магматычныя метасаматычныя горныя пароды, якія залягаюць у выглядзе жыл, даек і інш. дробных цел, цесна звязаных з інтрузіўнымі масівамі. Утвараюцца пры застыванні магмы ў шчылінах зямной кары. Іх склад можа адпавядаць пародам буйных інтрузій (гл.Інтрузіўныя горныя пароды) або значна адрознівацца ў выніку працэсаў дыферэнцыяцыі магмы і ўзаемадзеяння яе з прылеглымі горнымі пародамі. Сярод Ж.г.п. вылучаюць меланакратавыя, абагачаныя цемнаколернымі мінераламі (керсантыт, спесартыт і інш.), і лейкакратавыя, складзеныя пераважна з светлаколерных мінералаў (апліт, пегматыт, плагіяклазіт і інш.). З Ж.г.п. звязаны радовішчы золата, свінцова-цынкавых руд, вальфраму, ртуці і інш. Трапляюцца ў крышт. фундаменце Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),
бел. мовазнавец. Канд.пед.н. (1944). Засл. дз. нав.Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел.літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТНЯ́К (Agropyron),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́АНЕНСКАЯ ПАРО́ДАкоз.
Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.
Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЗЕ́КА (Язэп) (Іосіф Васілевіч; 24.6.1907, в. Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1977),
бел. пісьменнік. Канд.філал.н. (1949). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1936). У Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Працаваў у Адэскім пед. ін-це (1949—52), БДУ (1952—73). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў апавяданняў «Рукою ворага» (1932) і нарысаў) «Партызанскія сцежкі» (1959), кніг для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч»(1972). Збіраў і даследаваў бел. фальклор. Укладальнік зб-каў партыз. творчасці «Песні барацьбы» (1946, з М.Меяровіч і С.Карабанам), «Лясныя песні» (1970, 2-е выд. 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙЦЫ́ (Lepus),
род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.
Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.
Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАМА́РА,
паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).
Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).
На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч.Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАН ((Zan) Тамаш) (21.12.1796, в. Мясата Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.7.1855),
польскі паэт-рамантык, удзельнік вызв. руху. Скончыў Віленскі ун-т (1820). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў віленскіх тайных т-ваў і студэнцкай моладзі — філаматаў, філарэтаў і прамяністых. У 1823 арыштаваны, у 1844 высланы ў Арэнбург, дзе вёў дзённік, даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей. З 1841 на Беларусі, вывучаў бел. фальклор. Аўтар паэм «Кошачка», «Табакерка», «Мёд», балад «Свіцязь-возера», «Твардоўскі», вершаў, элегій, трыялетаў, камедыі «Грэцкія піражкі» (1817; дзеянне адбываецца ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАСНЫ́Я ВО́ЙСКІ,
злучэнні, часці і падраздзяленні ўзброеных сіл (родаў войск, спец. войск), якія фарміруюцца перад пачаткам і ў ходзе вайны для папаўнення дзеючай арміі і флоту. Арганізац. структура З.в. вызначаецца неабходнасцю ўзнаўлення страт ваеннаслужачых адпаведных спецыяльнасцей.
У склад З.в. могуць уваходзіць запасныя дывізіі, палкі і інш., а таксама базы і вучэбныя цэнтры. У З.в. праводзіцца ваен. падрыхтоўка (перападрыхтоўка) ваеннаслужачых, укамплектаванне і баявое зладжванне падраздзяленняў і часцей. Ва Узбр. Сілах Беларусі аснову З.в. складае асобны від ваен. фарміраванняў (базы захоўвання ваен. тэхнікі і ўзбраення, базы рэзерву авіяц. тэхнікі і інш.). Гл. таксама Рэзервовыя войскі, Рэзервы (ваен.).