МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,
здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.
т. 10, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць аднаго ліку (ці алг. выразу) дзяліцца на другі (гл. Дзяленне). Напр., адзін цэлы лік кратны другому, калі ў выніку дзялення першага (дзеліва) на другі (дзельнік) атрымліваецца таксама цэлы лік.
Уласцівасці П. залежаць ад таго, якія сукупнасці лікаў разглядаюцца. Лік наз. простым, калі ў яго няма дзельнікаў, адрозных ад яго самога і адзінкі (напр., лікі 2, 3, 5, 7), і састаўным у процілеглым выпадку. Любы цэлы састаўны лік можна адназначна раскласці ў здабытак простых лікаў, напр., 72 = 2∙2∙2∙3∙3. Існуюць прыкметы, па якіх лёгка вызначыць, ці дзеліцца зададзены лік на просты. Напр., лік дзеліцца на 2, калі яго апошняя лічба цотная; лік дзеліцца на 3 (ці 9), калі сума яго лічбаў дзеліцца на 3 (ці 9).
т. 11, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДА́ТКАВЫЯ О́РГАНЫ раслін, адвентыўныя органы раслін,
пупышкі, карані і інш. органы, якія ўтвараюцца ў месцах, у якіх яны звычайна не развіваюцца. Узнікаюць адносна позна (часта з другасных мерыстэм) і эндагенна. Прыдаткавыя карані ўтвараюцца на сцёблах, лістах, часам на старых стрыжнёвых каранях, якія страцілі першасныя мерыстэмы; прыдаткавыя пупышкі і парасткі — на каранях, у міжвузеллях сцёблаў (у адрозненне ад нармальных пазушных пупышак), на лістах.
Для многіх раслін утварэнне П.о. — заканамерны працэс, замацаваны генетычна. Важную ролю яны выконваюць у вегетатыўна рухомых (карэнішчавых, паўзучых) раслін і тых, што размнажаюцца вегетатыўна, калі новыя асобіны аддзяляюцца ад матчыных раслін (напр., кусты суніц — з вусоў, бульбы — з клубняў) і маюць толькі прыдаткавыя карані. Здольнасць да ўтварэння П.о. выкарыстоўваецца ў раслінаводстве, лесаводстве, інтрадукцыі раслін (чаранкаванне, размнажэнне атожылкамі, дзяленне карэнішчаў).
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ба́чанне, ‑я, н.
1. Зрокавае ўспрыманне рэчаў навакольнага асяроддзя. Выразнае бачанне прадмета. □ Бачаннем жорава не зловіш. Прыказка. // Здольнасць арганізма ў сонным стане ўяўляць зрокавыя вобразы.
2. Разумовае ўсведамленне, успрыманне навакольнага свету. Свежасць паэтычнага бачання жыцця. □ Бачанне прыгожага і ўтылітарнага ў адзінстве, непарыўнай сувязі мела для эстэтыкі савецкай літаратуры надзвычай вялікае значэнне. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праве́зці, -вязу́, -вязе́ш, -вязе́; -вязём, -везяце́, -вязу́ць; правёз, -ве́зла; -вязі; -ве́зены; зак., каго-што.
1. Везучы, даставіць.
П. бліжэйшым шляхам.
2. Везучы, мінаваць што-н.
П. каля Палаца мастацтваў.
3. Перавезці з сабой у чым-н.
П. кнігі ў чамадане.
П. кантрабанду цераз граніцу.
4. Тое, што і пракаціць (у 2 знач.).
А ну, правязі мяне на машыне!^ незак. право́зіць, -во́жу, -во́зіш, -во́зіць.
|| наз. право́з, -у, м. (да 1 і 3 знач.).
|| прым. правазны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).
Правазная здольнасць чыгункі.
Правазная плата за багаж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
камуфля́ж
(фр. camouflage)
1) спосаб маскіроўкі, пры якім прадметы, будынкі, ваенная тэхніка фарбуюцца ў плямы рознага колеру;
2) здольнасць некаторых жывёл прымаць афарбоўку прадметаў навакольнага асяроддзя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
анаплазі́я
(ад ана- + гр. plasis = утварэнне)
вяртанне клетак і тканак у недыферэнцыраваны стан, у якім яны перастаюць выконваць спецыфічныя функцыі і набываюць здольнасць да неабмежаванага росту.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
алатро́пія
(ад ала- + -тропія)
здольнасць аднаго і таго ж хімічнага элемента выступаць у выглядзе некалькіх простых рэчываў (напр. вуглярод існуе ў выглядзе вугалю, графіту і алмазу).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
вале́нтнасць
(ад лац. valentia = сіла)
уласцівасць атама аднаго элемента далучаць да сябе пэўную колькасць атамаў другога элемента;
2) лінгв. здольнасць слоў спалучацца з пэўнымі іншымі словамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)