АМАНУЛА́-ХАН (1.6.1892 — 25.4.1960),

кароль Афганістана ў 1919—29. 28.2.1919 абвясціў незалежнасць Афганістана і ўзначаліў вызв. барацьбу супраць Вялікабрытаніі. У 1921 заключыў з РСФСР дагавор аб дружбе, у 1926 — з СССР дагавор аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзенні. Праведзеныя ім рэформы спрыялі цэнтралізацыі краіны, развіццю нац. эканомікі і культуры, умацаванню незалежнасці дзяржавы. У выніку антыўрадавага паўстання 1928—29 быў вымушаны пакінуць краіну. Памёр у Цюрыху.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕНДРОТ ((Abendroth) Герман) (19.1.1883, Франкфурт-на-Майне — 29.5.1956),

нямецкі дырыжор. З 1903 кіраўнік сімф. аркестраў у Мюнхене, Кёльне, Берліне і інш., з 1934 — аркестра Гевандхаўза і праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1945 генерал-музік-дырэктар у Веймары, кіраўнік сімф. аркестраў радыё ў Лейпцыгу і Берліне. Вядомы як інтэрпрэтатар твораў Л.​Бетховена, І.​Брамса, А.​Брукнера. Чл. Ням. акадэміі мастацтваў (ГДР). Нац. прэмія ГДР 1949.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАЦЬБА́»,

газета Літоўска-Беларускага абл. к-та Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП). Выходзіла нелегальна з 15.8.1921 да снеж. 1922 у Вільні на бел. мове (асобныя матэрыялы друкавала на рус. і польск. мовах). Была разлічана на рабочых, сялян, с.-г. рабочых (парабкаў), парт. і камсамольскі актыў Зах. Беларусі. Асвятляла барацьбу працоўных Зах. Беларусі супраць сац. і нац. прыгнёту, жыццё ў БССР і Сав. Расіі. Вядома 10 нумароў.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЫ́ЛІЯ (Bastille),

крэпасць у Парыжы ў 14—18 ст. Пабудавана ў 1370—82. У 15 ст. ператворана Людовікам XIV у турму. У канцы 16 ст. тут трымалі пераважна паліт. зняволеных. Была сімвалам дэспатызму Бурбонаў. 14.7.1789 паўстанцы штурмам узялі Бастылію, што стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У 1790 Бастылія разбурана. З 1880 у Францыі дзень 14 ліп. святкуюць як нац. свята.

Узяцце Бастыліі. Малюнак Ф.​Л.​Прыёра.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЭМІГРА́НТ»,

штомесячная газета бел. эміграцыі, орган Згуртавання беларусаў Канады. Выдавалася ў 1948—54 у Таронта (да кастр. 1949, № 1—19, на рататары). Гал. рэдактар К.​Акула (з № 9 за 1948). Газета прапагандавала ідэю нац. незалежнасці Беларусі, друкавала матэрыялы аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі і інш. Імкнучыся дапамагчы беларусам прыстасавацца да жыцця ў эміграцыі, змяшчала інфармацыю аб Канадзе, парады. Выйшла 58 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРЫ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА (Ohrid),

возера ў Македоніі і Албаніі. Размешчана ў міжгорнай катлавіне на выш. 695 м. Пл. 348 км². Глыб. да 285 м. Падземнымі карставымі поласцямі злучана, магчыма, з воз. Прэспа. З Ахрыдскага возера выцякае р. Чорны Дрын (сцёк у Адрыятычнае м.). Суднаходства. Рыбалоўства. Да Ахрыдскага возера прымыкае нац. парк Галічыца (Македонія). Узбярэжжа Ахрыдскага возера. — курортная зона, на берагах — гарады Охрыд (Македонія), Паградэц (Албанія).

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЖУ́Л, Банжул (Banjul),

горад, сталіца Гамбіі. Адм. ц. акругі Банджул. Засн. ў 1816. Да 1973 называўся Батэрст. 150 тыс. ж. (1990). Порт на в-ве Сент-Мэры ў вусці р. Гамбія. Ачыстка, апрацоўка і вываз арахісу, вытв-сць арахісавага алею. Рачное і марское рыбалоўства. Перапрацоўка гародніны і рыбы. Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., мэблевай, паліграф. прам-сці; аўтарамонт. Суднаверф. Музей. Нац. б-ка. На Пд ад Банджула — міжнар. аэрапорт.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМАЛУ́НГМА, Эверэст, Сагарматха,

самая высокая вяршыня на Зямлі, у Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8848 м. Складзена з гнейсаў, крышт. вапнякоў і сланцаў. Мае форму піраміды са стромкімі схіламі. Ледавікі. Упершыню дасягнута 29.5.1953 шэрпам Н.​Тэнцынгам і новазеландцам Э.​Хілары, сярод жанчын — японкай Ю.​Табей (1976). Часткова ўваходзіць у склад нац. парку Сагарматха (Непал).

Джамалунгма (Эверэст). З карціны М.​К.​Рэрыха.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛМАЦІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг (больш за 1000 астравоў) у Адрыятычным м., тэр. Харватыі. Пл. каля 2500 км². Самыя вял. а-вы: Крк, Брач, Црэс, Хвар, Корчула. Утварыліся пры затапленні морам часткі берагавой паласы. Узгорысты і нізкагорны рэльеф, выш. да 778 м (на в-ве Брач). Складзены пераважна з вапнякоў, развіты карст. Клімат і расліннасць міжземнаморскія. Вінаграднікі, сады, плантацыі цытрусавых, аліўкаў. Нац. паркі: Корнат, Млет. Марскія курорты. Турызм.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ (Вячаслаў Іосіфавіч) (н. 15.4.1941, в. Дзякшняны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні. З 1989 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1963. У вершах Д. — жыццё і праца, трывогі і клопаты сучаснікаў. Выступае як публіцыст. На бел. мову пераклаў п’есу Э.​Вільдэ «Няўлоўны цуд».

Тв.:

Загадка Атлантыды. Мн., 1983.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)