хало́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).

2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.

3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худасо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.

2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.

3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкадава́нне, ‑я, н.

1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.

2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эле́гія, ‑і, ж.

1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас. // У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.

2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ. Кірэенка.

3. перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх. Бярозкін.

[Грэч. elegéia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яна́, яе, ёй, яе, ёй (ёю), аб ёй; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. ж.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка жаночага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Партыя намі кіруе, Мы — выхаванцы яе. Куляшоў. // (у спалучэнні са словам «сама»). Іменна тая, а не хто іншы; тая самая.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; яе. Як маліны, яе [Бандароўны] губкі, А твар, як лілея; Як дзве зоркі, яе вочы, Гляне — свет яснее. Купала.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яна — родная старонка!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каба́н1 ’кныр; дзікая свіння, дзік’ (БРС, ТСБМ). Укр. кабан, рус. кабан ’дзік, непакладаны кабан’. Лічыцца запазычаннем (для рус. мовы) з тат., параўн. тур. kaban ’тс’, гл. Фасмер, 2, 149; Слаўскі, 2, 8–9 (там і літ-pa). Бел. і ўкр. словы або запазычаны з рус. мовы, або, як паказвае геаграфія бел. слова (гл. ДАБМ, к. 291 «Назвы непакладанага кабана»), вынік узаемадзеяння гаворак. Гл. яшчэ аб бел. слове Асоўскі, Зб. Мілецічу, 257.

Каба́н2 ’певень’ (ДАБМ, Шатал.). Вузкі арэал распаўсюджання ўказвае па запазычанне, рэлікт або інавацыю. Версія аб рэліктавым паходжанні прадстаўлена Асоўскім (SOc., 27, 1968, 167–171), які мяркуе, што кабан < *koban, якое да *kob‑ ’чары, варажба’. Як адзначыў Краўчук (Веснік БГУ, IV, 3, 1970, 64), гэта версія не пераконвае ні фанетычна, ні семантычна. Краўчук (там жа) мяркуе, што калі гэта не жартаўлівае ўжыванне назвы самца свінні для абазначэння пеўня, то запазычанне з ням. дыял. Kapphahn ’каплун’. Аднак такое ўжыванне не абавязкова было жартаўлівым. Мог адбыцца перанос ад назвы кабана як непакладанага самца, але гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія: слова кабан вядома на ўсходзе Беларусі (Магілёўшчына). Што датычыць другой версіі Праўнука, то звесткі аб значным працэнце нямецкага насельніцтва для некаторых раёнаў Беларусі (гл. Харузін, Слав. жил., 23–24) дапускаюць яе верагоднасць.

Каба́н3 ’цаглянае скляпенне ў печы’ (КСТ; пасож., бых., КЭС; Мат. Гом.), ’топка печы’ (Шушк.). Укр. пал. кабан, кобан ’скляпенне печы’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад кабан ’драўляная форма для скляпення ў печы’, падрабязней гл. кабыла2. Аб такім жа працэсе, магчыма, сведчыць укр. ковбиця ’печ, жарало печы’ і ’чурбан’. Рус. кабанчик ’пячная (гжэльская) цагліна бруском, вузкая, падоўжная, палавінчатая’, а таксама назвы жывёл паказваюць, што для бел., укр. кабан магчымы перанос па форме (форма скляпення і форма жывёлы). Параўн., аднак, кебка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапці́ ’цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам’ (ТСБМ, Шат., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр.), со́пці ’сапці, спаць’ (Нас.), сапе́ць ’сапці’ (Бяльк., Касп., Ант.; брасл., Сл. ПЗБ), сапсці́ ’тс’ (Др.-Падб., Скарбы), сапа́ць ’пакрывацца налётам сажы’ (Сцяшк.), ’пачынаць разгарацца (аб дровах)’, ’салыпаць (аб пламені)’ (Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), сапану́ць ’перадахнуць’ (Сцяшк. Сл.), сапну́ць ’тс’ (Шатал.), сапаце́ць ’хутка ісці’ (Сцяшк. Сл.), сапапу́ць ’садануць, пырнуць’ (Касп., Юрч.), сопону́ты ’рынуцца, кінуцца, шмыгнуць’, сапаце́ць ’пыхаць жарам’ (Нар. лекс.), сопоні́ты ’тс’ (Клім.), со́паць ’сапсці’ (ТС). З іншай ступенню чаргавання ў корані: сапа́ць ’сапці, цяжка дыхаць’ (Нас., Гар., Др.-Падб.), магчыма, з польск. sapać (гл. сап2). Укр. сапти́ ’сапці’, рус. сопе́ть ’тс’, дыял. ’дуць (аб ветры)’, ’піць’, ст.-слав. сопсти, ст.-рус. сопѣти ’іграць на трубе’, сопьць ’музыка, які іграе на трубе’, чэш. soptiti ’сапці; пыхкаць (аб пламені, дыму)’, славац. soptiť ’тс’, серб.-харв. со̀пити ’сапці, пыхкаць’, sopsti ’тс’, славен. sopéti, sopsti ’шумна дыхаць, фыркаць’, балг. со́пам се ’агрызацца’; з іншай агаласоўкай кораня: ст.-рус. сапѣти, саплю ’сапці’, польск. sapać ’сапці; пыхкаць’, в.-луж. sapać ’вывяргаць’, н.-луж. sapaś ’пылаць, пламянець’, чэш. sapati se ’накідвацца на каго-небудзь’, славен. sápati ’тс’. Прасл. *sopti, *sopěti, *sapati ’цяжка дыхаць’. Куркіна (Этимология–1984, 46, 51–52) дзеясловы на ‑iti, ‑ěti, ‑ati лічыць прыналежнасцю асобных славянскіх моў эпохі дыялектнага развіцця прасл. мовы. Паралелі ў ст.-інд. śápati ’ён праклінае’, sábdah ’гук, голас, шум’, гл. Міклашыч, 316; Траўтман, 299; Майргофер, 3, 296. Праабражэнскі (2, 257 і наст.) лічыць слова гукапераймальным і параўноўвае з рус. сипеть, шипеть. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 718. Сной₁, 593, узводзіць слав. слова да і.-е. *su̯op‑ у тым жа значэнні. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1270; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),

1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.

2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.​С.​Бах, Ф.​Куперэн, Р.​Шуман, Р.​Штраус, Б.​Бартак), радзей для струнных (Дз.​Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.​Дзягцярык, Э.​Тырманд, Л.​Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.

А.​В.​Мальдзіс (бурлеска ў літаратуры).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,

вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.​Б.​Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс. чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.

А.​П.​Грыцкевіч.

Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.​Хондыуса. 1636.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬМО́НТ (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),

рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус. сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.​Б.​Шэлі (Поўн. зб. тв.), П.​Кальдэрона, У.​Уітмена, Э.​По, П.​Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Т. 1—10. М., 1908—13;

Избранное: Стихотворения;

Переводы;

Статьи. М., 1991.

П.​П.​Вашко.

К.​Дз.Бальмонт.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)