МАРО́ЗАВА (Валянціна Васільеўна) (1.12.1935, Мінск —8.11.1990),
бел. спявачка (нізкі альт). Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла БДУ (1966). У 1952—79 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі, удзельніца створаных пры хоры вак. актэта і квартэта «Купалінка». Спявала ў нар. і акад. манеры, выконвала сольныя партыі.
т. 10, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́РВА,
у старажытнарымскай міфалогіі багіня, апякунка рамёстваў і мастацтваў. Разам з Юпітэрам і Юнонай складала Капіталійскую трыяду. З канца 3 ст. да н.э. М., атаясамленая з грэч. Афінай, шанавалася таксама як багіня дзярж. мудрасці і вайны, апякунка пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, урачоў і настаўнікаў.
т. 10, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНКЭ́ (1208—1259),
4-ы вял. хан Мангольскай імперыі, унук Чынгісхана. Уступіў на прастол у 1251 пры падтрымцы Батыя пасля 3-гадовай барацьбы. Імкнуўся стварыць цэнтралізаваны дзярж. апарат. Пры М. заваяваны Іран і пачата заваяванне Паўд. Кітая. Памёр у час паходу ў Кітай.
т. 11, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ПАЛА́ТА,
1) назва ніжняй палаты парламента Індыі (Лок Сабха). Складаецца з 545 дэпутатаў. Выбары праводзяцца раз у 5 гадоў, могуць быць і датэрміновыя. Апошнія выбары ў Н.п. (датэрміновыя) праходзілі 16.2—7.3.1998.
2) Вярх. орган дзярж. улады б. ГДР у 1949—90.
т. 11, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДЗІН (сапр. Ліфшыц) Аляксандр Майсеевіч
(н. 10.2.1919, Мінск),
рускі драматург. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1949). Дэбют — зб. «Апавяданні» (1954). Аўтар п’ес «Фабрычная дзяўчынка» (паст. 1956), «Пяць вечароў» (1959), «У гасцях і дома» (1960), «Старэйшая сястра» (1961; аднайм. фільм 1967), «Прызначэнне» (1963), «З любімымі не расставайцеся» (1969), «Дульсінея Табоская» (паст. 1971), «Дзве стралы» (паст. 1980), «Бландзінка», «Графаман» (абедзве 1984), кінасцэнарыяў фільмаў «Звоняць, адчыніце дзверы» (1965), «Дочкі-маці» (1974), «Асенні марафон» (1979) і інш. У яго творах — маральна-філас. праблемы, будзённасць характараў і ўчынкаў людзей «непрыкметных» прафесій, права чалавека на сцвярджэнне свайго прызначэння ў жыцці і інш. П’есы Валодзіна, пераважна з элементамі камічнага, накіраваны супраць руціны, дагматызму, абывацельска-мяшчанскай псіхалогіі. Дзярж. прэмія СССР 1981.
Тв.:
Осенний марафон: Пьесы. Л., 1985.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 8.10.1947, Масква),
дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Ленінградскую (1975) і Маскоўскую (1980) кансерваторыі. Дырыжор Ленінградскага Малога (1975—80) і Пермскага (1984—89) т-раў оперы і балета. У 1980—84 і з 1989 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. нац. балет «Курган» Я.Глебава (1982), оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982) і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. работ на бел. сцэне: «Рыгалета» Дж.Вердзі (1981), «Шчаўкунок» (1982) і «Іаланта» (1993) П.Чайкоўскага, «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Карсар» А.Адана (1991), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча (1994).
Н.В.Кузняцова.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ МО́ВА,
самастойнае адгалінаванне індаеўрапейскіх моў. Мова армян; дзярж. мова Арменіі. Пашырана таксама сярод армян Азербайджана, Грузіі, Сірыі, Ірана, Лівана, Турцыі, ЗША, некат. краін Зах. Еўропы, Амерыкі. У лексіцы і фанетыцы ёсць агульныя рысы з мовамі Каўказа. У ёй больш за 50 дыялектаў. Фанетыка багатая зычнымі — 30 фанем; 6 галосных. Самая развітая і багатая граматычная катэгорыя — дзеяслоў.
Гісторыя літ. мовы падзяляецца на 3 перыяды: стараж.-арм. мова вядома з часу стварэння армянскага пісьма (5 ст.), вусны яе варыянт выйшаў з ужытку ў 11 ст., пісьмова-літ. (грабар) існавала да канца 19 ст.; сярэдні перыяд — 12—16 ст.; з 17 ст. фарміруецца новая літ. армянская мова. Сучасная літ. мова мае 2 варыянты: усх. (дзярж. мова) і зах. мова (сродак зносін армян за мяжой).
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНКЕНДО́РФ (Аляксандр Хрыстафоравіч) (4.7.1781 ці 1783 — 5.10.1844),
расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1832), генерал ад кавалерыі (1829), сенатар (1826), чл. Дзярж. савета (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1827). Адзін з бліжэйшых саноўнікаў Мікалая I. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях у Грузіі, войнах з Францыяй, Турцыяй. З 1824 губернатар Васільеўскага в-ва ў Пецярбургу. Удзельнічаў у задушэнні паўстання дзекабрыстаў, потым член Следчай камісіі. Узначальваў створаныя на аснове яго праекта «Аб упарадкаванні знешняй паліцыі» (1826) Корпус жандараў і Трэцяе аддзяленне; курыраваў справы, звязаныя з дзекабрыстамі, студэнцкімі гурткамі, паўстаннем 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, сял. хваляваннямі 1840-х г. Ініцыятар узмацнення цэнзуры (ажыццяўляў цэнзуру твораў А.С.Пушкіна). Выступаў за паступовую адмену прыгоннага права, якое лічыў крыніцай хваляванняў.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСА́ДЗЕ (Акакій Аляксеевіч) (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),
грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́РАЎ (Фікрэт Мешады Джаміль аглы) (22.11.1922, г.. Гянджа — 20.2.1984),
азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1965). Чл.-кар. АН Азербайджана (1980). Герой Сац. Працы (1982). Аўтар першых нац. лірыка-псіхал. оперы «Севіль» (1953) і сімф. мугамаў «Шур» і «Кюрд-аўшары» (1948), якія паўплывалі на развіццё сімфанізму ў Азербайджане і інш. краінах Усходу.
Сярод інш. твораў: опера «Улдуз» (1948); балеты «Насімі» (1973), «Тысяча і адна ноч» (1979); муз. камедыі «Выкрадальнікі сэрцаў» (1944), «Добрая вестка» (1946); Сімфонія Нізамі (1947); сімф. і арк. творы, рамансы, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Музычныя роздумы» (1971), «Музычныя старонкі» (1978) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949 і 1980; Дзярж. прэмія Азербайджана 1974.
Літ.:
Виноградов В. Мир музыки Фикрета. Баку, 1983.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)