павысыпа́цца ​1, ‑аецца; зак.

Высыпацца адкуль‑н. — пра ўсё, многае. Павысыпалася зерне з каласоў. □ Хлопчык павіс уніз галавой. Арэхі з яго кішэняў павысыпаліся на зямлю. Сіняўскі. // Разбіўшыся, выпасці ў многіх месцах, усюды. Выбухамі паадчыняла вокны, павысыпалася шкло, і было відаць, што кватэры пустыя. Арабей.

павысыпа́цца ​2, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Выспацца — пра ўсіх, многіх. Дзяўчаты, што жывуць у дамку, скіданым з аполкаў на краю палянкі, дык не тое што павысыпаюцца, нават прыемных сноў не дасняць, калі яны каторым набрыдуць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кінары́нхі

(н.-лац. kinorhyncha)

клас нематгельмінтаў, чэрві з пляскатым целам даўжынёй да 1 мм, расчлененым на ўчасткі, з венчыкам шыпоў або кручкоў і хабатком, якія жывуць у марскім грунце.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адэнафарэ́і

(н.-лац. adenophorea)

падклас нематодаў, чэрві з органамі асязання дотыку па ўсім целе; жывуць пераважна ў морах, радзей у прэсных водах і глебе, некаторыя — паразіты раслін і жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

немерці́ны

(н.-лац. nemertini, ад гр. Nemertes = імя адной з нерэід)

тып скалецыдаў чэрві з падоўжаным целам (ад 0,5 мм да 30 м), якія жывуць пераважна на дне мораў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэнаба́тны

(ад стэна- + гр. bathos = глыбіня)

прыстасаваны да жыцця на пэўнай глыбіні;

с-ыя жывёлы — водныя жывёлы, якія жывуць на пэўнай глыбіні і пры пэўным вадзяным ціску (параўн. эўрыбатны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

убікві́сты

(ад лац. ubique = скрозь)

расліны і жывёлы, здольныя жыць у разнастайных умовах навакольнага асяроддзя (напр. воўк, ліса жывуць у лясах, стэпах, гарах, хвойныя дрэвы — у розных кліматычных паясах).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кало́нія

(лац. colonia = пасяленне)

1) краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца якой-н. дзяржавай;

2) пасяленне перасяленцаў з іншай краіны, вобласці;

3) згуртаванне землякоў у чужым горадзе, чужой краіне;

4) месца жыхарства асоб, паселеных разам з пэўнай мэтай (лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай);

5) сукупнасць арганізмаў, якія жывуць злучаныя адзін з адным (напр. к. каралаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БАКЛА́НЫ (Phalacrocoracidae),

птушкі сямейства бакланавых атр. весланогіх, 2 роды, 30 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць на марскіх узбярэжжах, астравах, вял. унутр. вадаёмах. На Беларусі вельмі рэдка трапляецца як залётны від баклан вялікі (Phalacrocorax carbo).

Даўж. 55—92 см, маса да 3 кг. Апярэнне дарослых чорнае. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі, шорсткі. Пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Добра плаваюць і ныраюць на вял. глыбіню. Гняздуюцца калоніямі. Гнёзды будуюць на скалах, дрэвах, заломах чароту, на роўных берагах. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца рыбай і ракападобнымі. Шкодзяць рыбнай гаспадарцы. У некаторых раёнах Японіі і Кітая шмат стагоддзяў бакланаў выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы. Некаторыя занесены ў Чырв. кнігі МСАП і б. СССР.

Баклан вялікі.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКІ (Ephemeroptera),

атрад насякомых падкл. адкрытасківічных. Вядомыя з карбону. Найб. прымітыўныя з крылатых насякомых. Пашыраны ўсюды. У сусв. фауне 17 сям., больш за 2 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў, найб. вядомыя — аўсянік звычайны (Ephemera vulgata), аўсянік дацкі (Ephemera danica) і аўсянік двухкрылы (Cloëon dipterum).

Даўж. ад 1 мм да 6 см. Пярэднія крылы даўжэйшыя за заднія. На канцы брушка 2—3 членістыя ніткападобныя вырасты. У дарослых ротавага апарата няма. Развіццё з няпоўным пераўтварэннем. Ад інш. насякомых адрозніваюцца наяўнасцю 2 крылатых фаз — субімага і імага. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, кормяцца дэтрытам, глеем, водарасцямі. Жывуць ад некалькіх гадзін да 10 сутак. Корм для рыб.

Аўсянік звычайны.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НКІ (Emberiza),

род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.

Аўсянкі: 1 — звычайная (а — самка; б — самец); 2 — садовая; 3 — чаротавая (а — самец; б — самка); 4 — прасянка.

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)