(фр. normalisation, ад лац. normalis = урэгуляваны)
1) прывядзенне да нормы, падпарадкаванне норме (напр. н. міжнародных адносін, н. правапісу);
2) вызначэнне адзіных нормаў і патрабаванняў па тыпах, памерах, якасці розных аб’ектаў, вырабаў, прылад ці іх вузлоў, а таксама па абазначэннях і маркіроўцы; адзін з відаў стандартызацыі;
3) від тэрмічнай апрацоўкі сталі, награванне яе да тэмпературы, вышэйшай за тэмпературу крытычнага пункту (750—950°С) з наступным ахаладжэннем на спакойным паветры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
во́лас, -са, собир. -су (мн. валасы́) м. во́лос;
ко́нскі в. — ко́нский во́лос;
◊ валасы́ста́лі дубка́ — во́лосы ста́ли ды́бом;
в. з галавы́ не ўпадзе́ — во́лос с головы́ не упадёт;
дажы́ць да сівы́х валасо́ў — дожи́ть до седы́х воло́с;
і на в. не засну́ў — глаз не сомкну́л;
ірва́ць на сабе́ валасы́ — рвать на себе́ во́лосы;
ні на в. — ни на во́лос;
прыцягну́ць за валасы́ — притяну́ть за во́лосы
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АТА́ВА (Ottawa),
горад, сталіца Канады, у правінцыі Антарыо, на р. Атава. 920,8 тыс.ж. (1994), у т. л. ⅔ англамоўных, ⅓ франкамоўных. Трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Аплендс. Радыёэлектроннае машынабудаванне (у т. л.вытв-сцьЭВМ), прыладабудаванне; паліграф., цэлюлозна-папяровая, лёгкая, дрэваапр. і хім.прам-сць, вытв-сць алюмінію, сталі, бронзы, гадзіннікаў, шкла. Англ. і франц. ун-ты.
Засн. ў 1827 як пас. Байтаўн у сувязі з будаўніцтвам канала р. Атава — воз. Антарыо. З 1850 горад, з 1854 наз. Атава, з 1857 сталіца англ. калоніі, з 1867 — дамініёна Канада. З 1899 развіваецца паводле генплана (арх: Ф.Тод і інш., у 1937—59 — Дж.Грэбер). Шахматная сетка вуліц. У горадзе шмат вадаёмаў і паркаў з развітой сістэмай паркавых дарог. Арх. помнікі: неагатычны парламенцкі комплекс (1860; пасля пажару адбудаваны ў 1919—27, арх. Дж.Пірсан, О.Маршан), атэль «Шато-Лар’е» (1910, арх. Д.Х.Мак-Фарлін). Сярод інш. збудаванняў: Нац.б-ка (1956), Карлтанскі ун-т (1959), аэрапорт Аплендс (1960), Нац. цэнтр мастацтваў (1970), Нац. галерэя (1980) і інш. Помнікі: Ж.Карцье (1885), Дж.Макдональду (1895), каралеве Вікторыі, тым, хто загінуў у англа-бурскай вайне (абодва 1901), Р.Болдуіну і Л.Лафантэну (1908—14) і інш. У 1842 засн.Нац. музей (калекцыі мастацтва індзейцаў і эскімосаў).
Агульны від г.Атава (на пярэднім плане — парламенцкі комплекс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНКА,
рака ў Беларусі (у Гомельскай вобл.) і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці. Даўж. 179 км, у межах Беларусі — 167,5 км. Пл. вадазбору 2778 км², у межах Беларусі — 1886,5 км². Пасля рэгулявальных работ — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самаст. аб’екты: Брагінка Верхняя — ад вытоку (за 500 м на З ад в. Пракісель Рэчыцкага р-на) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі р-ны, даўж. 76 км, пл. вадазбору 1390 км²); Брагінка Сярэдняя — ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на Пд ад в. Гарадзішча Брагінскага р-на) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі р-н, даўж. 55 км, пл. вадазбору 460 км²); Брагінка Ніжняя — ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасх. ў межах Украіны (Брагінскі р-н, у межах Беларусі даўж. 36,5 км, пл. вадазбору 928 км²).
Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Пойма нізкая, забалочаная, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. ў межань Верхняй Брагінка 8—14 м, Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ — г. Брагін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,
сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш.навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл.Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумныя помпы: а — эжэктарная (струменная); б — крыягенная з аўтаномным халадзільным прыстасаваннем.Да арт. Вакуумная тэхніка. Электронны іанізацыйны вакуумметр: 1 — калектар; 2 — анод; 3 — катод.Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумна-шчыльныя злучэнні: а — раздымныя з эластычнай пракладкай (1 — пракладка, 2 — фланцы); б — паяныя (1, 3 — злучальныя дэталі; 2 — прыпой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас.рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,
выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл.Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л.чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.
В.І.Мялешка.
Да арт.Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,
сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.
Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.
На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ,
з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.
Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач.жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст.сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.