а́ркуш, ‑а, м.
Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону. □ Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.
•••
Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб’ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў.
Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб’ёму кнігі.
[Польск. arkusz з лац. arcus— дуга.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асле́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аслеп, ‑ла; зак.
1. Стаць сляпым, страціць зрок. [Зоська:] Што ж гэта я, значыцца, аслепну? [Данілка:] Можа і аслепнеш. Але ты і ўжо не ўсё бачыш. Купала. // перан. Перастаць прапускаць святло. Побач — пародыя на магазін, Вокны аслеплі ад тлустай гразі. Панчанка. // перан. Стаць цёмным, непраглядным. Аслепла ўсё, І толькі свеціць «Сляпак» паходны ў бліндажы. Калачынскі. // Часова перастаць бачыць, адрозніваць прадметы. Мядзведзь на хвіліну аслеп. Бядуля. Увайшоў.. [Янка] у палац, глянуў угору, траха не аслеп. Якімовіч.
2. перан. Перастаць заўважаць, разумець тое, што адбываецца вакол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ахвярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
1. каго-што і без дап. Добраахвотна аддаць (аддаваць), прынесці (прыносіць) у дар што‑н. Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі камянямі. Бядуля. У гэты перыяд М. Федароўскі ахвяруе многім .. музеям сабраныя ім на Беларусі прадметы матэрыяльнай культуры. Саламевіч.
2. кім-чым. Не пашкадаваць (не шкадаваць) каго‑, чаго‑н., адмовіцца (адмаўляцца) ад каго‑, чаго‑н. Грысь адзначыў: — Пчала ахвяруе сваім жыццём, калі трэба... Кулакоўскі. [Артысты] летась ахвяравалі сваім адпачынкам і ездзілі з канцэртамі аж на цаліну. Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імпэ́т, ‑у, М ‑пэце, м.
1. Разгон, парывістасць, імклівасць. [Калёсы] коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй. Бядуля. — Зірні на ручайкі — з якім імпэтам Яны свідруюць снег, туманах сточаны! Гілевіч. // Гарачы парыў, запал. Працоўны імпэт. □ [Таможнік і жандар] завіхаліся сярод багажу з такой рашучасцю, з такім імпэтам, што нам аж шкада стала: трэба ж нарабіць такога клопату людзям. Лынькоў.
2. Абл. Пах, дух. Калі дзьмуў вецер з поўначы, тут заўсёды пахла смалою, ішоў здаровы лясны імпэт. Чорны. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Гартны.
[Ад лац. impetus — парыў, разбег, напор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.
1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.
2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.
2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.
1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.
2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.
•••
Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́ха, ‑і, ДМ блясе, ж.
1. Тонкае ліставое жалеза; ліст такога жалеза. Дом пад бляхай. Ацынкаваная бляха.
2. Знак у выглядзе металічнай пласцінкі з надпісам або нумарам, які сведчыць аб службовых абавязках таго, хто яго носіць. Погляд Валодзі слізгануў уніз і ўпёрся ў вялікую бляху, якая блішчала на грудзях чалавека, што трымаў яго. Пятніцкі.
3. Тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі, на якім пякуць або смажаць што‑н. Разам з.. [Саламонам] жылі накаленыя печы, мяшкі з мукою, груды цеста і рознага гатунку печыва на бляхах. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дарогі (у 1 знач.). Дарожнае палатно. Дарожнае будаўніцтва. □ Працэджваючыся праз дарожны пясок, ручаёк са звонам уліваўся ў вузенькую рачулку. Бядуля. Недзе дарожныя вербы сівыя шумяць... Танк.
2. Звязаны з дарогай, падарожжам. Дарожнае жыццё. Дарожнае знаёмства. Дарожныя запісы. // Прызначаны для дарогі, падарожжа, паездкі. Дарожны плашч. □ Міколка таропка злазіць з ложка і бяжыць да бацькавай дарожкай скрынкі. Лынькоў.
3. у знач. наз. даро́жны, ‑ага, м. Разм. Падарожны. Мароз дарожным падпявае. Колас.
•••
Дарожны майстар гл. майстар (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мядо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мёду. [Людвік] выбраў чыстую мясцінку на прызбе, паставіў на ёй мядовую рамку і выйшаў на вуліцу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з мёду, на мёдзе. Мядовы пернік. Мядовы квас.
2. Які пахне мёдам. Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам. В. Вольскі. // Падобны колерам на мёд, жоўта-залацісты. [Сонца] кідаецца на абшар, аблівае яго мядовым колерам. Бядуля.
3. перан. Саладжавы, прытарна-пяшчотны, ліслівы (пра голас). — Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць урачу, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.
•••
Мядовы месяц гл. месяц.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)