форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.
На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л.абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл.табл.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех.з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Ю.І.Муравіцкі.
Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970
1980
1990
1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак
9053
11 206
12 441
7836
у т.л. ў сельскай мясцовасці
4354
5302
4890
2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн.руб.
141,5
327
808
1 145 398
у т.л. ў сельскай мясцовасці
35,3
97
200
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),
Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б.ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).
Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс.км²), В. Абака (2 тыс.км²), В. Багама (1,1 тыс.км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аўВ. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс.ж.), Фрыпарт (26 тыс.ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.
Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.
У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл.ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн.чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн.кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч.прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс.га, апрацоўваецца каля 9 тыс.га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс.км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч.прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),
дзяржава на астравах у зах.ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб.выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.
Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.
Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.Табаі, з 1994 — Т.Ціта.
Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн.дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс.га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс.т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс.т штогод), какосавага алею, харч.прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Рмн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр.Брыль.А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая.Колас.
2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі].Самуйлёнак.Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр].Калачынскі.Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны.Алешка.
3.перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні.Дуброўскі.Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу.Гамолка.Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак.Асіпенка.Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат.Брыль.
4.Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі.Даніленка.У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі.Адамчык.
5.Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.
6.толькіадз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог.Зарэцкі.
7.толькіадз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка.«Беларусь».За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы.«Звязда».
8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі.Грамовіч.
9.Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.
10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.
11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),
Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч.прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),
Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім.прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч.прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia),
Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс.км². Нас. 1042 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).
Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.—кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-раліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.
Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс.чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс.ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.
18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.К.Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл.ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.
Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам 2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс.т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс.т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс.т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч.прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;