РУ́ЛІС ((Rullis) Талрыд) (н. 29.12.1940, г. Вентспілс, Латвія),
латышскі перакладчык. Вучыўся ў Латв. ун-це (1959—64, 1969—72). У 1967—84 працаваў у друку, у Латв.Сав. Энцыклапедыі, у выд-ве «Ліесма». Друкуецца з 1962. Асобнымі выданнямі ў яго перакладзе выйшлі раманы і аповесці К.Чорнага «Трэцяе пакаленне» (1971), І.Пташнікава «Тартак» (1972), І.Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (1973), А.Кудраўца «Раданіца» (1974), В.Быкава «Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання» (1976), «Жураўліны крык. Пайсці і не вярнуцца» (1984), «Знак бяды» (1986), З.Бядулі «Салавей» (1977), М.Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» (1978), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1980), Я.Коласа «На ростанях» (1982), В.Казько «Суд у Слабадзе» (1982), А.Масарэнкі «На бабровых тонях» (1983), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1985) і інш. У перыяд. выданнях надрукаваны ў яго перакладзе творы В.Адамчыка, Быкава, Кудраўца, Я.Скрыгана, пераклаў паасобныя творы Я.Брыля, В.Віткі, В.Карамазава, В.Іпатавай, а таксама рус., укр. і літ. пісьменнікаў. Піша артыкулы пра бел. л-ру і праблемы перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бу́кса1 ’бязрогая карова’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Ёсць дзве магчымасці тлумачэння: 1) метафара да бу́кса ’букса’ (гл.); першапачаткова ’карова з кароткімі, нібы абрубленымі (як «букса») рагамі’; 2) утварэнне (суфікс ‑s‑) ад дзеяслова *bukati (sę) ’букацца, біцца лбамі’ (гл. бу́кацца); першапачаткова ’карова, якая букаецца, б’ецца лбом, а не рагамі’. Польск.дыял.buksa ’тс’ (паводле Варш. сл., 1, 231, няяснага паходжання). У літ. мове ёсць buksà ’бязрогая карова; чалавек без пальцаў’. У бел. мове запазычанне з літ.? Але ў Фрэнкеля гэтага слова няма наогул.
Бу́кса2 ’бручка’ (Бяльк., Кіс., Інстр. II, ДАБМ, 858–859, № 276). Слова, як і буксінка ’тс’ (гл.), усх.-бел. Бясспрэчна, мясцовае новаўтварэнне. Паколькі гэтай назва ізаляваная, то застаецца толькі адна магчымасць этымалагізавання: бу́кса ’бручка’ ўзнікла скарачэннем з буксінка ’тс’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.
Бу́кса3 ’букса’ (БРС), ’жалезная ўстаўка ў коле’ (Арх. Бяльк., слонім., Маш., Маслен., Бяльк.). Рус.бу́кса, укр.бу́кса (як тэхнічны тэрмін), польск.buksa, buks. З ням.Büchse ’тс’ (да ням. слова гл. Клюге, 107). Варш. сл., 1, 231; Шанскі, 1, Б, 220–221. Параўн. ст.-бел.букса (XVII ст.; Булыка, Запазыч., лічыць яго паланізмам).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Луст, лу́ста, лу́стка, лу́стачка, лу́стычка ’плоскі вялікі кавалак хлеба, сала і інш.’ (Нас., Чач., Мядзв., Гарэц., Яруш., Дразд., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Клім., Вешт. дыс.; гродз., віц., Шн. 3; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат.; ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’ежа, якую бралі з сабой у поле’ (Сл. ПЗБ), ’харч у дарогу’ (навагр., Жыв. сл.). Укр.лу́ста ’луста’, ’кавалак’, ’тонкі пласт’, рус.луст, лу́ста́, лу́стка ’луста’, ’шалупінне’; польск.łusta (крэсовае, Віленшчына); серб.-харв. старое lustra ’луска’, серб.лу̏стра ’перхаць’, чак. ’луска рыбы’, дуброўн.љу̏штра ’тс’. Прасл.lusta ’луска, плява, шалупіна’, ’адрэзаная скібка’, ’кавалак’ (Слаўскі, 5, 363), якое да і.-е.*leu‑ ’аддзяляць, адрываць, адразаць’ > louskā ’тое, што аддзелена’ (параўн. літ.lùstas ’луста хлеба’ і lùkstas ’лупіна, лушпайка’, лат.lauskas ’перхаць’ (гэтак жа Буга, Rinkt., 1, 286–287, 413, 460; Бернекер, 748; Фасмер, 2, 536; Скок, 2, 340). Зубаты (ASlPh, 16, 397), бачыў генетычную роднасць луста з літ.láužti ’ламаць’, ст.-інд.loṣṭáh ’абломак, грудка зямлі, скіба’ (як і Петэрсан, ASlPh, 34, 370–384), rujáti ’ломіць’, ст.-грэч.ἀλυκτοπέδη ’неразрыўныя сувязі’. Параўн. таксама і асец.lux ’адрэзаны’, luxtä ’тс’ (мн.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паву́к1 (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бяссон., Мал., Гарэц., Яруш., Сл. ПЗБ), пау́к ’тс’ (Бір. дыс.). Рус.пау́к, дыял.па́вок, па́вка, укр.паву́к, ст.-рус.паукъ, ц.-слав.паѫкъ, польск.pająk, палаб.pójąk, славац.pavùk, в.-луж., чэш.pavouk, н.-луж.powk, балг.па́як, серб.-харв.па̏у̑к, славен.pâjok, pâvok. Прасл.paǫkъ, дзе pa — прыстаўка, а ǫkъ роднаснае грэч.ὄγκος, лац.uncus ’крывы гак’, ст.-інд.aηkás ’выгін, крук’ і г. д. Такім чынам, paǫkъ — ’істота з закрыўленымі нагамі’. Гл. Махэк, 439; Фасмер, 3, 219 (там жа і інш. літ-ра). Інакш Брукнер (350), які выводзіць з pa‑ і кораня onk‑ (параўн. літ.añka ’вузел’), enk‑ (параўн. рус.ячея, ячейка ’вока ў сеці’, бел.вячай (гл.). Тады семантычнай матывацыяй магло б быць ’той, хто пляце петлі, сетку’.
Паву́к2 ’паўлін’ (Нас., Гарэц., Шат., Сцяшк.), пау́к ’тс’ (Федар. 1). Ад пав‑ (гл. пава) з суф. ‑ук. Форма паук, відавочна, у выніку змяшэння з павук, паук ’павук’. Параўн. яшчэ укр.паву́к, паву́н, паву́р ’паўлін’.
Паву́к3 ’род рыбалоўнай снасці’ (ТСБМ, абл.). Да павук1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бажа́ць ’моцна жадаць, прасіць’ (Нас.), бажа́ць (быжа́ць) ’хацець, жадаць’ (Бяльк.). Ст.-бел.бажати ’прасіць’ (Нас. гіст.: бажати о помочь). Рус.бажа́ть, бажи́ть, бажа́нить, баже́нить, укр.бажа́ти, бажи́ти, бага́ти, багну́ти, багти, багчи, польск.zabagać, чэш.bažiti se, zabahnouti. Вельмі няяснае слова. Знаходзяць сувязь з грэч.φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням.bahhan ’пячы’. Семантычная паралель: польск.prażyć ’абпальваць, смажыць, сушыць’, pragnienie ’моцнае жаданне’; літ.garas ’выпарэнне, пара; моцнае жаданне’. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 104–105. Іншыя версіі: 1) *bažati — каузатыў да *bežati (Остэн–Закен, IF, 22, 312 і наст.; супраць Бернекер, 38 і наст.; Ільінскі, ИОРЯС, 23, I, 127 і наст.); 2) сувязь з бог і грэч.φαγετν есці’ (Ільінскі, там жа; супраць, Фасмер, 1, 105); 3) запазычанне з цюрк. (уйгур.bakarmak ’жадаць’) неверагодна; 4) bag‑ ’жадаць’ — метатэза з *gab‑ (параўн. літ.gobėti ’жадаць, вымагаць’, gobùs ’прагны, скнара’); Петарсан, 5 і наст.; Махэк, 28, 5) сувязь з *bogatъ (*bažati ’хацець багацця’, Голуб-Копечны, 67); 6) сувязь з *bag‑ ’чырвоны, багровы’ (*bažati ’чырванець ад жадання’, Голуб-Копечны, 67; параўн. таксама Брукнер, 19). Этымалогія застаецца няяснай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр.мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лки ’салодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус.варон.манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ.lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ.mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел.мантачыць ’выпрошваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Му́ліць, му́ляць, драг.му́лятэ ’церці, націскаць, рэзаць цвёрдым скуру, цела’, ’пашкоджваць нагу, бок’, ’не цярпецца’, ’прычыняць боль’, ’ціснуць’, ’непакоіць, дакучаць’, ’назаляць, перашкаджаць’, му́ліцца ’не хацець, не адважвацца, адчуваць няёмкасць’, ’націраць’, му́ляцца ’ціснуць’, ’мяцца, праяўляць нерашучасць’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шпіл., Шн. 2, Др.-Падб., Гарэц., Грыг., Растарг., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), му́ляяцца ’вельмі хочацца’ (Шат.), му́ліць ’настойліва прасіць’ (КЭС, лаг.). Укр.му́лити, рус.му́лить, му́леть ’ціснуць’, польск.mulać ’муліць’, славен.múliti ’церці, прытупляць, абсоўваць, сашморгваць лістоту з галін’, muljȃva ’мяккая, маладая трава’, múlica ’колас без зерня’, múl, múlast ’лабаты’, ’безбароды’, серб.-харв.му̏љати ’размінаць вінаград’, ому́лити се ’адвязацца’, балг.шму́ля ’рваць фрукты з дрэва разам з лістамі, матлашыць’. Прасл.muliti (Трубачоў, О составе, 181). Роднаснымі з’яўляюцца: літ.šmùlas, лат.šmauls ’бязрогі, лысы’, а таксама бел.шмуляць, шмуляцца. Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193) у якасці дадатковых «пучкоў» лексічных ізаглос прыводзіць рус.му́ліць ’выпрошваць’ і літ.maũlyti ’канькаць, надакучліва прасіць’, што семай ’шматразовае паўтарэнне дзеяння’ збліжаецца з му́ліць ’націскаць, нарэзваць’. Гэтак жа і ЕСУМ, 3, 532–533.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мясі́ць, місі́ць, месі́ць, драг.мысэ́тэ ’мяць, размінаць густую масу, перамешваючы яе з вадкасцю’, ’таўчы’, ’біць, дубасіць’, ’хадзіць, ездзіць па гразкім, топкім, сыпкім’ (ТСБМ, Грыг., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; гродз., драг., КЭС), мясі́лка ’машына для размешвання’ (ТСБМ). Укр.міси́ти, рус.меси́ть, польск.miesić, н.-луж.měsyś, в.-луж.měsyć, чэш.mísiti, славац.miesiť, славен.mesíti/mésiti, серб.-харв.мије̏сити, макед.меси, балг.ме́ся́, ст.-слав.мѣсити. Прасл.měsiti, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ.maišýti ’мяшаць’, лат.màisît ’тс’, ст.-прус.maysotan ’перамешаны’, ст.-інд.mēkṣayati ’мяшае’. Першасны прасл. атэматычны дзеяслоў не захаваўся (у літ. мове ёсць група з аблаўтам: mìšti — miẽšti — maišýti). У іншых і.-е. мовах з суфіксам ‑sk‑: лац.misceō ’мяшаю’, ірл.mescaim ’тс’, ст.-в.-ням.miscan ’мяшаць’, нарв.meisk ’сумесь’, ст.-грэч.μίσγω (< *mig‑skō) ’мяшаю’ (Бернекер, 2, 52; Траўтман, 175; Мюленбах-Эндзелін, 2, 551, 636; Фрэнкель, 450; Фасмер, 606–607; Махэк₂, 365; Бязлай, 2, 180; Буга, Rinkt., 1, 478; 2, 166 і 487). Сюды ж ме́сіва ’густая, вадкаватая маса’, ’сумесь’, ’мешаніна’ (ТСБМ, Грыг.). Гл. таксама мяша́ць.