цемнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Няпоўнасцю, не зусім цёмны (у 1, 2 знач.). За дзвярыма, на шырокім і ўжо цемнаватым калідоры, на хаду дзяўчына выняла з кішэнькі фартуха хустачку і прылажыла яе, раз і другі, да вачэй. Брыль. Доўга я глядзеў на цемнаваты абадок вакол ствала на бярозе, мацаў яго рукамі. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёзка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑зцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑зак; ж.

Разм. Чалавек, які мае аднолькавае з кім‑н. імя. — Як цябе завуць? — спытала ў яго Марыя Міхайлаўна. — Юра... — Добрае імя. Скажы, Юра, што ты ведаеш пра свайго славутага цёзку? — Гэта пра Гагарына? Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарано́к, ‑нка, м.

1. Частка сцябла, кораня або ліста, якая аддзяляецца ад расліны для вегетатыўнага размнажэння і ў спрыяльных умовах развіваецца ў самастойную расліну. Аднекуль.. [Якіму Гарбузу] нехта прыслаў чаранкі вінаграду, і цяпер у садзе ў зацішным куточку ён рос і нават даспяваў. Сабаленка.

2. Вузкая частка ліста, што злучае яго са сцяблом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і шчыпаць (у 1–3 знач.). Зосітэ ўвесь час не давала спакою свайму каханаму: .. нават гулліва шчыкала яго за бакі. Броўка. Холад браў за ногі, шчыкаў за вушы. Сабаленка. Аброслы дзядзька ў капелюшы няўдала шчыкаў канцы папярос двума тоўстымі пальцамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эжэ́кцыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Працэс змешвання двух якіх‑н. асяроддзяў (вады і пяску, пары і вады і інш.), пры якім адно асяроддзе, будучы пад ціскам, уздзейнічае на другое і, цягнучы за сабой, выштурхвае яго ў неабходным напрамку.

2. Штучнае аднаўленне напору вады ў перыяд паводкі для нармальнай работы турбін.

[Фр. éjection.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАБРО́ЎСКІ ((Bobrowski) Іаганес) (9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),

нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.​Гаўрук, М.​Навіцкі, Я.​Семяжон, В.​Сёмуха.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ЎСКІ (Міхаіл Кірылавіч) (19.11.1784 ці 1785, в. Вулька Бельска-падляскага ваяв., Польшча — 3.10.1848),

бел. славіст і арыенталіст. Д-р тэалогіі (1823). З сям’і уніяцкага святара. Скончыў Гал. духоўную семінарыю пры Віленскім ун-це (1812). У 1822—24, 1826—33 праф. Віленскага ун-та, у 1824—26 у ссылцы ў Жыровіцкім базыльянскім манастыры. З 1833 жыў у мяст. Шарашова Пружанскага пав., дзе атрымаў прыход. Даследаваў гісторыю слав. кнігадрукавання, збіраў матэрыялы пра дзейнасць Ш.​Фіёля, І.​Фёдарава, П.​Мсціслаўца. Зрабіў навук. апісанне стараж. кірылічных і глагалічных кніг Ватыканскай б-кі, увёў у навук. ўжытак 1-ю глагалічную друкаваную кнігу «Місал па законе Рымскага двара» (Служэбнік, 1483). Нанава адкрыў для бел. і еўрап. навукі імя і справу Ф.​Скарыны, звесткі пра яго ўвайшлі ў ненадрукаваную «Гісторыю славянскіх друкарняў у Літве». Разам з І.​М.​Даніловічам быў адным з пачынальнікаў бел. нац. адраджэння. З яго багатай творчай спадчыны захаваліся толькі асобныя рукапісы.

М.К.Баброўскі.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСТ (сапр. Розенберг) Леў Самойлавіч

(9.5.1866, г. Гродна — 27.12.1924),

тэатральны мастак, графік, жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—87), у Парыжы (1893—96). У 1906—09 выкладаў жывапіс у прыватнай маст. школе ў Пецярбургу, сярод яго вучняў — М.Шагал. Член аб’яднання «Свет мастацтва». З 1910 жыў пераважна ў Парыжы. Быў адным з вядучых дэкаратараў «Рускіх сезонаў» С.П.Дзягілева. Моцны ўплыў стылю мадэрн зазнала яго кніжная графіка (час. «Мир искусства», «Золотое руно», «Аполлон»), станковы жывапіс («Старажытны жах», 1908) і асабліва тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (балеты «Клеапатра», 1909, «Шэхеразада», 1910, «Дафніс і Хлоя», 1912), дзе, стылізуючы ант. і ўсх. матывы, Бакст стварыў вытанчана — дэкар. эскізы касцюмаў і дэкарацый. Выканаў шмат партрэтаў (І.​І.​Левітан, І.​А.​Бунін, К.​Дэбюсі, І.​Рубінштэйн і інш.) і станковых твораў («На схіле гадоў», «Вячэра», «С.​П.​Дзягілеў з нянькай» і інш.).

Літ.:

Голынец С.В. Л.​С.​Бакст, 1866—1924. Л., 1981.

М.​М.​Паграноўскі.

Л.Бакст. Эскіз касцюма Сіняй султаніхі да балета «Шэхеразада». 1910.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,

суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.​Менгер, Э.​Бём-Баверк, Ф.​Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.​Джэванс (Вялікабрытанія), Л.​Вальрас (Швейцарыя), М.​Туган-Бараноўскі і П.​Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.​Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.

М.​В.​Навучыцель.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С ГАДУНО́Ў (каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),

расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл. Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у т. л. палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл. Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем I. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.​С.​Пушкін (трагедыя) і М.​П.​Мусаргскі (опера).

Літ.:

Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)