род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 120 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі 10 відаў: З. багнавая (S. alsine), балотная (S. palustris), доўгалістая (S. longifolia), дуброўная (S. nemorum), злакавая (S. graminea), ланцэтападобная (S. holostea), незаўважаная (S. neglecta), сярэдняя, або макрыца (S. media), таўсталістая (S. crassifolia), тупачашачкавая (S. hebecalyx). Растуць у лясах, на лугах, балотах, у хмызняках, на палях, агародах і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце супраціўнае, ад лінейна-ланцэнтнага да яйцападобнага. Кветкі двухполыя, 5-, рэдка 4-членныя, звычайна белыя ў паўпарасонікавых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., кармавыя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Многія віды пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЕР (Galeopsis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.
Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс.відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШЧЫ́НА, арэшнік (Corylus),
род кветкавых раслін сям. ляшчынавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Культ. формы (фундук) вырошчваюць 3—4 тыс. гадоў. На Беларусі 1 дзікарослы від Л. звычайная, або лясны арэх (C. avellana). Расце ў падлеску і на ўзлесках шыракалістых і мяшаных лясоў. 7 відаў інтрадукавана.
Аднадомныя лістападныя кусты, радзей дрэвы. Лісце простае, чаргаванае, чаранковае. Тычынкавыя кветкі ў павіслых каташках, песцікавыя — у двухкветкавых дыхазіях (развілінах), сабраных у галоўчатыя суквецці. Плод — аднанасенны дравяністы арэх. У пладах да 70% алею, які выкарыстоўваецца ў харч., кандытарскай, лакафарбавай і мед. прам-сці, з макухі робяць халву Драўніна ідзе на дробныя вырабы. З кары атрымліваюць фарбавальныя і дубільныя рэчывы. 3 парасткаў плятуць мэблю і інш.Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСА́ДЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕЖАВА́НАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
1) абмежаванне выплат страхавой кампенсацыі і страхавых сум з мэтай забеспячэння фін. устойлівасці страхавых аперацый; прадугледжана ўмовамі асобных відаў страхавання і, як правіла, закладзена ў тарыфах.
2) Абмежаванне кампенсацыі страт ад гасп. дзейнасці сумай укладзенага капіталу ў таварыствах з абмежаванай адказнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛАМ (араб., ад грэч. kalamos трыснёг),
трысняговае пяро. Са старажытнасці служыла для пісьма. У народаў сярэдневяковага Усходу, якія карысталіся арабскім алфавітам, для розных відаў пісьма існавалі розныя спосабы рэзкі і расшчаплення трыснягу. У сярэдневяковых усх. трактатах К. называлі таксама пэндзаль для жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́ЗМ СПАРТЫ́ЎНЫ,
адзін з тэхнічных відаў спорту, які ўключае канструяванне, стварэнне і спаборніцтвы дзеючых і стэндавых мадэляў аўтамабіляў, лакаматываў, лятальных апаратаў, суднаў і інш. Развівае канструктарскія здольнасці, тэхн. кругагляд. Спаборніцтвы праводзяцца на пяршынствы свету, кантынента, краіны. Гл. таксама Авіямадэлізм, Аўтамадэлізм, Суднамадэльны спорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКІСЛЕ́ННЕ ГЛЕБ,
павелічэнне кіслотнасці глебы прыродным (натуральным) шляхам ці пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Мае адмоўны характар, найчасцей звязана з выпаданнем кіслотных дажджоў і з’яўляецца адным з відаўзабруджвання глеб (за выключэннем штучнага падкіслення шчолачных глеб у с.-г. вытв-сці, лесаводстве і інш.).