ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III (Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),
апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКІ́ЦКІ (Андрэй Іпалітавіч) (1.7.1858, Мінская губ. — 26.2.1913),
расійскі гідрограф-геадэзіст. Ген.-лейтэнант. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1880). Узначаліў экспедыцыю на Новую Зямлю, дзе вёў гравітацыйныя назіранні (1887). У 1894—1901 пад яго кіраўніцтвам праводзіліся гідраграфічныя даследаванні ад вусця Пячоры да р. Енісей, у Енісейскім заліве і Обскай губе. У 1907—13 узначальваў Гал. гідраграфічнае ўпраўленне. Асн. працы па гідраграфіі і геадэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Роберт Вудраў (н. 10.1.1936, г. Х’юстан, штат Тэхас, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нацыянальнай АН (1979). З 1962 у Лабараторыях Бэл.-Тэлефон. Навук. працы па радыёастраноміі і касм. фізіцы. Выявіў эксперыментальна рэліктавае фонавае радыёвыпрамяненне з т-рай 3 К, якое запаўняе ўвесь Сусвет (1965). Адкрыў касм. дэйтэрый і вызначыў яго распаўсюджанасць у Сусвеце (1973). Нобелеўская прэмія 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА-МАЙСТЭ́РНЯ Ю. ПЭ́НА,
прыватная школа малявання і жывапісу ў Віцебску ў 1898—1918. Створана Ю.Пэнам. У праграму заняткаў уваходзілі: маляванне гіпсавых фігур, з натуры, на пленэры. У школе вучылася ад 10 да 25 чалавек ад 1 да 6 месяцаў. Яе закончылі З.Азгур, Е.Кабішчар, Я.Мінін, М.Шагал, С.Юдовін і інш. У 1907, 1914 адбыліся выстаўкі работ Пэна і яго вучняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ШАНЬКА»,
бел.нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕБА́РДА (франц. hallebarde),
старадаўняя халодная колюча-рубячая зброя, доўгае (да 2,5 м) плоскае або гранёнае кап’ё з прымацаванай да яго сякерай або паўмесяцападобным лязом. У 14—16 ст. была на ўзбраенні пяхоты некаторых дзяржаў Зах. Еўропы; на Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—18 ст.; да канца 19 ст. — зброя парадных падраздзяленняў, а таксама палацавай і гарадской варты. Гл. таксама Бярдыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІСЕ́ЙКА (Уладзімір Цітавіч) (22.2.1921, в. Косетаў Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1981),
Герой Сав. Саюза (1944). З сак. 1943 на Волхаўскім, 1-м Украінскім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах. Камандзір сапёрнага ўзвода ст. сяржант Алісейка ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Кіева захапіў плацдарм на правым беразе ракі, размініраваў яго, што садзейнічала паспяховай пераправе сав. войскаў. Удзельнік вызвалення Польшчы, штурму Берліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАНО́СТ, алканос,
у рускіх і візантыйскіх сярэдневяковых легендах казачная птушка з тварам чалавека. Вобраз Алканоста паходзіць ад стараж.-грэч. міфа пра Алкіёну, жонку фесалійскага цара Кеіка, якая была ператворана багамі ў птушку алкіён (зімародак). Алканост нясе яйкі на беразе мора, апускае іх у мора і робіць яго спакойным на 6 дзён. Той, хто пачуе дзівосныя спевы Алканоста, забывае пра ўсё на свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЯ́ЧНАЯ ВАДА́,
раствор аміяку (18—25%) у вадзе. Празрыстая, з жаўтаватым адценнем вадкасць з рэзкім пахам. Шчыльн. 18—25%-нага раствору (0,930—0,910)∙103кг/м³. Атрымліваюць растварэннем сінт. аміяку ў вадзе ці паглынаннем яго вадой з адыходных газаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, соды, марганцу, ферасплаваў, як азотнае ўгнаенне і для аманізацыі кармоў у сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),
няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапіяягофіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.