дэсквама́цыя

(лац. desquamatio, ад desquamare = знімаць луску)

1) мед. злушчванне клетак эпітэлію з паверхні органаў і тканак (лушчэнне скуры);

2) злушчванне паверхневага слою горных парод у выніку рэзкіх змен тэмпературы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст. тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.

У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.​Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.​Кюўе і А.​Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.​Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.​Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.

На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр. краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кедо, С.​С.​Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.

Літ.:

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі: (Падарожжа ў нетры Беларусі). Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

катагене́з

(ад ката- + -генез)

1) кірунак эвалюцыйнага працэсу ў бок спрашчэння будовы і функцыі арганізмаў;

2) змена асадачных горных парод пасля з’яўлення іх у выніку дыягенезу да ператварэння ў метамарфічныя пароды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бітумініза́цыя

(ад бітумы)

1) запаўненне трэшчын у грунтах і горных пародах расплаўленымі прыроднымі бітумамі;

2) разбурэнне арганічных рэчываў, у выніку якога ў іх павялічваецца колькасць вугляроду і ўтвараюцца парафіны і нафтэны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

акцэсо́рны

(ад лац. accessorius = дадатковы)

дадатковы, другарадны;

а. дагавор — дадатковы дагавор, які далучаецца да асноўнага дагавору;

а-ыя мінералы — мінералы, якія ўтвараюць колькасна малы, але часам характэрны дамешак у горных пародах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

перфара́тар

(лац. perforator = які прабівае, свідруе)

1) апарат, якім прабіваюць скразныя адтуліны на папяровай, кардоннай картцы (перфакарце), на фота- або кінастужцы;

2) машына для бурэння свідравін у горных пародах; бурыльны малаток.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сабады́ла

(н.-лац. Sabadilla < ісп. cebadilla, ад cebada = ячмень)

расліна сям. лілейных, пашыраная на горных лугах Амерыкі, пераважна Мексікі; настойка і адвар насення гэтай расліны выкарыстоўваюцца супраць паразітаў жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэнтрыкліна́ль

(ад цэнтр + гр. klino = нахіляю)

форма залягання горных парод, у якой пласты нахілены так, што лініі іх падзення накіраваны ў бок аднаго цэнтра, а лініі распасцірання апісваюць каля яго дугі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВА́ЛЕ-д’АО́СТА (Valle d’Aosta),

аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс. чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас. р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬКА,

абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл. Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.

В.​П.​Кісель.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)