На Беларусі першыя палеагеаграфічныя даследаванні праводзіліся ў 1920—30-я г. (М.Ф.Бліадухо, А.П.Карпінскі, Ф.В.Лунгерсгаўзен, П.А.Туткоўскі і інш.). У 1950—60-я г.складзены палеагеагр. карты па адкладах верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою (В.С.Акімец, А.П.Брунс, Л.М.Вазнячук, В.К.Галубцоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, І.В.Міцяніна, Л.С.Пятроў, А.В.Фурсенка, М.М.Цапенка, С.В.Ціхаміраў і інш.). У сувязі з вывучэннем розных бакоў фізіка-геагр. умоў геал. мінулага тэр. краіны ўзніклі розныя кірункі палеагеагр. даследаванняў: палеабіягеаграфічны (Т.Р.Абухоўская, В.І.Аўхімовіч, Ф.Ю.Велічкевіч, П.І.Дарафееў, Г.І.Кеда, Н.А.Махнач, Т.В.Якубоўская і інш.), палеаэкалагічны (С.Ф.Зубовіч, П.Ф.Каліноўскі, С.А.Кручак, А.М.Матузка, В.І.Пушкін, А.Ф.Санько, Г.К.Хурсевіч і інш.), палеакліматычны (Э.А.Высоцкі, В.П.Зярніцкая, Т.Б.Рылова, Я.К.Яловічава і інш.), тэрыгенна-мінералагічны (В.І.Абраменка, Л.Ф.Ажгірэвіч, Я.І.Аношка, С.Дз.Астапава, С.Г.Драмашка, В.П.Курачка, М.М.Лявых, Э.А.Ляўкоў, А.В, Мацвееў, Л.І.Мурашка, І.І.Ур’еў, У.І.Шкуратаў, С.Л.Шымановіч і інш.), палеапатамалагічны (М.А.Вальчык, Г.І.Гарэцкі, М.Я.Камароўскі і інш.), палеавулканалагічны (М.В.Вераценнікаў, В.П.Корзун, Я.А.Нікіцін, Л.Ф.Штэфан і інш.), палеатэктанічны (Р.Я.Айзберг, В.М.Бескапыльны, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, У.Я.Кажэнаў, В.С.Канішчаў, А.К.Карабанаў, К.М.Манкевіч, В.А.Масквіч, М.А.Нагорны, А.М.Сінічка, У.І.Таўсташэеў і інш.), палеагеамарфалагічны (С.М.Абравец, Л.А.Дземідовіч, З.Л.Пазнякевіч, І.А.Слабадзянюк і інш.), геахімічны (У.Я.Бардон, У.А.Кузняцоў, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Л.І.Матрунчык і інш.), ізатопнагеахімічны (І.Л.Коласаў, А.А.Махнач, М.Дз.Міхайлаў і інш.). У выніку праведзеных даследаванняў складзены карты па розных палеагеагр. кірунках, дэталізаваны па асобных стратыграфічных адзінках (сістэмах, аддзелах, ярусах, гарызонтах). Яны ўвайшлі ў Атлас палеагеаграфічных карт (1990) і Нац. атлас Беларусі (2002). Выдадзены шэраг абагульняльных манаграфій. Палеагеагр. карты на тэр. краіны выкарыстоўваюцца як аснова пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, вугалю, каменнай і калійных солей, баксітаў, фасфарытаў, алмазаў, полімінер. россыпаў, мінер. і пітных вод і інш.).
Літ.:
Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961;
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971;
Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы з раўнінным рэльефам, яе ландшафты належаць да класа раўнінных. Тыпы ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя лясныя) вылучаны па глабальных адрозненнях у суадносінах цяпла і вільгаці, уласцівых гэтаму сектару сушы. У межах тыпу з улікам генетычных асаблівасцей тэрыторыі вылучаны роды, паводле мезарэльефу і структуры глебаварасліннага покрыва — віды ландшафтаў. У залежнасці ад займаемай займанай* плошчы прыродныя тэрытарыяльныя комплексы (ПТК) падзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя і рэдкія. Да дамінантных належаць 2 роды ландшафтаў — водна-ледавіковыя і другаснамарэнныя, якія займаюць 35% плошчы краіны і з’яўляюцца для яе найб. тыповымі. Субдамінантныя ПТК (39,5% плошчы) прадстаўлены групай з 5 родаў ландшафтаў, удзельная вага якіх змяняецца ад 5 да 10%. Астатнія ландшафты (25,5%), кожны з якіх займае менш за 5% плошчы, утвараюць групу рэдкіх.
Ландшафты-дамінанты сустракаюцца паўсюдна, асабліва характэрны для цэнтральнай паласы Беларусі. Яны прымеркаваны да буйных раўнін — Цэнтральнабярэзінскай, Слуцкай, Аршанска-Магілёўскай, Чачорскай, Баранавіцкай, Нарачанскай і Вілейскай. У гэтай групе найб. пашыраныя водна-ледавіковыя ландшафты з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, часткова разараныя. Займаюць 20,75% тэр. Фарміраванне іх літагеннай асновы звязана з дзейнасцю ледавіковых вод у час раставання ледавікоў, у выніку чаго ўтварыліся магутныя пясчаныя адклады рознага ўзросту. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—190 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Характэрныя формы рэльефу — дзюны, катлавіны, лагчыны сцёку. Бедныя пясчаныя, месцамі забалочаныя глебы, садзейнічаюць пашырэнню лясоў (45%), пераважна хваёвых і бярозавых, і балот. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 15 відаў. Другаснамарэнныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, значна разараныя, займаюць 14,6% тэр.Складзены яны з асноўнай марэны сожскага і дняпроўскага ўзросту, перакрыты водна-ледавіковымі, радзей лёсападобнымі супескамі і суглінкамі магутнасцю 0,5—3 м. Абсалютныя адзнакі паверхні 150—180 м, адносныя перавышэнні 3—5 м. Рэльеф хвалісты, радзей узгорыста-хвалісты. Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку з плоскім днішчам, асобныя камавыя і марэнныя ўзгоркі. Пашыраныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы і выраўнаваны рэльеф абумовілі высокую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці пры параўнальна нізкай (каля 23%) лясістасці. Сярод лясных фармацый пераважаюць шыракаліста-яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. У межах гэтага роду ландшафту вылучана 13 відаў.
Субдамінантныя ландшафты пашыраны паўсюдна, але асабліва тыповыя для цэнтр. і паўд. частак краіны. Найб. складанай будовай адрозніваюцца ўзгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракалістымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей дзярнова-палева-падзолістых глебах, значна разараныя. Яны займаюць 7,9% плошчы краіны і прымеркаваны да ўзвышшаў Беларускай грады ў зоне сожскага зледзянення. Тэрыторыя складзена з валунных марэн. Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200—250 м, радзей да 320 м, а на Мінскім узвышшы — да 345 м. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, радзей буйнаўзгорысты і платопадобны, значна перапрацаваны эразійнымі працэсамі. Урадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы паспрыялі высокай ступені сельскагаспадарчай асвоенасці і параўнальна нізкай (каля 25%) лясістасці. Сярод лясоў пераважаюць шыракаліста-яловыя і яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. Структура ландшафтаў складаная — у іх межах вылучана 13 відаў.
Марэнна-зандравыя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракаліста-хваёвымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глебах, абмежавана разараныя, займаюць 8,4% тэр. краіны і прымеркаваны да яе паўд. часткі. Фарміраванне літагеннай асновы ландшафтаў звязана з акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага і дняпроўскага ледавікоў і іх вод, якія перакрывалі найб. паніжаныя ўчасткі асноўнай марэны пясчанымі адкладамі. У выніку ландшафты маюць неаднародную геалагічную будову і складзены з розназярністых водна-ледавіковых пяскоў, радзей — з марэнных суглінкаў. Абсалютныя вышыні 150—170 м, месцамі 170—210 м, адносныя перавышэнні 5—7 м, рэльеф хвалісты. Геолага-геамарфалагічная неаднароднасць абумовіла стракатасць глебава-расліннага покрыва. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў пашыраны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Невялікімі ўчасткамі тут сустракаюцца шыракаліста-яловыя, шыракаліста-хваёвыя і дубовыя лясы. Водна-ледавіковыя і зандравыя раўніны з пясчана-супясчанымі, часта забалочанымі глебамі, заняты хваёвымі лясамі. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў — 30%. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 9 відаў.
Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты з хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, часткова разараныя, займаюць 6,3% плошчы Беларусі. Прымеркаваны яны да далін буйных рэк (Дняпро, Прыпяць, Сож) на поўдні краіны. Складзены з алювіяльных пяскоў. На асобных участках па правабярэжжы Прыпяці пяскі перакрыты мергелістымі лёсападобнымі суглінкамі. на ПдЗ — водна-ледавіковымі супескамі і суглінкамі. Абсалютныя іх вышыні 115—140 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Паверхня пласкахвалістая, месцамі хвалістая ці плоская, слаба расчлянёная лагчынамі сцёку, забалочаная. Сустракаюцца эолавыя формы ў выглядзе ўзгоркаў, град і адзінкавых дзюн. Эолавыя формы складзены з адсартаваных пяскоў, іх адносныя вышыні дасягаюць 3—7 м. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-супясчаныя глебы, ёсць і тарфяна-балотныя. Лясістасць дасягае 50%. Сярод лясоў пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя. Часта сустракаюцца лясныя і травяныя балоты нізіннага, радзей вярховага тыпаў. Сельскагаспадарчая асвоенасць нізкая, каля 20%, прымеркавана пераважна да асушаных балот.
Азёрна-алювіяльныя ландшафты з шыракаліста-хваёвымі, хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, драбналістымі лясамі і балотамі на тарфяна-балотных глебах, часткова разараныя, займаюць 8,1% тэр. Беларусі. Пашыраны пераважна на Палессі і прымеркаваны да ўчасткаў, складзеных з азёрных і алювіяльных пяскоў, часта перакрытых торфам магутнасцю 0,5—0,7 м. Рэльеф плоскі, ускладнены дзюнамі, месцамі слабаўвагнуты, з абсалютнымі вышынямі 137—145 м і адноснымі перавышэннямі 1,5—2 м. Бедныя дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя пясчаныя глебы абумовілі нізкую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці (30%) і значную (да 50%) лясістасць. У складзе лясоў — хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, бярозавыя, зрэдку дубровы. Чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы прымеркаваны да тарфяна-балотных глеб. Значная колькасць адкрытых балот асушана і занята сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
Азёрна-балотныя ландшафты з балотамі і карэннымі драбналістымі лясамі на тарфяна-балотных глебах, хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах, значна разараныя, пашыраны на 8,8% тэр. Сустракаюцца паўсюдна з пераважаннем у паўн. і паўд. раёнах. Складзены з азёрных, алювіяльных або азёрна-алювіяльных утварэнняў, перакрытых тарфамі магутнасцю 0,5—8 м. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—160 м, адносныя перавышэнні — 1,5—2,5 м. Рэльеф плоскі, зрэдку слабавыпуклы або слабаўвагнуты. Часта сустракаюцца шматлікія астанцы рачных ці азёрных тэрас з дзюнамі, водна-ледавіковых раўнін, азёрна-ледавіковых нізін. На такіх участках рэльеф набывае бугрысты характар з перападамі вышынь 5—6 м. Зрэдку сярод балот захаваліся рэшткавыя азёры, найчасцей невялікія, іншы раз буйныя (Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае). У глебавым покрыве пашыраны маламагутныя, радзей сярэднемагутныя і магутныя тарфяна-балотныя глебы, на астанцах — забалочаныя дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя, пясчана-супясчаныя глебы. Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трыснояговымі, сфагнавымі (20%) і ляснымі (чорнаальховымі, пушыстабярозавымі) балотамі; ёсць участкі бярозавых, шыракаліста-хваёвых і хваёвых лясоў (40%). На асушаных тэр. пераважаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Структура ландшафтаў параўнальна простая — у іх межах вылучана 5 відаў. Балотныя ландшафты ў сваім натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць важныя экалагічныя функцыі, у сістэме ахоўных прыродных аб’ектаў Беларусі на іх долю прыпадае 25% ахоўнай тэрыторыі.
У групе рэдкіх ландшафтаў пераважаюць маладыя комплексы, сфарміраваныя ў паазерскі, ці галацэнавы, час. Таму большая іх частка знаходзіцца ў межах Паазерскай правінцыі і адрозніваецца ад інш. ландшафтаў вялікай колькасцю азёр. Гэта ўзгорыста-марэнна-азёрныя, марэнна-азёрныя, азёрна-ледавіковыя ландшафты. Да групы рэдкіх належаць таксама нетыповыя для Беларусі лёсавыя ландшафты.
Лёсавыя ландшафты з шыракаліста-яловымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-палева-падзолістых глебах, пераважна разараныя, пашыраны ва ўсх. частцы Беларусі і займаюць 2,3% яе плошчы. Яны складзены з лёсаў і лёсападобных парод магутнасцю 4—17 м, якія залягаюць на марэнных і водна-ледавіковых адкладах. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 190—230 м, адносныя перавышэнні 1—2, радзей да 5 м. Рэльеф хваліста-ўвалісты, месцамі дробнаўзгорысты і платопадобны са шматлікімі суфазійнымі западзінамі і эразійнымі формамі — ярамі, лагчынамі, далінамі дробных рэк. Пераважаюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, вельмі ўрадлівыя. Таму лёсавыя ландшафты характарызуюцца найб. сельскагаспадарчай асвоенасцю — каля 84%. У натуральнай расліннасці пераважаюць яловыя, шыракаліста-яловыя і асінавыя лясы (10%). ёсць і сухадольныя лугі. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 5 відаў.
Поймавыя ландшафты з лугамі, балотамі, дубровамі на дзярновых забалочаных глебах пашыраны ў поймах буйных рэк. Яны займаюць 4,2% тэр. Беларусі і часцей трапляюцца ў паўд. яе частцы. Складзены з маладых алювіяльных адкладаў (пяскі, супескі, зрэдку перакрытыя торфам). Рэльеф звычайна плоскі, пласкахвалісты з абсалютнымі адзнакамі 100—150 м і нязначнымі (0,1—0,3 м) адноснымі перавышэннямі, радзей драбнагрывісты (1—1,5 м) і буйнагрывісты (1,5—3 м). Сустракаюцца астанцы надпоймавых тэрас, часта з дзюнамі; ёсць старычныя азёры. Глебы пераважна дзярновыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя з драбназлакавымі, радзей буйназлакавымі лугамі (каля 45%) і поймавымі дубровамі. На тарфяна-балотных глебах сустракаюцца чорнаальховыя лясы, але лясістасць не перавышае 14%. На поймах Прыпяці, Дняпра і некаторых іх прытокаў тарфяна-балотныя глебы асушаны і выкарыстоўваюцца пад ворыва, пашы і культурныя сенажаці (каля 20%). Поймавыя ландшафты ў натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць экалагічныя і рэкрэацыйныя функцыі.
Прыродныя ландшафты знаходзяцца пад значным уплывам гаспадарчай дзейнасці, якая спрыяе трансфармацыі прыродных комплексаў у антрапагенныя. У залежнасці ад ступені гаспадарчага ўздзеяння антрапагенныя ландшафты падзяляюць на прыродна-антрапагенныя і тэхнагенныя (створаныя рукамі чалавека, патрабуюць з яго боку пастаяннага догляду і не маюць аналагаў у прыродзе; напр., гарадскія, горнапрамысловыя, дарожныя ландшафты). Прыродна-антрапагенныя ландшафты фарміруюцца ў працэсе выкарыстання рэсурсаў прыроднага комплексу, што прыводзіць да трансфармацыі ў першую чаргу кампанентаў біёты. На тэр. Беларусі сярод прыродна-антрапагенных ландшафтаў пераважаюць сельскагаспадарчыя і сельскагаспадарча-лясныя (60% плошчы). Пашыраны таксама лясныя, рэкрэацыйныя, ахоўныя прыродна-антрапагенныя комплексы.
Г.І.Марцінкевіч.
Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафт Браслаўскай грады.Камава-марэнна-азёрны ландшафт Возера Глубелька (Мядзельскі раён).Марэнна-зандравы ландшафт.Азёрна-алювіяльны ландшафт Выганашчанскага заказніка ў Івацэвіцкім раёне.Ландшафт рачных далін у Расонскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт. Нізіннае хвашчовае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае асакова-сфагнавае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае сфагнава-падвейнае балота ў Шчучынскім раёне.Поймавы ландшафт; веснавая паводка ў сярэднім цячэнні р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,
тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНД (ад назвы стараж.слав. племя венды ці венеды), вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс,
верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.С.Сакаловым у 1950 на ПнЗУсх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.
На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ГЛЕБ,
навука пра заканамернасці фарміравання і прасторавае размяшчэнне глеб і іх сувязь з геагр. асяроддзем. Цесна звязана з глебазнаўствам, геамарфалогіяй, кліматалогіяй, геабатанікай, ландшафтазнаўствам. Падзяляецца на агульную геаграфію глеб (вывучае глебаўтваральныя фактары і найб. агульныя законы геагр. заканамернасцей размеркавання глеб) і рэгіянальную геаграфію глеб (пытанні глебава-геагр. раянавання, картаграфавання і даследавання прасторавага размяшчэння глеб розных ч. зямной паверхні). Найб. агульныя заканамернасці геаграфіі глеб: гарызантальная занальнасць (змены глебавага покрыва на раўнінах у залежнасці ад колькасці цяпла і вільгаці); вышынная пояснасць (змены глеб у гарах); правінцыяльнасць (змены глеб пад уплывам змен клімату, тэктоніка-літалагічных умоў і інш.). Выкарыстоўвае метады даследавання: параўнальна-геагр., картаграфічны, статыстычны. Складае навук. аснову для ўліку зямельных рэсурсаў, распрацоўкі мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці і рацыянальным размяшчэнні с.-г. вытв-сці. Узнікла геаграфія глеб у канцы 19 ст. ў выніку навук. прац В.В.Дакучаева, які стварыў вучэнне аб фактарах глебаўтварэння, гарыз. і верт. занальнасці.
На Беларусі глебы вывучаліся ў 18 і 19 ст. У 1923 праведзены рэкагнасцыровачныя даследаванні глеб, у 1949 складзены іх першыя зводныя карты (маштаб 1:1 200 000). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Каардынацыйны цэнтр па вывучэнні глеб — НДІ глебазнаўства і аграхіміі Беларусі.
старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
вялікая дадатная структура на ЗРускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.
Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
украінскія гісторыка-літаратурныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя Украіны 17—1-й пал. 18 ст.Складзены служылымі казакамі. Найб. вядомы летапісы Самавідца, Р.Грабянкі і С.Вялічкі.
Летапіс Самавідца ўкладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст., як мяркуюць, старадубскім папом Р.Ракушка-Раманоўскім, ген. падскарбіем гетмана I Брухавецкага. Ахоплівае падзеі 1648—1702. Напісаны ў пагадовай форме дзелавым стылем бел.-ўкр. літаратурнай мовы. У Летапісе Грабянкі (? — каля 1738; гадзяцкі палкавы есаул, потым абозны, суддзя, палкоўнік) падаецца літаратурна апрацаваная гісторыя казацтва ад стараж. часоў да 1709 стылізаванай кніжна-слав. мовай. Гіст. панарама ваен.-паліт. жыцця Украіны перыяду казацкіх войн раскрыта ў летапісе Вялічкі (? — пасля 1728; канцылярыст казацкага войска), гіст.-літ. кампіляцыі, крыніцай для якой паслужылі папярэднія ўкр. летапісы і польскія хронікі, дакумент. матэрыялы і маст. творы (скончаны ў 1720). Гал. герой К.л. — Б.Хмяльніцкі. Ён пададзены ва ўзнёсла-паэт., панегірычным плане. У летапісах ухваляецца далучэнне Украіны да Расіі, асуджаецца экспансіянісцкая палітыка Польшчы, Турцыі і Крымскай Арды на ўкр. землях.
Важная крыніца па гісторыі Украіны і суседніх краін 17 — пач. 18 ст., асабліва Польшчы і Расіі. У летапісах ёсць звесткі з гіст. мінулага Беларусі, найбольш Прыдняпроўя і Палесся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЛІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўночна-заходняя частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша на З Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Мяжуе на ПнЗ, Пн і У з Полацкай, на З з Верхнебярэзінскай нізінамі. Выш. 170—220 м, найб. 239 м. Антрапагенавыя адклады (магутнасць каля 100 м) складзены з утварэнняў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны паазерскім ледавіком. Зах. схіл спадзіста спускаецца да Верхнебярэзінскай нізіны, усх. строма абрываецца да даліны р. Ушача. Ледавікова-акумуляцыйны сярэднеўзгорыста-градавы рэльеф найб. выразны на У узвышша. Марэнныя ўзгоркі (выш. да 10—15 м) выцягнуты ў выглядзе грады з Пн на Пд. Буйнаўзгорысты марэнны рэльеф (з адноснай выш. больш за 25 м) на Пн, у месцах глыбокага расчлянення паверхні лагчыннымі азёрамі. Зах.ч. ўзвышша дробнаўзгорыстая, месцамі платопадобная (адносныя вышыні да 5—7 м). Часта трапляюцца камы. Паўд.ч. ўзвышша дрэніруецца р. Ушача, паўн. — яе прытокам Альзініца. Азёры Лагі і Мурагі на Пд, Вял. Уклейна, Гародна і інш. на Пн. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых і марэнных супесках. Хваёвыя і яловыя паўд.-таежныя хмызнякова-зеленамошныя, а таксама шэраальховыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Б.ч. ўзвышша разарана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (Labrador ад партуг. lavrador земляроб),
паўвостраў на ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе. Пл. больш за 1,6 млн.км². Абмываецца водамі мора Лабрадор, зал. Св. Лаўрэнція, Гудзонава прал. і Гудзонава зал. Берагі на У высокія, фіёрдавыя, на Пд прамалінейныя, на Пн і З нізкія, месцамі шхерныя. Паверхня пераважна ўзгорыстая (Лаўрэнційскае ўзв.); на ПнУ — горы Торнгат (выш. да 1676 м), цэнтр.ч. — Азёрнае плато выш. 500—800 м. У геал. адносінах Л. — частка Канадскага шчыта. Складзены з дакембрыйскіх парод (граніты, гнейсы, габра). З Пн на Пд цягнецца адна з найб. у свеце руданосных зон (гл.Лабрадора жалезарудны пояс). Клімат субарктычны і ўмераны, пад моцным уплывам Паўн. Ледавітага ак. і халоднага Лабрадорскага цячэння. Сярэдняя т-растудз. на Пд -12 °C, на Пн -28 °C; ліп. адпаведна 18 і 7 °C. Ападкаў ад 250 мм на Пн да 1200 мм за год на Пд. На б.ч. паўвострава шматгадовая мерзлата. Рэкі парожыстыя, шмат азёр і балот. Лесатундра і рэдкастойныя хвойныя лясы. Населена ў асн. узбярэжжа. Пушны (куніца, ліс, рысь, андатра) і рыбны промысел. Здабыча жал. руды. Гарады: Сет-Іль, Шэфервіл, Кууджуак, Лабрадор-Сіці.