ЛУКІ́РСКІ (Пётр Іванавіч) (13.12.1894, г. Арэнбург, Расія — 16.11.1954),

расійскі фізік-эксперыментатар, адзін з стваральнікаў эмісійнай электронікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1918 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це і адначасова з 1943 у Радыевым ін-це АН СССР, праф. Ленінградскага ун-та (з 1928) і політэхн. ін-та (з 1945). Навук. працы па фіз. электроніцы, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў, ядз. фізіцы. Аўтар шэрагу эксперым. метадаў даследавання (метад сферычнага кандэнсатара, іанізацыйны метад вызначэння кантактавых патэнцыялаў і інш.). Эксперыментальна пацвердзіў ураўненне Эйнштэйна для фотаэфекту і ўдакладніў значэнне пастаяннай Планка (1926). Выканаў грунтоўныя даследаванні электроннай эмісіі з паверхні тонкіх метал. плёнак, што прывяло да стварэння спец. фотакатодаў (1937).

Літ.:

П.​И.​Лукирский. М., 1959;

Физики о себе. Л., 1990. С. 192—199.

П.І.Лукірскі.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУШЧЫ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (20.1.1907, в. Агароднікі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 9.9.1973),

бел. філосаф. Чл.-кар. АН Беларусі (1969). Д-р філас. н. (1952), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1930). З 1934 у АН Беларусі, з 1947 нам. дырэктара, дырэктар, заг. сектара Ін-та філасофіі і права. З 1953 заг. кафедры БДУ. Даследаваў гісторыю філас. і сацыялагічнай думкі, грамадскія ідэі ў вуснай нар. творчасці. У працы «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958) і інш. прааналізаваў светапогляды К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, інш. дзеячаў нац.-вызв. руху, бел. культуры.

І.М.Лушчыцкі.

Тв.:

Общественная мысль в период восстания 1863 г. Кастусь Калиновский // Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (27.11. 1909, г.п. Мішаронскі Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. — 7.7.1967),

расійскі матэматык; адзін са стваральнікаў агульнай тэорыі мадэлей. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). З 1932 у Іванаўскім пед. ін-це (з 1943 праф.), адначасова з 1942 у Матэм. ін-це АН СССР; з 1960 у Ін-це матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР і Новасібірскім ун-це. Навук. працы па матэм. логіцы, тэорыі груп, тэорыі кольцаў і лінейнай алгебры, тэорыі алгарытмаў. Даследаванні М. далі пачатак сістэматычнаму выкарыстанню метадаў матэм. логікі ў алгебры. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1976;

Алгоритмы и рекурсивные функции. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

А.И. Мальцев // Успехи мат. наук. 1968. Т. 23, вып. 3.

А.І.Мальцаў.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (26.4.1888, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1983),

расійскі астраном і гравіметрыст. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911), дзе і працаваў з 1914 (у 1918—48 праф.). З 1947 у Гал. астр. абсерваторыі АН СССР (да 1964 дырэктар). У 1939—62 старшыня Астр. савета АН СССР, у 1934—60 прэзідэнт Усесаюзнага астранома-геад. т-ва. Навук. працы па тэорыі зацьменняў, тэорыі фігуры Зямлі, складанні зорных карт і каталогаў. Распрацаваў тэорыю зацьменняў Сонца, перадвылічыў абставіны 8 зацьменняў, праходжання планет па дыску Сонца, пакрыцця зорак Месяцам і інш. Удзельнік многіх гравіметрычных даследаванняў і экспедыцый па назіранні сонечных зацьменняў.

Тв.:

Теория затмений. 2 изд. М., 1954;

Звездный атлас, содержащий звезды до 8,25 величины. 3 изд. Л., 1969.

Аляксандр Аляксандравіч Міхайлаў.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ (Анатоль Арсеньевіч) (н. 27.5.1939, г.п. Заметчына Пензенскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. з 1989). Д-р філас. н. (1986), праф. (1988). Чл. Еўрапейскай АН і Мастацтваў (1993). Скончыў БДУ (1961). У 1966—74 і з 1980 у БДУ (з 1987 заг. кафедры). У 1974—80 у Цэнтры сац. развіцця і гуманіт. спраў (Нью-Йорк — Вена). З 1992 рэктар Еўрап. гуманітарнага ун-та. Навук. працы па гісторыі філасофіі, сучаснай зах. філасофіі і метадалогіі гуманіт. ведаў. Прааналізаваў радыкальныя пераўтварэнні ў філасофіі 20 ст. ў сувязі з узнікненнем і развіццём філасофіі жыцця, фенаменалогіі, экзістэнцыялізму, фундаментальнай анталогіі і герменеўтыкі.

Тв.:

Современная философская герменевтика. Мн., 1984;

Проблема «субъективности» в фундаментальной антологии М.​Хайдеггера // Проблема сознания в современной западной философии. М., 1989;

Martin Heidegger und siene «Kehre». lena, 1966.

А.А.Міхайлаў.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 3.11.1936, в. Індыкава Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне прамянёвай дыягностыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р мед. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1961). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па візуалізацыйнай дыягностыцы (з выкарыстаннем рэнтгеналагічнага і ультрагукавога даследаванняў, камп’ютэрнай, магнітна-рэзананснай тамаграфій і інш.) у распазнаванні захворванняў органаў стрававання, руху, сардэчна-сасудзістай сістэмы, ахове ад іанізацыйнага выпрамянення. Вызначыў асн. заканамернасці ў развіцці парушэнняў функцый стрававальнага тракту, распрацаваў спосабы даследавання кішэчніка і яго функцыян. стану, вывучыў механізмы развіцця дыскінезій і прапанаваў шляхі іх лек. карэкцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;

Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн., 1994;

Руководство по медицинской визуализации. Мн., 1996.

А.М.Міхайлаў.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙДЗЁНАЎ (Мікалай Васілевіч) (10.4.1886, Масква — 19.6.1945),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), д-р с.-г. н. (1938), праф. (1922). Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1911). З 1911 у Горы-Горацкім с.-г. вучылішчы, з 1922 у БСГА. З 1943 у АН Беларусі (у Маскве), з 1944 у Кішынёўскім с.-г. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па метадах вырошчвання маладняку буйн. раг. жывёлы ў розных умовах, нормах і рацыёнах кармлення с.-г. жывёл, матэм. метадах аналізу біялогіі росту маладняку буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Закономерности в росте молодняка крупного рогатого скота и свиней // Зап. Бел. гос. акад. сел. хоз-ва. Горки, 1928. Т. 7;

Аналитическая формулировка кормовых норм // Тр. Бел. с.-х. ин-та. Горки, 1939. Т. 6, вып. 2.

М.В.Найдзёнаў.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІ́ЎКІН (Дзмітрый Васілевіч) (13.8.1889, С.-Пецярбург — 2.3.1982),

расійскі геолаг і палеантолаг. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1933). Замежны член Сербскай АН (1968). Скончыў Горны ін-т у Петраградзе (1915), з 1920 праф. гэтага ін-та. У 1946—51 старшыня Прэзідыума Туркм. філіяла АН СССР, у 1946—52 дырэктар Лабараторыі азёразнаўства АН СССР. Навук. працы па стратыграфіі, палеанталогіі, палеагеаграфіі палеазою і карысных выкапнях Урала, Сярэдняй Азіі, Усх.-Еўрап. платформы, па вывучэнні фацый і інш. Кіраваў складаннем геал. карт СССР. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1946. Залаты медаль імя М.​М.​Пржавальскага 1927. Залаты медаль імя А.​П.​Карпінскага АН СССР 1949.

Тв.:

Учение о фациях: Геогр. условия образования осадков. Т. 1—2. М.; Л., 1955—56;

Геология СССР. М.; Л., 1962;

Ураганы, бури и смерчи. Л., 1969.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 20.3.1938, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі матэматык. Акад. АН Расіі (1981; чл.-кар. 1966). Сын П.С.Новікава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960) і працаваў у ім. З 1963 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова (з 1983 заг. аддзела), з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Расіі. Навук. працы па геаметрыі і тапалогіі, тэорыі салітонаў і агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў тапалагічную інварыянтнасць характарыстычных класаў Пантрагіна, стварыў якасную тэорыю слаенняў і мнагазначных функцый, ’якасную тэорыю касмалагічных мадэлей, тэорыю канечназонных рашэнняў нелінейных сістэм. Ленінская прэмія 1967. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР (1981). Залаты медаль і прэмія Дж.​Філдса (1970).

Тв.:

Теория солитонов. М., 1980 (у сааўт.);

Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986 (разам з Б.​А.​Дубровіным, А.​Ц.​Фаменкам).

С.П.Новікаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)