кале́цтва, ‑а, н.

1. Пашкоджанне арганізма, якое робіць цяжкім або немагчымым яго нармальнае функцыяніраванне. [Арлоўскі] радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, ён яшчэ патрэбен людзям. Паслядовіч. Нават каб і мог ён [Зыгмунт] дзе-небудзь знайсці работу, дык не можа з-за свайго калецтва стаць на яе. Чорны. // Псіхічны стан арганізма з такім пашкоджаннем. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Чорны.

2. Калечанне, знявечанне. Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камуні́зм, ‑а, м.

1. Найвышэйшая грамадска-эканамічная фармацыя, якая гістарычна прыходзіць на змену капіталізму, грунтуецца на грамадскай уласнасці на сродкі і прадукты вытворчасці і мае дзве фазы развіцця: сацыялізм і камунізм. // Другая фаза гэтай фармацыі. Сацыялізм паступова пераходзіць у камунізм..

2. Вучэнне марксізма-ленінізма аб пралетарскай рэвалюцыі і пабудове камуністычнага грамадства.

•••

Ваенны камунізм — часовая эканамічная палітыка Савецкай улады ў перыяд Грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., выкліканая цяжкасцямі ваеннага часу.

Навуковы камунізм — тое, што і камунізм (у 2 знач.).

Першабытны камунізм — грамадскі дакласавы лад першабытнай родавай абшчыны з агульнай уласнасцю на сродкі і прадукты вытворчасці.

[Ад лац. communis — агульны, усеагульны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.

2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.

3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.

•••

Даць зразумець гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.

2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.

3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.

4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёд, лёду (ільду); мн. льды (ільды), ‑оў; м.

Вада, якая замерзла і перайшла ў цвёрды стан. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі льдзінкамі. Шыцік. Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны. // толькі мн. (льды́, ‑оў). Вялікая колькасць ільдзін; суцэльны лёд. Вечныя льды. Палярныя льды.

•••

Сухі лёд — цвёрдая вуглекіслата, якая прымяняецца як ахаладжальны сродак.

Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.

Зімой лёду не дастаць у каго гл. дастаць.

Лёд крануўся — пра пачатак якога‑н. дзеяння, руху.

Разбіць лёд гл. разбіць.

Як лёду — роўна, якраз, не больш і не менш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.

2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.

3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.

[Грэч. logikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладо́сць, ‑і, ж.

1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця. Дзяцінства .. [Строніна] і першая маладосць прайшлі бесклапотна. Чорны. Маладосць, як бы яна ні была пражыта, ніколі не пакідае нас. Скрыган. // Якасць і ўласцівасць маладога (у 1 знач.), малады выгляд. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгажосці Стэфкі. Бядуля.

2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго‑н. Маладосць дзяржавы.

•••

Другая маладосцьаб прыліве новых сіл, творчай энергіі, узнікненні пачуцця кахання ў пажылыя гады.

Не першай маладосці — не маладых гадоў, сталага ўзросту; сярэдніх год.

Па маладосці гадоў — з-за недастатковай сталасці, па нявопытнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́нне, ‑я, н.

Вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу. Першае каханне. Прызнацца ў каханні. □ — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Аб Таццяне.. [Жэнька] думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Шамякін. // Пра чалавека, які выклікае такое пачуццё. Я сам у трывозе: таксама ў дарозе згубілася дзесьці, сюды не бяжыць, не едзе здалёку маё, у вяснушках, каханне. Вялюгін. Пабудзь жа, маё каханне, Пакуль усход разгарыцца. Нядзведскі. // Любоўныя адносіны. Пара кахання. □ Рана магло б і каханне пачацца, ды Валя нікога з знаёмых хлопцаў не любіла. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.

1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.

2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.

мука́, і́, ДМ муцэ́, ж.

Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Цярпець мукі; пакутаваць. — Страляй!.. Страляй!.. Толькі разам з дзеткамі, каб не мучыліся ў лапах вашых!.. — не ўнімалася Марыля. Нікановіч. [Сабіна:] — Гэта ж праз вас я мучуся, жывучы з нялюбым, праз вас не ведаю шчасця... Сачанка. // чым. Пакутаваць ад якой‑н. хваробы, болю. Мучыцца жыватом. // чым. Вельмі непакоіцца, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.

2. Разм. Рабіць што‑н. з вялікім намаганнем, без асаблівага поспеху. Дзве гадзіны мучыліся.. [хлопцы] і знялі [з барсука] не скуру, а нейкія лахманы. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)