МЁЗЕР (Möser) Іаган Георг, архітэктар і будаўнік 2-й пал. 18 ст. Немец. З 1738 жыў і працаваў у г. Гродна, у 1765—74 на службе ў гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Паводле яго праектаў узведзены Гродзенскі палац Тызенгаўза (1760—70-я г.), корчмы «Галеча», «Выгода» (знесены ў канцы 19 ст.), «Раскоша» (усе 1770-я г., з арх. Дж.Сака; знішчана падчас рэканструкцыі вул. Ажэшкі), Гродзенскі тэатр Тызенгаўза (1780-я г.). Аўтар тыпавых праектаў жылых дамоў для майстроў (1760-я г., гл.Гарадніца), якія працавалі на мануфактурах Тызенгаўза, і вайсковай варты Гродзенскай каралеўскай эканоміі (пабудаваны ў 1768—73). Выкладаў у школе будаўнікоў на Гарадніцы ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУСАВА́Т»
(цюрк. роўнасць),
азербайджанская нац. партыя ў пач. 20 ст. Створана ў 1911 у Баку М.Расул-задэ і А.Кязім-задэ пад назвай Мусульм.дэмакр. партыя «М.». Моцны ўплыў на яе ідэалогію аказалі ідэі панцюркізму і панісламізму, адначасова выступала за мадэрнізацыю азерб. грамадства. У чэрв. 1917 «М.» аб’яднаўся з Цюркскай партыяй федэралістаў у Цюркскую дэмакр. партыю федэралістаў «М.», якая выступала за нац.-тэр. аўтаномію Азербайджана. У маі 1918 лідэры «М.» ўзначалілі ўрад Азерб.Дэмакр. Рэспублікі (А.М.Тапчыбашаў — спікер парламента; Ф.Хойскі, потым М.Г.Гаджынскі — старшыні савета міністраў). Пасля заняцця Баку Чырв. Арміяй і абвяшчэння Азерб. ССР б.ч. кіраўніцтва «М.» эмігрыравала і партыя некаторы час дзейнічала як эмігранцкая арг-цыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПЛАСТЫЦЫ́ЗМ,
кірунак у зах.еўрап. жывапісе 1-й пал. 20 ст.Засн. ў 1917 П.Мондрыянам, які сфармуляваў тэорыю і мэты Н. ў час. «Style» («Стыль») і брашуры «Неапластыцызм» (1920). Гал. рыса Н. — строгае выкарыстанне выяўл. сродкаў. Карціна будавалася на элементарных апазіцыях: колер — не колер (ахраматычныя колеры), гарызанталь — вертыкаль, буйное — дробнае. Для пабудовы яе формы Н. дапускаў толькі гарыз. і верт. лініі і перасячэнне іх пад прамым вуглом, адмаўляўся мазок для падкрэслівання плоскаснасці, асн. колеры — чырвоны, сіні і жоўты, да якіх дадаваліся толькі чорны і белы. Адзінства гэтых процілегласцей, на думку Мондрыяна, сімвалізуе ўраўнаважанасць сіл у гармоніі светабудовы. Канцэпцыю Н. прынялі мастакі групы «Стыль».
Да арт.Неапластыцызм. П.Мондрыян. Нью-Йорк-сіці I. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,
бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ (Paul) Герман (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),
нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін з асн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Падрэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМСО́Н (стараж.-яўр.Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),
у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш.), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.Мантэньі, статуя М.І.Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.Сен-Санса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІЛУ́Р (грэч. Skiluros),
скіфскі цар 2 ст. да н.э. Вядомы з твораў Страбона, Плутарха, з надпісаў на манетах г. Ольвія. Пры ім познаскіфскае царства (ахоплівала панізоўі Паўд. Буга, Дняпра, стэпавы Крым) дасягнула значнага росквіту: мела флот, у Ольвіі чаканіла манету, вяло гандаль. Каб пашырыць свае ўладанні і атрымаць выхад да мора, С. заключыў ваен. саюз з сармацкім племем раксаланаў і пачаў вайну. Аднак пантыйскі цар Мітрыдат VI Еўпатар узяў пад абарону Херсанес. У час вайны з Мітрыдатам С. памёр, а Скіфія каля 108—107 да н.э. пацярпела паражэнне. У сталіцы царства Неапалі скіфскім (цяпер на тэр.г. Сімферопаль, Украіна) выяўлены грэч. надпіс з імем цара С. і яго маўзалей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАХО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іосіфавіч; 3.7.1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 7.2.1956),
бел. пісьменнік. Быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1938 у час. «Полымя рэвалюцыі». Друкаваўся з 1928. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952). Аповесці «Пампей Шчупак» (1940) пра калгасную вёску, «Шумяць лясы» (1944) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Раманы «Пад мірным небам» (1947—49) і «Шырокія гарызонты» (1952) пра бел. вёску першых пасляваен. гадоў. Пісаў для дзяцей: зб-кі апавяданняў «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). На бел. мову пераклаў «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.Палявога і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРЫВА́ЛЬНІК,
прыстасаванне, што перадае ўзрыўны імпульс разрыўному зараду ў розных боепрыпасах. Спрацоўвае пры сутыкненні з цэлямі, на вызначанай глыбіні пад вадой і інш. пэўных умовах. Паводле прызначэння адрозніваюць У. да артыл. снарадаў і мін, баявых ч. ракет і тарпед, марскіх мін, авіябомбаў і інш.; паводле прынцыпу дзеяння — кантактныя, дыстанцыйныя, некантактныя, камбінаваныя; паводле размяшчэння ў боепрыпасе — галаўныя, донныя, бакавыя, універсальныя. Бяспека У. (у т. л. здольнасць спрацоўваць у вызначаны час) забяспечваецца засцерагальнікамі. Пераход У. ў стан гатоўнасці да дзеяння наз. ўзвядзеннем. У. з некалькіх блокаў, размешчаных у розных месцах боепрыпасу, наз. ўзрыўным прыстасаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМСКІ Міхаіл Васілевіч (27.2.1903, г.п. Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.11.1986),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1925), бранятанк. курсы ўдасканалення камсаставу (1932), Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1937). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце. Удзельнік баёў пад Масквой, Варонежам, Сталінградам, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы. Механіз. брыгада на чале з палк. Х. у час Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 з баямі прайшла ад р. Вісла да р. Одэр, вызваліла больш за 300 нас. пунктаў, нанесла праціўніку значны ўрон у баявой тэхніцы і жывой сіле. Да 1952 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Пружаны Брэсцкай вобл.