члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́М,
буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс.км². Нас. 22,4 млн.ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.
Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 ммза год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 ммза год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый ўстанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.