КАРП (Сяргей Бенядзіктавіч) (1892, г.п. Астравец Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 чл.яўр.с.-д. партыі, уваходзіў у яе кіруючыя органы, з 1921 чл.КПСС. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на сав. і гасп. рабоце. З 1919 па заданні Цэнтр. бюро яўр. секцыі пры ЦК РКП(б) ствараў левыя арг-цыі «Паалей Цыёна» ў Аўстрыі, Егіпце, Палесціне. З 1924 нарком фінансаў, у 1925—29 нам. старшыні СНК, адначасова да лют. 1927 старшыня Дзяржплана, потым ВСНГБССР. З 1929 старшыня Дзяржплана РСФСР. Чл.ЦВКБССР у 1922—29. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—29. 10.7.1937 арыштаваны органамі НКУССССР, асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (20.1.1922, в. Харнінская Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. —15.1.1998),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Казахстана (1964), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1956). Працаваў на кінастудыі «Казахфільм». Паставіў фільмы «Далёка ў гарах» (1958), «Сказанне пра маці» (1963, Дзярж. прэмія Казахстана 1966). З 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Асн. месца ў творчасці займае тэма Вял.Айч. вайны. Паставіў тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Яго батальён» (1989); кінафільмы «Заўтра будзе позна» (1973, разам з М.Цяпакам з Чэхіі), «Вясельная ноч» (1981), «Асабістыя рахункі» (1982), «Пайсці і не вярнуцца» (1989), дакумент. фільм «Ад слова «жыць» (1983, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). У 1981—86 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРШУКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 1.1.1932, в. Давыдавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1956). З 1959 працаваў у раённых газетах Гомельшчыны, на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1971 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», у 1980—89 гал. рэдактар выд-ва «Юнацтва», з 1989 у апараце СП Беларусі. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў гумарэсак і апавяданняў «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы», «І надыходзіць дзень» (абодва 1982), «Надвячоркам» (1992), кн. для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987) і інш. Перакладае з славацкай мовы (зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень», 1982, «Соль зямлі», 1992; раман Р.Морыца «Выбух», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант.муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.Броўкі, М.Танка, А.Гаруна, П.Ланчанкі, У.І.Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел.нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛА (саманазва — кар’яла),
племя, нашчадкамі якога з’яўляюцца сучасныя карэлы, што жывуць у Карэліі, Цвярской, Наўгародскай, Ленінградскай, Яраслаўскай і інш. абласцях Расіі. К. як асобны прыбалтыйска-фінскі этнас сфарміраваўся на аснове мясц. неаліт. плямён. У складванні стараж. К. прынялі ўдзел 2 этнічныя кампаненты: ям і волхаўская чудзь. У 9 ст. К. засялілі Карэльскі перашыек, потым Паанежжа і тэр. на Пн ад яго. З пачаткам распаўсюджвання тут хрысціянства К. рассяліліся ў цэнтр. Фінляндыі і ва ўсх. вобласці Хяме да берага Батнічнага заліва. Першае ўпамінанне К. ў рус: летапісах адносіцца да 1143. У 13 ст. К. насялялі правінцыю Фінмара і дасягнулі берагоў Паўн. Ледавітага акіяна, асвойвалі ўзбярэжжа Паўн. Дзвіны, дзе склалі частку насельніцтва вобл. Біярмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫ ПАКА́З 1912,
літаратурна-музычны і сцэнаграфічны спектакль-кампазіцыя ў «жывых карцінах» («абразах») на тэму пораў года ў прац. жыцці і ўяўленнях селяніна. Адбыўся ў пач. 1912 у адным з сялянскіх двароў каля г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.
Прадстаўленне складалася з уступу, 4 частак (4 пораў года) і заключэння. Развівалася чаргаваннем сцэн. карцін, сэнс якіх удакладняўся дэкламацыяй вершаў Я.Купалы, Я.Коласа і інш., нар. песнямі. Адбывалася ў муз. суправаджэнні. У афармленні выкарыстаны элементы нескладанай бутафорыі, натуральныя рэчы (рэквізіт), шумавыя прыёмы (вецер, гром), светлавыя эфекты ўсіх колераў чырвоны — колер агню, блакітны — месяца, жоўты — сонца і інш. Усе кампаненты («карціны», кампазіцыйныя пераходы, вобразы-алегорыі, тэксты, спевы, дэкламацыі) былі аб’яднаны ў вобразным адзінстве фалькл.сцэн. відовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКІ ПЕРАШЫ́ЕК.
Паміж Фінскім зал. Балтыйскага м. і Ладажскім воз., у Ленінградскай вобл. Расіі. Сярэдняя выш. да 50 м, найбольшая — да 173 м (Лембалаўскае ўзв.). Пераважае градавы рэльеф. Складзены на Пн з гранітаў і гнейсаў, у цэнтры і на Пд — з ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Пераразае р. Вуокса; шматлікія азёры ледавіковага паходжання. Пераважаюць хваёвыя лясы. На К.п. — гарады Выбарг, Прыазёрск, Усевалажск; на ўзбярэжжы Фінскага зал. — дачныя пасёлкі і курорты. Турызм.
З канца 9 ст. К.п. — частка тэр. Русі. У пач. 17 в. захоплены Швецыяй. У 1721 адышоў да Расіі. У 1918—40 большая яго ч. ў складзе Фінляндыі. Пасля сав.-фінл. вайны 1939—40 паводле мірнага пагаднення ад 12.4.1940 адышоў да СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІЯ́Н (Васіль Ільіч) (1.1.1896, г. Сняціна Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 26.6.1976),
украінскі графік. Нар.маст.СССР (1944). Правадз.чл.АМСССР (1947). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Пражскую АМ (1926). З 1927 (з перапынкам) праф. Кіеўскага маст. ін-та. Творы вызначаюцца экспрэсіяй штрыха, рамантычнай прыўзнятасцю вобразаў: «Арсенальцы» і «Герой Перакопа» (абедзве 1927), «Тарас Шаўчэнка» (1922—23, 1926, 1960); серыі «Днепрабуд» (1932—34), «Арцём» (1936), «У.І.Ленін і Украіна» (1947); ілюстрацыі да твораў Т.Шаўчэнкі, І.Франко, М.Кацюбінскага, Л.Украінкі і інш.; плакаты.
Адзін са стваральнікаў «Гісторыі ўкраінскага мастацтва» (т. 1—6, 1966—70; Дзярж. прэмія Украіны 1971). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПЯРО́ВІЧ (Галіна Іванаўна) (н. 8.3.1948, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),
бел. этнограф. Канд.гіст.н. (1982). Скончыла БДУ (1971). З 1974 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе этнакульт. гісторыю беларусаў 20 ст., асн. тэндэнцыі, заканамернасці і перспектывы развіцця традыц.-быт., маст. культуры, самасвядомасці бел. народа, сучасныя этнадэмаграфічныя, этнасац. і этнакульт. працэсы. Аўтар манаграфіі «Міграцыя насельніцтва ў гарады і этнічныя працэсы» (1985), сааўтар прац «Этнічныя працэсы і спосаб жыцця» (1980), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Этнаграфія беларусаў: Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» і «Палессе. Матэрыяльная культура» (абедзве 1988), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯ́Н (Сяргей Іванавіч) (н. 15.1.1941, в. Усохі Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1998). Канд.гіст.н. (1980). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1970). З 1966 на камсам. і парт. рабоце ў Мазырскім р-не. З 1979 у Мазырскім пед. ін-це: ст. выкладчык, заг. кафедры гісторыі і паліталогіі, дацэнт (1981). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1995—96). Дэп. Палаты прадстаўнікоў Нац. Сходу Рэспублікі Беларусь, нам. старшыні камісіі па міжнар. справах і сувязях з СНД (з 1996). Нам. старшыні міжпарламенцкага слав. саюза (з 1998).