рыба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Займацца рыбнай лоўляй; быць рыбаком. Каторы год я рыбачу на гэтым месцы, і кожнае лета тут пасяляюцца ластаўкі. Ігнаценка. У Мікіткі на рацэ ёсць сваё любімае месца, дзе ён заўсёды рыбачыць. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́гадны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ягады, уласцівы ягадам. Ягадная костачка. Ягадны пах. // Які дае, прыносіць ягады. Ягадныя расліны. // Багаты на ягады. Ягадны год. Ягаднае месца ў лесе. // Прыгатаваны з ягад, з ягадамі. Ягаднае варэнне. Ягадны кісель.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́к1 ру͡ок, рык, рікгод’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rokгод’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1883—1914 у г. Ваўкавыск. У 1908 мела газава-бензінавы рухавік. Выпускала тытунёвых вырабаў (курыльны тытунь, махорка, папяросы і цыгарэты) да 5,7 тыс. пудоў за год (1910). Працавала ад 25 (1884) да 385 (1900) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНАСЦЬ РАКІ́,

колькасць вады, якая пераносіцца ракой за год. Звычайна выражаецца праз сярэдні шматгадовы расход вады ці сярэдні шматгадовы аб’ём гадавога сцёку з яе басейна. Сумарная ваданоснасць рэк Беларусі характарызуецца велічынёй расходу каля 1800 м³/с і аб’ёмам гадавога сцёку 57,9 км³.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ГУА (Antigua),

каралавы востраў у Вест-Індыі, у групе Наветраных а-воў (архіпелаг М.​Антыльскія а-вы). Тэр. дзяржавы Антыгуа і Барбуда. Пл. 280 км². Выш. да 402 м. Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Ападкаў каля 1300 мм за год. Адкрыты Х.​Калумбам (1493).

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНІК (лац. Auriga),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Капэла (α Возніка) 0,1 візуальнай зорнай велічыні, 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і ёсць падвойныя зоркі, зорныя скопішчы. На тэр. Беларусі відаць увесь год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вознік.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

звяць, звяну, звянеш, звяне; зак.

1. Стаць вялым, бляклым; завяць. Кветкі звялі ад спякоты. Трава звяла. // перан. Страціць свежасць; змарнець. Хоць Барташэвічу і было больш за шэсцьдзесят год, усё ж ён яшчэ быў пругкім чалавекам, а жонка ў зорак пяць год звяла, як кветка ў спёку. Гурскі.

2. перан. Зрабіцца вялым, млявым. Цягавіты стары, каб прыйшлося, перамог бы яшчэ сваю ўтому пасля цяжкай дарогі і прайшоў бы яшчэ адным махам з пяцьдзесят кіламетраў, але тут задушыла яго трывога: ён зусім звяў. Чорны. І ногі і рукі ў Івана звялі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вэ́рхал, ‑у, м.

Разм. Страшэнны беспарадак, неразбярыха; крык, шум. У доме — вэрхал, усё пайшло дагары нагамі. Карпаў. На ферме зноў падняўся вэрхал: спрачаліся, каму колькі год. Пташнікаў. Бегае, круціцца, галёкае, як ашалелы: вечны вэрхал праз яго на дварэ. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адма́лку, прысл.

З малых год, з маленства; змалку. А якая ж навука патрэбна для тых, што да працы вялікай рыхтуюць малых, навучаюць у школе адмалку дзяцей? Дубоўка. Засталася там ніва, Што адмалку карміла, Засталася крыніца, Што вадою паіла. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)