Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Ад крыты ў 1966 у г. Ельск Гомельскай вобл. як музей нар. славы, з 1976 краязнаўчы. Пл. экспазіцыі 103 м², каля 3 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў дакументы і матэрыялы пра падзеі рэвалюцыі 1905—09, грамадз. вайны 1919—21, этнагр. калекцыі, прадметы побыту сялян канца 19 — пач. 20 ст., нар. касцюмы, посцілкі, карціны самадз. мастака М.Засінца. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра абарончыя баі ў раёне, дзейнасць Ельскага патрыятычнага падполля, Ельскую аперацыю 1943, пра партызана славака Я.Налепку, пра злачынствы фашыстаў на тэр. раёна, карта-схема вызвалення Ельска ад ням.-фаш. захопнікаў. Адлюстравана аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАШО́Ў (Анатоль Іванавіч) (н. 30.4.1936, г. Гарадок Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне вет. вірусалогіі, мікрабіялогіі і радыебіялогіі. Д-рбіял.н. (1992), праф. (1993). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1959). З 1972 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага, з 1986 у Малдаўскім НДІ жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, з 1991 у Бел.агр.тэхн. ун-це. Навук. працы па метадах і сродках дыягностыкі і прафілактыкі інфекц. хвароб с.-г. жывёлы.
Тв.:
Диагностика и профилактика инфекционных заболеваний молодняка крупного рогатого скота. Кишинев, 1991 (разам з П.А.Красачка, Т.І.Паміркам);
Экологическая безопасность на объектах агропромышленного комплекса. Мн., 1996 (разам з А.І.Антоненкавым, Л.В.Місунам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Васіль Мікітавіч) (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-ртэхн.н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц.ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац.АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерных энергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎДАКІ́МАЎ (Яраслаў Аляксандравіч) (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.Глебава, В.Іванова, І.Лучанка, Дз.Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр.нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛУ́КТА,
у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.
В.С.Цітоў.
Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУБА́НАВА (Газіза Ахметаўна) (н. 2.12.1927, урочышча Касуактам Акцюбінскай вобл., Казахстан),
казахскі кампазітар. Нар.арт. Казахстана (1973), нар.арг.СССР (1981). Скончыла Маск. кансерваторыю (1954, клас Ю.Шапорына). З 1966 выкладае ў Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1978 праф., у 1975—87 яе рэктар). Сярод твораў: оперы «Енлік і Кебек» (1975), «Дваццаць восем» (1981), «Курмангазы» (разам з бацькам А.Жубанавым, 1987), балет «Легенда пра белую птушку» (1966); араторыі «Зара над стэпам» (1960), «Аральская быль» (1978), «Пісьмо Таццяны» (1983), «Палюбі чалавек чалавека» (1988); кантаты; сімфоніі «Жыгер» (1973), «Востраў Жанчын» (1983), сімф. паэмы (1954, 1965); канцэрты для фп. (1986) і скрыпкі (1958) з арк.; камерна-інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Казахстана 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛЁЎ (Васіль Пракопавіч) (н. 27.5.1931, в. Раздзел Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1986). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1954). З 1957 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1957. Даследуе гісторыю бел. л-ры, тэарэт. праблемы бел.літ.-знаўства, паэтыку маст. твора. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969; на рус. мове 1977), кніг «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), «Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс» (1971), «Пытанні паэтыкі» (1974), «Магчымасць рэалізму» (1982).
Тв.:
Структура твора: Рух сюжэтна-кампаз. форм. Мн., 1978;
Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.