від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б.СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),
сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыіпры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.
парода малочнага кірунку. Выведзена ў 16 ст. ў Германіі на п-ве Ангельн на аснове мясцовай бура-чырвонай жывёлы. Гадуюць у многіх краінах Еўропы. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях пры вывядзенні і ўдасканаленні чырвоных парод жывёлы. За апошнія 10—15 гадоў дзякуючы селекцыі англерская парода набыла і добрыя мясныя якасці.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, лёгкім касцяком, добра развітым вымем. Масць чырвоная рознага адцення (ад светлага да цёмнага). Жывая маса дарослых кароў 500—580, быкоў 850—1000 кг. Парода познаспелая, інтэнсіўнасць росту невысокая. Надой кароў за лактацыю 4460—4900 кгпры сярэдняй тлустасці малака 4,6—5%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Забойны выхад у кароў 49% і больш, у быкоў на адкорме — 58%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГАРМО́НЫ (ад анты... + гармоны),
прыродныя ці штучна сінтэзаваныя рэчывы, здольныя замяшчаць і блакіраваць актыўнасць сапраўдных гармонаў у іх рэакцыях з рэцэптарамі жывых клетак. Структурна блізкія да адпаведных ім гармонаў і належаць да розных груп злучэнняў (пептыды, бялкі, стэроіды і інш.), але ў дачыненні да кожнага канкрэтнага гармону пераважае пэўны іх клас (напр., большасць антыгармонаў для антыандрагенаў з’яўляюцца стэроідамі, для бялковых гармонаў — бялкамі). Валодаюць высокай спецыфічнасцю: напр., антыэстрагены блакіруюць у матцы дзяленне толькі эстрагенаў і не змяняюць уплыў андрагенаў. Пры гэтым уласная гарманальная актыўнасць у антыгармонах адсутнічае або нязначная. Выкарыстоўваюцца ў эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі для вывучэння функцый эндакрынных залоз у эмбрыягенезе, выключэння іх дзейнасці без хірург. выдалення адпаведнай залозы, блакіравання гарманальных эфектаў пры развіцці гарманальназалежных пухлін, паталагічных зменах палавых паводзін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕМЯНЕ́ННЕ,
працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),
незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэмепры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.
Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш.Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЦЦІ,
1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),
свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.
У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).
Літ.:
Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ.М., 1964;
Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.