ЖУ́КАЎ (Васіль Пятровіч) (1922, в. Бярозаўка Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 12.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант Ж. у ліп. 1944 у баі за г. Масты Гродзенскай вобл. агнём са станковага кулямёта адбіў 3 контратакі праціўніка, адрэзаў яго пяхоту ад танкаў, гранатамі падбіў танк, пад другім загінуў сам.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАГО́НСКІ (Сямён Аляксандравіч) (14.1.1910, в. Залучча Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1955),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім, 4-м Укр. франтах. Пам. камандзіра ўзвода сяржант З. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад г.п. Ржышчаў у баях за вызваленне Кіеўскай вобл. На радзіме на ўшанаванне яго памяці пастаўлена стэла.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ ЦК КПСС»,

«Известия Центрального комитета Коммунистической партии Советского Союза», савецкі інфармацыйны часопіс. Выдаваўся ў Маскве ў 1919—29 [пад назвамі «Известия ЦК РКП(б)» і «Известия ЦК ВКП(б)»] і ў 1989—91. Друкаваліся рашэнні вышэйшых органаў партыі, інфармацыя аб бягучай дзейнасці ЦК КПСС, яго кіруючых органаў, паведамленні пра кадравыя перамяшчэнні, біяграфіі асобных парт. функцыянераў, дакументы з архіваў партыі і інш.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМА́ЙЛАЎ (Аляксандр Яфімавіч) (25.4.1779, С.-Пецярбург — 28.1.1831),

рускі празаік, байкапісец. Скончыў Горны кадэцкі корпус (1797). У 1826—28 віцэ-губернатар у Цверы і Архангельску. Аўтар сатыр. рамана «Яўген, або Згубныя вынікі кепскага выхавання...» (ч. 1—2, 1799—1801), аповесці «Бедная Маша» (1801). Найб. вядомы яго байкі, якія карысталіся поспехам у сучаснікаў («Байкі і казкі», 1814; «Новыя байкі і казкі...», 1817).

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКТЫ́Н (Iktinos),

старажытнагрэчаскі архітэктар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Буйнейшы архітэктар перыяду класікі. Яго работам уласцівы выкарыстанне сістэмы арх. ордэраў, пластычнасць, сінтэз форм дарычнага ордэра і іанічнага ордэра Пабудаваў Парфенон (447—438 да н.э., з Калікратам) і адэон Перыкла ў Афінах, храм Апалона ў Басах (каля 430 да н.э.), у якіх упершыню выкарыстаў карынфскую капітэль (гл. Карынфскі ордэр).

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕКТУАЛІ́ЗМ (ад лац. intellectualis разумовы),

філасофскае вучэнне, якое абсалютызуе ролю інтэлекту ў працэсе пазнання, адрывае яго ад пачуццёвага пазнання, практыкі. Блізкі да рацыяналізму. У ант. філасофіі прадстаўлены вучэннямі элеатаў і платонікаў, у новай філасофіі — Р.​Дэкартам і картэзіянцамі. Да І. адносяць некат. ідэі ням. класічнай філасофіі. У сучаснай зах. філасофіі І. нярэдка звязаны з агнастыцызмам, выступае ў якасці састаўляючай лагічнага пазітывізму.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́М-ШАІ́Р (сапр. Назар-аглы Іслам; 1874, кішлак Гала Касаб Самаркандскай вобл., Узбекістан — 17.7.1953),

узбекскі казачнік. Нар. паэт Узбекістана (1940). У дастанах, вершах расказваў пра цяжкую долю ўзб. народа на пач. 20 ст., перамены ў яго жыцці, светапоглядзе ў сав. час. Творы, тэматычна звязаныя з падзеямі Вял. Айч. вайны, заклікалі да барацьбы, услаўлялі подзвіг народа. Пасляваен. вершы прасякнуты гуманізмам, імкненнем да міру.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЭЙНЕРАВО́З,

спецыялізаваны паўпрычэп для перавозкі кантэйнераў з грузамі па аўтадарогах. Яго рама размешчана нізка для забеспячэння ўстойлівасці кантэйнераў, мае спец. прыстасаванні для іх замацавання. Загружаюцца і выгружаюцца пад’ёмнымі кранамі ці аўтапагрузчыкамі. К. наз. таксама грузавыя аўтамабілі, прыстасаваныя для перавозкі кантэйнераў, і судны, грузавыя памяшканні якіх абсталяваны для размяшчэння кантэйнераў (загружаюцца праз палубныя люкі або адтуліны ў бартах). Кантэйнернае судна звычайна абсталёўваецца пад’ёмнымі кранамі.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНТЭ́ЙН (Corantijn),

рака на Пн Паўд. Амерыкі. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Гаянай і Сурынамам. Даўж. каля 700 км, пл. бас. 56 тыс. км². Вытокі на У Гвіянскага пласкагор’я, цячэ па яго паўд. схіле і Гвіянскай нізіне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый. Парожыстая, за выключэннем ніжняга цячэння. Сярэдні гадавы расход вады каля 1200 м³/с. Суднаходная да г. Орыла.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫФЕ́Й (ад грэч. koryphaios правадыр, кіраўнік),

1) у старажытна-грэчаскай трагедыі кіраўнік хору, яго найб. кваліфікаваны ўдзельнік. Выконваў меладэкламацыйныя рэчытатывы, вёў дыялогі з гал. героямі.

2) Вядучы танцоўшчык (танцоўшчыца) кардэбалета, які выступае ў першай лініі і выконвае асобныя невял. танцы. У сучаснай балетнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца рэдка.

3) У пераносным сэнсе — выдатны дзеяч у якой-н. галіне ведаў, звычайна ў навуцы ці мастацтве.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)