на́йгрыш, ‑у, м.
1. Народная інструментальная мелодыя, часцей танцавальная.
2. Ненатуральнасць, штучная напружанасць (у ігры артыста і наогул у паводзінах, манерах). Без усякай экзотыкі і найгрышу жыве артыстка багатым унутраным жыццём гераіні. «Маладосць». Сяргей зразумеў, што Волька гаворыць усё гэта шчыра, што ні ў чым у яе няма найгрышу. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да наехаць.
2. Час ад часу прыязджаць. Старыя яшчэ і цяпер памятаюць, як [сын] часам улетку наязджаў у Гарнастаеўку. Сабаленка.
3. Рабіць наезды, нападаць. [Цімох Будзік:] — Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі. Колас. [Карнікі] звычайна наязджалі і распраўляліся ў сёлах, дзе сустракалі сабатаж або сляды партызанскай дзейнасці. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неаба́члівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які дзейнічае неразважліва, не думае аб выніках. Аўтар часам бывае неабачлівы, калі.. раптам адмаўляецца ад катэгарычнасці ранейшых сцвярджэнняў. «Полымя». // Пазбаўлены абачлівасці; неасцярожны, неабдуманы. Неабачлівы ўчынак. □ Лёгка было аступіцца, паляцець у бездань. Але нешта ўсё-такі ўтрымала хлопца ад неабачлівага кроку. Сабаленка.
2. Няўважлівы, нячулы. Неабачлівыя адносіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падлама́цца, ‑ломіцца; зак.
Зламацца, надламацца знізу. Ножка крэсла падламалася. □ Крылы [лебедзя] урэшце падламаліся, Галава ў ваду апусцілася. Багдановіч. // Падагнуцца ад слабасці, стомы і інш. (звычайна пра ногі). Лежачы ў кювеце, .. [Галя] бачыла, як гарэлі машыны, бачыла, як у аднаго салдата, што адбягаў ад машыны, падламаліся ногі, і ён упаў на брук. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрачына́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Прачнуцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Некаторыя раненыя папрачыналіся, і чуваць было, як яны з крэктам варочаліся з аднаго боку на другі. Лобан. Была летняя раніца і тая сцішанасць, калі яшчэ не ўсе папрачыналіся і вуліц не запоўніла людская мітусня і гамонка. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н.; задаць пытанне. — Хазарычы адсюль далёка? — дастаўшы з планшэткі і разгарнуўшы на стале палявую карту, папытаў камендант. Сабаленка. Раптам Пятрок падумаў: «А от вазьму ды папытаю, што .. [Сальвэсь] тут робіць. Папытаю і паеду зараз жа». Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму і без дап.
Выказаць спагаду каму‑, чаму‑н. Хлопчыку вельмі захацелася, каб яго хоць хто пашкадаваў, паспагадаў яму. Сабаленка. [Чыкілевіч:] — Прыйшоў да чалавека ў хату, пагаварыць, паспагадаць, а ён, Мікіта, .. гоніць мяне з хаты! Колас. [Дзяніс] нічыю радасць не раздзеліць, чужому гору не паспагадае. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабале́ць, ‑ліць; зак.
Перанесці, зазнаць моцны боль. Пакуль збярэш [ураджай] — колькі мук вынесеш, колькі сэрца тваё перабаліць. Гартны. // Перастаць балець; супакоіцца, адбалець. [Пятро Сцяпанавіч:] — Усё гэта пройдзе, уляжацца, перабаліць. Палтаран. / у безас. ужыв. І бацька з цягам часу стаў адносіцца да мяне, як да таго адрэзанага пальца: адцяў, выкінуў, перабалела, і ўсё. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пікі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Зніжацца на вялікай хуткасці і амаль вертыкальна (аб самалёце). Цяжкія самалёты хвалямі наплывалі на ціхае неба горада. Яны рэзка пікіравалі з вышыні і калацілі выбухамі зямлю. Сабаленка.
пікірава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; незак., што.
Спец. Перасаджваць маладыя расліны пры дапамозе завостранага кіёчка-пікі. Пікіраваць расаду капусты.
[Фр. piquer — калоць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)