горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).
У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.
На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́КА (Malacca),
паўвостраў на ПдУ Азіі, паўд. частка п-ва Індакітай. Паўн. частка М. належыць Тайланду, паўд. — Малайзіі (Зах. Малайзія). Пл. каля 190 тыс.км², даўж. (на Пд ад перашыйка Кра) 1300 км. Абмываецца на З Андаманскім м. і Малакскім прал., на У — Паўд.-Кітайскім м. і яго Сіямскім зал. У цэнтр. частцы М. нізкія і сярэдневышынныя горы выш. да 2190 м (г. Тахан), расчлянёныя на асобныя масівы з пакатымі вяршынямі і стромкімі схіламі. На ўзбярэжжы забалочаныя нізіны. Складзены з палеазойскай тэрыгенна-карбанатнай тоўшчы з праслоямі вулканітаў. Горы ўтвораны з мезазойскіх тэрыгенных адкладаў з гарызонтамі кіслых вулканітаў. Кайназойскія адклады запоўнілі ўпадзіны. Радовішчы волава, вальфраму, баксітаў, золата, каменнага вугалю і інш. Клімат на Пн субэкватарыяльны, мусонны, на Пд — экватарыяльны. На раўнінах сярэднямесячныя т-ры круглы год 25—27 °C, ападкаў 1500—2000 мм, у гарах больш за 4000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі кароткія, мнагаводныя. Каля 70% тэрыторыі ўкрыта густым трапічным лесам, пераважна вільготным, вечназялёным, з багатай флорай і фаунай; на ўзбярэжжах — участкі мангравых лясоў. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавай пальмы. На М. сталіца Малайзіі — г. Куала-Лумпур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.
Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.
Літ.:
Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМА́ТРА (Sumatra, Sumatera),
востраў у зах. частцы Малайскага архіпелага, у складзе Вялікіх Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 435 тыс.км². Нас. каля 40 млн.чал. (2000). Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1700 км. Берагавая лінія слаба парэзаная, уздоўж узбярэжжа трапляюцца каралавыя рыфы. Зах.ч. ’вострава занята сістэмай гор Барысан (выш. да 3805 м, вулкан Керынчы), на У — забалочаныя раўніны. Горы складзены пераважна з палеазойскіх метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі, развіты эфузійна-асадкавыя адклады мезазою і кайназою, латэрыты. Радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю, золата, марганцу. Клімат экватарыяльны. Сярэднегадавая т-ра на раўнінах 25—27 °C, ападкаў 1500—3000 мм (у гарах месцамі больш за 6000 мм) за год. Густая рачная сетка. Асн. рэкі: Мусі, Хары, Індэрагіры, Кампар. Буйное воз. Тоба. Пад лесам каля 70% тэр. На раўнінах шмат’ярусныя трапічныя лясы, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, у гарах — лясы з вечназялёнага дубу, каштану, зараснікі лаўру, буку, хвойных і інш. парод. У фауне трапляюцца двухрогі насарог, інд. слон, малайскі мядзведзь, арангутанг, гібон, чапрачны тапір і інш.Нац. парк Гунунг-Лёсер, запаведнікі. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавых пальмаў, кавы. Асн. гарады: Палембанг, Паданг, Медан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ЛЮБСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 15 ст. па фундацыі Яна Няміры — канюшага вял.кн. Вітаўта. Асн. аб’ём амаль квадратны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне. Падмуркі складзены з неапрацаваных вял. і сярэдніх валуноў. Першапачаткова было 1-стаўповае збудаванне, з У закончанае прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўн. сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрыстыю, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся аконнымі праёмамі спічастай формы. У тоўшчы сцяны вітыя ўсходы вялі на хоры і паддашак. Усх. і зах. фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-й пал. 16 ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У 1576—1642 храм перароблены пад кальвінскі збор. Надбудаваны верх апсіды, асн. аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У 18—19 ст. да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа. У 1986 пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму, прэсбітэрыя і паўн. сакрыстыі. У 1988 храм адрамантаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХАДЖЭ́ННЕ Ў ЦА́РГРАД»,
помнік стараж.-рус. і бел. літаратуры 14 — пач. 15 ст. Напісана смаленскім дзякам Ігнаціем, які ў 1389 суправаджаў у вандроўцы ў Царград (Канстанцінопаль) рус. мітрапаліта Пімена і пасля абрання мітрапалітам Кіпрыяна быў пакінуты ў складзе дыпламат. місіі пры Канстанцінопальскай патрыярхіі. Помнік дайшоў у 2 рэдакцыях: кароткай (15 ст.) і летапіснай (16 ст.) і ў шэрагу іх варыянтаў. Складзены паводле загаду смаленскага епіскапа Міхаіла як працяг летапісу, які, магчыма, Ігнацій вёў з 1370 (пазней названы «Сказание летом въ кратце»). У «Хаджэнні» апісаны прылеглыя да горада мясціны. барацьба паміж Іаанам IV Калуянам і Мануілам II Палеалогам за візант. пасад у 1390, землетрасенне 1391, каранацыя Мануіла II у 1393. Твор вызначаецца высокімі маст. якасцямі і багатай інфармацыяй пра шлях на Усход, насельніцтва Прычарнамор’я, грамадска-паліт. жыццё Візантыі. У ім ёсць унікальныя звесткі пра помнікі архітэктуры і мастацтва, манастыры, хрысц. святыні і інш. Спалучае летапісны стыль і традыцыі паломніцкай л-ры; твор пераходны да свецкага апавядання пра падарожжы, ён адзін з першых узораў аўтабіягр.бел. прозы.
Да тэксту Ігнація ў летапіснай рэдакцыі памылкова далучана ананімнае «Апісанне Іерусаліма», выпадкова пераплеценае ў 16 ст. разам з «Хаджэннем».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФУЗІ́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ (ад лац. effusio разліццё, расцяканне), выліўныя горныя пароды,
пароды, якія ўтварыліся на зямной паверхні, на дне мораў і акіянаў з лавы. што вылілася пры вулканічных вывяржэннях. Разам з інтрузіўнымі горнымі пародамі ўтвараюць вял. групу магматычных горных парод.
Адрозніваюць уласна эфузіўныя (узніклі пры свабодным выліванні лаў), экструзіўныя (з вязкіх магм, выціснутых на паверхню). Залягаюць у выглядзе лававых патокаў, покрываў, утвараюць вулканічныя конусы, купалы, шчыты, каскады, абеліскі і інш.геал. целы. Складзены з вулканічнага шкла (базіс), найдрабнейшых крышталёў — мікралітаў і больш буйных парфіравых украпанікаў — фенакрышталёў. Найб. характэрныя іх структуры — парфіравыя. мікралітавыя, вітрафіравыя. Паводле рэчыўнага складу падзяляюцца на кіслыя, сярэднія, асноўныя, ультраасноўныя і шчолачныя. Пры змене Э.г.п. гіпергеннымі, гідратэрмальнымі. метамарфагеннымі і інш. працэсамі вулканічнае шкло раскрышталізоўваецца, мікраліты і фенакрышталі замяшчаюцца другаснымі мінераламі. У залежнасці ад гэтага адрозніваюць Э.г.п. — кайнатыпныя (нязменныя) і палеатыпныя (змененыя ў рознай ступені).
На Беларусі Э.г.п. найб. пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна і схілы прылеглых структур) у валынскай серыі венду (базальты, андэзіта-дацыты, трахіліпарыты) і на ПдУ (усх.ч. Прыпяцкага прагіну, Лоеўская седлавіна і інш.) сярод верхнедэвонскіх адкладаў (трахіты, нефелініты, лейцыціты, пікрыты і інш.); вядомы таксама ў рыфейскіх (кварцавыя парфіры) і архейска-ніжнепратэразойскіх адкладах (дыябазы і інш.).