КАЛМАНО́ЎСКІ (Эдуард Савельевіч) (9.1.1923, г. Магілёў — 27.6.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1974), нар. арт. Расіі (1981), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1945, клас В.Шабаліна). Асн. галіна творчасці — песні («Я люблю цябе, жыццё», «Ці хочуць рускія вайны», «Бірусінка», «Алёша», «Вальс аб вальсе», «Мужчыны», «Песенька без канца»). Аўтар оперы «Беласнежка» (1965), муз. камедый «Жаночы манастыр» (1963), «Вось ужо гэты Вронскі» (1975), музыкі да драм. спектакляў («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра і інш.), аркестравых і эстр. п’ес, рамансаў. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Літ.:

Игнатьева М.А. Э.​Колмановский. М., 1983.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯДАВА́ННЕ,

у славян і інш. народаў традыц. звычай абходу хат на каляды і віншаваць гаспадароў. Каляднікі (калядоўшчыкі) насілі звязду і выконвалі велічальныя калядныя песні, тэатралізаваныя сцэнкі з пераапрананнем у «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жураўля». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. — стараж. агр. абраднасць, прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу, ад каляд сонца паварочвала на лета) і забеспячэнне багатага ўраджаю ў новым гасп. годзе. К. як рэшткі язычніцтва забаранялася царквой. З цягам часу яно ператварылася ў забаву.

А.​І.​Гурскі.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТРЫ (ад англ. country music вясковая музыка),

у шырокім сэнсе — пласт традыцыйнай сялянскай песенна-танц. культуры Вялікабрытаніі і белага насельніцтва ЗША (пераважна Поўдня і Сярэдняга Захаду), у вузкім — галіна амер. папулярнай музыкі 20 ст., заснаваная на традыцыях гэтай культуры. Уключае нар. і аўтарскія песні, балады, рэліг. гімны, інстр. п’есы, танцы. Тыповыя інструменты К. — скрыпка, банджа, мандаліна, гітары розных відаў, кантрабас, губны гармонік, акардэон. Для ансамбляў К. (2—10 чал.) характэрны спецыфічнае «насавое» спяванне ў высокай тэсітуры, паслядоўнае чаргаванне салістаў у вак. і інстр. эпізодах.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАЛА́ПАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 20.7.1948, г. Магілёў),

бел. танцоўшчык і музыкант. Засл. арт. Беларусі (1983). З 1970 артыст балета Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1974 фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», з 1988 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята». Разнапланавы характарны танцоўшчык і музыкант. Тэмпераментна і маляўніча выконвае розныя сола ў пастаноўках калектыву, у т. л. сола на акарыне ў нар. песнях «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песні-баладзе» ў апрацоўках В.​Купрыяненкі, танец з гармонікам у сюжэтнай харэагр. кампазіцыі «Спаборніцтва музыкаў» і інш.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́ЕЎ (Эфендзі Мансуравіч) (13.3.1900, с. Кумух Лакскага р-на, Дагестан — 27.1.1944),

дагестанскі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім маш.-буд. ін-це (1928—31). Друкаваўся з 1931. Пісаў на рус. мове. Складальнік зб-каў «Дагестанскія паэты» (1932), «Дагестанская анталогія» (1934), кніг горскага фальклору «Песні горцаў» (1939), «Разьба па камені» (1940). Аўтар цыкла навел «Паэт» (1944) і «Запісныя кніжкі» (выд. 1956). У кн. «Франтавыя нарысы» (1944) героіка ўсенар. барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. М., 1979.

Літ.:

Чудакова М. Эффенди Капиев. М., 1970.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРО́БАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус. нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.

Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДА́ЦЫЯ (лац. gradatio ад gradus ступень),

стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.​Караткевіча:

Ты — наш сцяг, што нікому,

         нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць,

         забыць ці мячом зваяваць.

Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.​Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),

расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «І хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.

Літ.:

Ливанова Т. В.​Г.​Захаров. М., 1954;

Воспоминания о В.​Г.​Захарове. М., 1967.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́СНЯ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАЎНЕ́РАЎ 1794 ГО́ДА»,

бел. ананімны вершаваны твор. Напісаны ў адукаваным асяроддзі шляхты з мэтай уздзейнічаць на сялянства. Стылізаваны пад нар. песню. Першы ў бел. л-ры непасрэдны заклік да нар. мас узяць у рукі зброю, далучыцца да нац.-вызв. паўстання 1794 на чале з Т.​Касцюшкам. У «Песні...» выразныя водгукі польск. паўстанцкай паэзіі «касцюшкаўскіх марсельез» і патрыят. «Спеўкі кракаўскіх сялян» (1794). Паводле сваёй эстэт. сістэмы твор належыць да новай бел. л-ры.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАШКЕ́ВІЧ (Алена Аляксандраўна) (н. 1.4.1949, в. Гаўлі Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970). З 1970 салістка Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1996 і ў камерна-інстр. ансамблі Бел. тэлебачання і радыё. Валодае лёгкім і рухомым голасам. У рэпертуары бел., рус., укр. нар. песні, творы бел. і рус. кампазітараў, духоўная музыка («Святы Божа» М.​Кулінковіча, «Цябе пяём» Ф.​Сцяпанава, «Малітва» В.​Кваснеўскага), аўтарская песня, творы класічнага рэпертуару. Лаўрэат фестывалю «Красавіцкая вясна» ў КНДР (1989).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)