тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн.Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн.Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.
Літ.:
Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;
Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ.М., 1989.
Да арт.Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,
часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец.гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст. т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁН (Lyon),
горад на ПдУФранцыі. Адм. ц. дэпартамента Рона і гал. горад гіст. вобласці Ліянэ. 415 тыс.ж., з прыгарадамі 1,2 млн.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт пры ўпадзенні р. Сона ў р. Рона. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Старадаўні еўрап. цэнтр вытв-сці вырабаў з натуральнага шоўку (з 15 ст.), тканін з штучнага шоўку і сінт. валакна, трыкатажу, фарбавальнікаў. У Л. і прыгарадах буйное станкабудаванне, эл.-тэхн., аўтамаб., хім. (серная кіслата, угнаенні, сінт. каўчук), нафтаперапр., паліграф., фармацэўтычная прам-сць. Метрапалітэн. АН, 4 ун-ты. Музеі: тканін, дэкарацыйнага мастацтва, Ліянэ, выяўл. мастацтваў, архітэктуры. Арх. помнікі: 2 стараж.-рым. т-ры, раманска-гатычныя і гатычныя цэрквы. Штогадовыя еўрап.гандл.-фін. кірмашы (з 15 ст.).
Узнік на месцы паселішчаў галаў. З 43 да н.э.рым. калонія Лугдунум, з 16 да н.э.адм. цэнтр прав. Лугдунская Галія. З 476 сталіца Бургундскага каралеўства. У 534 заваяваны франкамі. У 11—13 ст. у складзе «Свяшчэннай Рымскай імперыі», цэнтр графства Ліянэ, з 1173 — архіепіскапства; у 1245 і 1274 тут праходзілі ўсяленскія саборы. У 1312 горад далучаны да дамена франц. караля. У 16 ст. буйны цэнтр еўрап. гандлю і крэдыту, шаўкаткацтва і кнігадрукавання. У 19 ст. цэнтр рабочага руху, у т. л.Ліёнскіх паўстанняў 1831 і 1834. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1942—44), цэнтр Руху Супраціўлення на ПдФранцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць мэблю для жылых і грамадскіх памяшканняў.
У гарадах Беларусі 16—17 ст. мэблю выраблялі спец. цэхі. Многія багатыя людзі прывозілі яе з Францыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі і інш. краін. Паводле іх узораў бел. майстры-ўмельцы выраблялі мэблевыя гарнітуры для магнатаў, у т. л. для абсталявання Нясвіжскага замка, Гомельскага, Жыліцкага і інш. палацаў. У пач. 20 ст. ў вялікіх гарадах Беларусі працавалі спец. майстэрні, фабрыкі, у т. л. ў Бабруйску мэблевая, Мінская сталярная.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 311 прадпрыемстваў і вытв-сцей М.п., на якіх вырабляецца мэбля самага рознага прызначэння: бытавая, дзіцячая, кухонная, для ўстаноў асветы, офісаў і інш. М.п. развіта ва ўсіх абласцях рэспублікі. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінская мэблевая ф-ка імя Дзімітрова, Калінкавіцкі мэблевы камбінат, Жлобінская мэблевая ф-ка, мэблевая ф-ка № 2 у Бабруйску, Сіняўская, Ружанская, Кобрынская мэблевая ф-кі. Мэблю вырабляюць таксама ў Вілейцы, Віцебску, Глуску, Крычаве, Паставах, Полацку, Слоніме, Слуцку, Шклове і ў інш. гарадах. У апошнія гады ствараюцца і сумесныя прадпрыемствы (напр., бел.-чэш. прадпрыемства «Мостэдэн»), мэблю выпускаюць таксама камерцыйныя прадпрыемствы. У 1997 бел. прадпрыемствы паставілі на экспарт мэблі на суму каля 240 тыс. долараў. М.п. найб. развіта у ЗША, ФРГ, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі.
П.І.Рогач.
Да арт.Мэблевая прамысловасць. Цэх мяккай мэблі Мінскай мэблевай фабрыкі.Да арт.Мэблевая прамысловасць. Гатовая прадукцыя Полацкай мэблевай фабрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЦА (Nice),
горад на ПдУФранцыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморскія Альпы і гал. горад гіст. вобласці Ніца. Каля 450 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м.Міжнар. аэрапорт. Кліматычны курорт на Блакітным беразе Міжземнага м.; адзін з найб. вядомых сусветных курортаў. Клімат субтрапічны. Лечаць хваробы лёгкіх, верхніх дыхальных шляхоў, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, малакроўе і інш. Мае шмат пансіянатаў, санаторыяў, адзін з найбуйнейшых пляжаў на Міжземнамор’і. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, парфумерная, мэблевая, эл.-тэхн.; выраб сувеніраў. Кветкаводства і гандаль кветкамі. Кінастудыя. Ун-т. Музеі: археал., натуральнай гісторыі, выяўл. мастацтваў, А.Матыса і інш. Сабор, цэрквы і палацы 17—18 ст.
Засн. ў 300 да н.э. факейцамі з Масаліі (цяпер г. Марсель) як грэч. калонія Нікая. З 3 ст.н.э. сядзіба епіскапа. З 5 ст. падвяргалася нападам германцаў, пазней — сарацынаў. У сярэднявеччы ў саюзе з Пізай абаранялася ад дамаганняў Генуі. У 13—14 ст. пад уладай графаў Праванса. У 1388 падпарадкавана графамі Савоі, якія пабудавалі тут крэпасць і ператварылі горад у гандл.цэнтр. У 1543 пасля аблогі абрабавана аб’яднанымі франка-тур. войскамі ў час вайны Францыска I з Карлам V.
У 1626 атрымала значныя прывілеі. Пры Людовіку XIV неаднаразова акупіравана французамі, канчаткова занята імі ў 1792. У 1814 вернута Сардзініі. У 1860 далучана да Францыі. У Н. нарадзіўся Дж.Гарыбальдзі, пахаваны А.І.Герцэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт.зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт.зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт.зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. В 7 т.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр.М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНСІ́ (Nancy),
горад на ПнУФранцыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.
Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.
Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л.гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр.Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр.Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пазітыві́зм
(фр. positivisme, ад лац. positivus = дадатны)
ідэалістычны кірунак у філасофіі (узнік у 30-я гг. 19 ст. у Францыі), разнавіднасць агнастыцызму, якая адмаўляе пазнавальную каштоўнасць філасофскіх ведаў, тэарэтычнага мыслення ў цэлым.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)