груп дэлегатаў (усяго каля 60 чал.). Пераважная большасць з’езда была захоплена сацыяліст. ідэяй (у тым або інш. варыянце), галасы асобных лібералаў патаналі ў хоры радыкалаў і сацыялістаў, а кансерватыўныя погляды практычна не выявіліся. З’езд разгледзеў шырокі спектр найважнейшых праблем жыцця тагачаснага бел. грамадства. Падыходы з’езда да эканам. і сац.-культ. праблем неслі на сабе адбітак сацыяліст. прыхільнасцей большасці дэлегатаў. У рэзалюцыях секцый і камісій гучала ідэя сац. справядлівасці, сцвярджалася неабходнасць забяспечыць роўнасць паміж індывідамі, групамі насельніцтва і цэлымі народамі. Прадугледжвалася арганізацыя нар. кантролю над вытворчасцю і гандлем, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня ў прам-сці і сельскай гаспадарцы. Асн. прынцыпам агр. рэформы меркавалася бязвыплатная перадача ўсей зямлі ў рукі працоўнага сялянства. Прапаноўвалася ўвесці ўсеаг. бясплатную адукацыю, заснаваць Бел.ун-т, пашырыць сетку тэхн.навуч. устаноў. Адзначаючы немэтазгоднасць кардынальнай ломкі моўнай сітуацыі ў Беларусі, што вызначалася моцнымі пазіцыямі рус. мовы як афіцыйнай, дэлегаты выказваліся за спрыянне развіццю бел.літ. мовы і павышэнне яе грамадскага статусу. Гарантыю выканання сваіх пастаноў з’езд бачыў у неадкладнай арганізацыі бел. войска. На з’ездзе разгарнуліся вострыя дэбаты наконт выбару аптымальнай формы самавызначэння: прадстаўнікі ВБР прапаноўвалі абвясціць Беларусь раўнапраўнай рэспублікай у складзе агульнарас. федэрацыі народаў і краёў, а лідэры БАК лічылі такую прапанову занадта радыкальнай і небяспечнай. У выпрацаванай Радай з’езда кампраміснай формуле арганізацыі ўлады гаварылася: «Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і сцвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі, для выратавання роднага краю і засцярогі яго ад падзелу і адрыву ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, 1-ы Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са складу з’езда орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў». Гэта фармулёўка ўключала матыў Бел. рэспублікі, але наймення такога не ўтрымлівала і была аднагалосна ўхвалена дэлегатамі. Усебел. Савету сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў даручалася забяспечыць найхутчэйшае скліканне Бел. Устаноўчага сходу, каб канчаткова замацаваць легітымны характар самавызначэння Беларусі і стварыць пастаянныя органы ўлады. Сфармуляваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці не адпавядала імкненням бальшавікоў Зах. фронту ўстанавіць сваю манаполію на ўладу ў Беларусі. Кансалідацыя з’езда азначала правал бальшавіцкай тактыкі на яго раскол. У выніку па загадзе Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту з’езд у ноч на 18(31).12.1917 быў разагнаны ўзбр. салдатамі. Гэта сілавая акцыя абарвала найб. паўнавартасны шлях пабудовы бел. дзяржаўнасці, але не перапыніла працэс нац.-дзярж. самасцвярджэння беларусаў. Рада з’езда і сфарміраваны ёй 21.12.1917 (3.1.1918) Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда перайшлі на нелегальнае становішча. Пасля эвакуацыі з Мінска ў лют. 1918 бальшавікоў на аснове гэтых органаў былі ўтвораны паліт. структуры Беларускай Народнай Рэспублікі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики: (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917—декабрь 1918 г.). Мн., 1975;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Езавітаў К. Першы Усебеларускі кангрэс // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС), Беларуская самаахова,
ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял.Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал.ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач.жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,
разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл.Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.Мяскоўскі, І.Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.
На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв.«Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.Аладаў, Ю.Бяльзацкі, Дз.Лукас, П.Падкавыраў, С.Палонскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.Абеліёвіч, У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, А.Гураў, У.Дамарацкі, Я.Дзягцярык, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, Э.Казачкоў, С.Картэс, А.Клеванец, І.Кузняцоў, І.Лучанок, А.Мдывані, У.Палуэктаў, У.Прохараў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, Р.Сурус, В.Сярых, К.Цесакоў, Л.Шлег і інш.
Літ.:
Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,
жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),
якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт.Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.Ф.Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш.бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.І.Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.С.Мяцельскай і Я.М.Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт.Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.М.Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.І.Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.М.Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.У.Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.Ф.Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.В.Абабуркі (1979), і інш.
Літ.:
Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦО́Ў Макар (сапр.Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-вабел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Жылкі, К.Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.Луцкевіча, А.Астрамовіча, П.Крачэўскага, А.Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.Гогаля, М.Горкага, М.Зошчанкі, А.Купрына, М.Лермантава, А.Міцкевіча, Л.Талстога, Г.Сянкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;
Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.