БАА́Л, Балу, Ваал,

у заходнесеміцкай міфалогіі бог урадлівасці, водаў, вайны і інш. Ушаноўваўся ў Фінікіі, Палесціне і Сірыі, пасля яго культ быў пашыраны ў Егіпце, Грэцыі, Іспаніі і інш.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Абвешчана венг. камуністамі і сацыял-дэмакратамі ва ўмовах рэв. ўздыму пасля 1-й сусв. вайны. Існавала 133 дні (21.3—1.8.1919). Гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАКЕ́Я, Панакія, Панацэя,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня-лекарка. Лічылася дачкой бога-лекара Асклепія, сястрой славутых лекараў Махаона і Падалірыя (лячылі герояў Траянскай вайны), лекарак Гігіеі («здароўе») і Іаса («лячэнне»).

т. 12, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс. км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЦЬКО́ (Павел Пятровіч) (14.2.1901, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1986),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст. Чл. КПЗБ з 1924. Ствараў арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ у Палескім ваяв. У 1925—27 зняволены польск. ўладамі ў турму. Уцёк праз Германію і Францыю на Кубу. У 1927—37 на падп. рабоце ў Кампартыі Кубы. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1937—38. З канца 1938 у Францыі, потым зноў на Кубе, дзе працаваў у апараце ЦК Кампартыі. У час 2-й сусв. вайны матрос гандл. флоту ЗША, які дастаўляў грузы ў СССР. З 1949 на радзіме, зведаў ганенні.

М.​П.​Клімец.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВШТУНІ́ (Азат) (сапр. Маміканян Азат Сетавіч; 17.7.1894, г. Ван, Турцыя — 26.3.1958),

армянскі паэт. Вучыўся ў Стамбуле, у 1911—14 слухач літ.-філас. ф-та Сарбоны. З 1914 жыў у Тбілісі, потым у Ерэване. У творах Вштуні драматызм падзей 1-й сусв. вайны (кн. нарысаў «З дзённіка добраахвотніка», 1915), асуджэнне варварскай палітыкі знішчэння арм. народа (зб. вершаў «Струны майго сэрца», 1915), працоўны энтузіязм, праблемы перабудовы вёскі (зб. «Новы Усход», 1923; «Вершы і паэмы», 1936, «Сачыненні», 1956), падзеі Вял. Айч. вайны (зб. «Каханне і нянавісць», 1946). У яго творах актуальнасць тэматыкі, новае асэнсаванне ўсх. паэт. вобразаў, муз. гучанне верша. Пісаў для дзяцей.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у мяст. Глыбокае. Пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Лівонію» (1589). Апісанні Глыбоцкага замка таго часу невядомыя. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад сценамі замка 30.6.1654 адбыўся бой паміж атрадам войска ВКЛ і рус. войскам. 2.8.1654 Глыбоцкі замак спалены. Пасля аднаўлення 7.1.1659 (паводле інш. звестак у 1660) атрад войска ВКЛ узяў штурмам Глыбоцкі замак і спаліў яго. Пазней замак адноўлены і існаваў да канца 18 ст. У час Паўн. вайны 1700—21 Глыбоцкі замак моцна пацярпеў ад вял. пажару (1700). Паступова замчышча забудавана, вул. Замкавая існавала ў 19 ст.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Фёдар Фаміч) (17.4.1901, в. Замошша Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.3.1970),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў Вышэйшую цэнтр. калгасную школу (1932). Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. З 1929 на адказных пасадах у с.-г. органах Віцебскай вобл. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну арганізатар падполля ў Віцебскай вобл., з 1942 камандзір партыз. атрада, у жн. 1942 — чэрв. 1944 камандзір Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава». У 1944—53 сакратар Чашніцкага райкома КП(б)Б, дырэктар саўгасаў.

Ф.Ф.Дуброўскі.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),

назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр. паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.

Літ.:

Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)