СЕКСАПАТАЛО́ГІЯ (секс + ...паталогія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае палавыя расстройствы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; раздзел мед. сексалогіі. Вывучае функцыян., эмацыянальныя, асабістыя, сац.-адаптацыйныя аспекты сексуальных расстройстваў. Звязана з уралогіяй, гінекалогіяй, андралогіяй, эндакрыналогіяй, неўрапаталогіяй, псіхіятрыяй. Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная С. вывучае асн. заканамернасці суадносін і дыферэнцыяцыі полаў, анатама-фізіял. асновы палавой сферы і інш.; прыватная — канкрэтныя захворванні, якія парушаюць сексуальную функцыю, іх лячэнне з улікам спецыфічных псіхасексуальных асаблівасцей хворага. У С. вял. роля належыць прынцыпу партнёрства, які ўлічваецца ў дыягностыцы, паходжанні парушэнняў і іх лячэнні.

Літ.:

Свядощ А.М. Женская сексопатология. 5 изд. Кишинев, 1991;

Ходаков Н.М. Наедине с сексопатологом. М., 1992;

Здравомыслов В.И., Анисимов а З.Е., Либих С.С. Функциональная женская сексопатология. Пермь, 1994;

Руководство по андрологии. Л., 1990.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў фізкультуры і спорту на здароўе, фіз. развіццё і функцыян. магчымасці арганізма чалавека. Асн. кірункі: функцыян. дынамічная анатомія (марфал. змены ў мышачнай, касцявой і інш. сістэмах пад уплывам спарт. нагрузак); фізіялогія фіз. практыкаванняў і спорту (змены дзейнасці розных сістэм і органаў пад уплывам спарт. нагрузак); біяхімія спорту (складаныя біяхім. працэсы ў арганізме спартсменаў); гігіена фізкультуры і спорту; спартыўныя кардыялогія, траўматалогія, фармакалогія і інш. Вывучае таксама паталаг. змены дзейнасці сістэм арганізма чалавека пры нерацыянальных трэніроўках, распрацоўвае прафілакт., лячэбныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы, удасканальвае метады дыягностыкі функцыян. сістэм асоб рознага ўзросту, якія займаюцца фізкультурай і спортам.

Літ.:

Спортивная медицина. 2 изд. М., 1987;

Майкели Л., Дженкинс М. Энциклопедия спортивной медицины: Пер. с англ. СПб., 1997.

т. 15, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРАПІ́Я (ад грэч. therapeia догляд, лячэнне),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення хвароб (этыялогію), механізмы іх развіцця (патагенез), метады распазнавання (дыягностыку), лячэнне і прафілактыку захворванняў унутр. органаў (нырак, печані, сэрца, страўніка, залоз унутр. сакрэцыі і інш.). Т. наз. таксама т.зв. кансерватыўныя метады лячэння хвароб: лекамі (лекавыя сродкі), у т. л. гарманальнымі сродкамі (гармонатэрапія), вакцынамі і сывараткамі (вакцынатэрапія, сератэрапія), рознымі відамі іянізавальнага выпрамянення (прамянёвая тэрапія), кліматычнымі ўмовамі (клімататэрапія), масажам, фіз. фактарамі і практыкаваннямі (фізіятэрапія), лячэбным харчаваннем, лячэбнай фізічнай культурай, крыятэрапіяй і інш. Цесна звязана з аховай здароўя.

Адрозніваюць Т.: этыятропную, накіраваную на ліквідацыю прычын хваробы; замяшчальную — папаўненне рэчываў, якіх не хапае ў арганізме; патагенет. (выкарыстанне сродкаў, якія разрываюць механізм развіцця хваробы); сімптаматычную, якая ўключае лячэбныя мерапрыемствы, накіраваныя на ліквідацыю пэўных сімптомаў захворвання.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДМУ́РЦКАЯ МО́ВА (устарэлая назва — вацяцкая мова),

адна з фіна-угорскіх моў (фіна-пермская галіна). і Пашырана ва Удмурціі, часткова Башкортастане, Татарстане, Кіраўскай і Пермскай абл. Расіі і інш. Мае 3 дыялектныя зоны: паўн., паўд. і пераходную паміж імі. У.м. ўласцівы: у фанетыцы — націск на апошнім складзе слова, у марфалогіі — адсутнасць катэгорыі грамат. роду, ужыванне паслялогаў, 2 тыпы спражэння дзеяслова; у лексіцы шмат цюрк. запазычанняў. Першыя запісы на У.м. з 18 ст., у канцы якога была створана першая навук. граматыка і удмурцкае пісьмо на рус. графічнай аснове. Сучасная літ. мова сінтэзуе лексічныя рысы паўн. і паўд. груп гаворак, фанетыка грунтуецца на гукавой сістэме пераходных гаворак.

Літ.:

Тепляшина Т.И. Удмуртский язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 3.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧО́ВЫХ КАНЦЭНТРА́ТАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вырабе сумесей з высушаных расл. (агародніны. фруктаў, збожжавых) і жывёльных (мясных, малочных, рыбных) прадуктаў з дабаўленнем тлушчу, цукру, прыпраў для хуткага прыгатавання гатовых страў.

Выпускаюць харч. канцэнтраты для прыгатавання першых (супы з агародніны, гарохавыя, малочныя), другіх (кашы, агародніна-мясныя рагу. амлеты). трэціх (кісялі. сухія распушчальныя напіткі) страў, дэсерты (жэле, мусы, крэмы), мучныя паўфабрыкаты (тарты, кексы, пячэнне), сухія сняданкі (мюслі, кукурузныя, рысавыя. пшанічныя палачкі, кольцы і інш., аўсяныя шматкі «Геркулес»), араматычныя прыправы (расфасаваныя перац, кардамон, сумесі араматычных траў, соусы) і інш.

На Беларусі 25 прадпрыемстваў Х.к.п. (2000). Найб. буйное — Лідскі завод харчовых канцэнтратаў. Ёсць падсобныя прадпрыемствы ў Мінску, Гродне, Віцебску, Гомелі. Камянцы. Ваўкавыску, Крупках. Краснаполлі і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЬКО́ Галіна Рыгораўна (н. 8.4.1950, Мінск),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (2001). Скончыла БДУ (1972). З 1972 у Бел. эканам. ун-це (з 2002 праф. кафедры сусв. эканомікі). Навук. працы па праблемах канкурэнцыі, антыманапольнага рэгулявання, транснацыяналізацыі вытв-сці і капіталу, міжнар. эканам. адносін.

Тв.:

Микроэкономика: теория национальной экономики. Ч. 2. Мн., 1994 (у сааўт.);

Конкуренция и монополия (разам з М.​Ф.​Грышчанкам) // Экономическая теория. Мн., 1995. Ч. 1;

Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;

Монополизм и конкурентная политика в трансформируемой экономике // Бел. экон. журн. 1999. № 2;

Проблемы демонополизации управления в трансформационной экономике // Национальная экономика Беларуси в контексте глобальных политико-экономических проблем. Мн., 2002;

Государственно-частный монополизм: Содерж., формы проявления // Весн. Бел. дзярж. экан. ун-та. 2003. № 2—3.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раслінаводства (галіна с.-г. вытворчасці) 1/80; 2/187—188; 4/559; 5/541; 6/338; 7/436; 9/119—120, 313; 12/321—323

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

гідратэ́хніка

(ад гідра- + тэхніка)

навука аб выкарыстанні водных рэсурсаў у гаспадарцы і барацьбе са шкодным дзеяннем воднай стыхіі, а таксама галіна тэхнікі, якая займаецца ўзвядзеннем плацін, дамбаў, каналаў, вадасховішчаў і г.д.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

энерге́тыка

(гр. energetikos = які датычыць энергіі)

1) галіна гаспадаркі, якая ахоплівае энергетычныя рэсурсы, выпрацоўку, пераўтварэнне, перадачу і выкарыстанне розных відаў энергіі;

2) раздзел фізікі, які вывучае ўласцівасці энергіі (напр. ядзерная э.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтама́тыка

(фр. automatique, ад гр. automatos = самарухомы)

1) сукупнасць механізмаў і прыстасаванняў, якія дзейнічаюць без непасрэднага ўдзелу чалавека;

2) галіна навукі і тэхнікі, якая распрацоўвае метады і сродкі аўтаматызацыі вытворчых працэсаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)