1) Notonectidae, сям. вадзяных клапоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах. На Беларусі распаўсюджаны гладыш звычайны (Notonecta glauca), радзей трапляецца гладыш жоўты (N. lutea), занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7,5—18 мм. Цела пукатае зверху, плоскае знізу. Хабаток моцны, востры. Заднія ногі з плавальнымі шчацінкамі, падобныя да вёслаў. Плаваюць спінай уніз. Добра лётаюць. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб.
2) Phalacridae, сям. жукоў падатр. разнаедных. Больш за 300 відаў. Большасць жыве ў суквеццях складанакветных раслін, некаторыя — на ржаўных грыбах, у якіх развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́Ў (Ілья Міхайлавіч) (1.8.1922, г. Генічаск, Украіна — 16.5.1996),
бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-ртэхн.н. (1974), праф. (1980). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1954). З 1955 на Мінскім аўтазаводзе. З 1961 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання (цяпер НВА «Планар»; з 1971 ген. дырэктар). З 1974 нам. старшыні СМБССР. У 1982—94 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы і вынаходствы па тэхнал. абсталяванні для вытв-сці вырабаў электроннай тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Генераторы изображений в производстве интегральных микросхем. Мн., 1981 (разам з Я.А.Райхманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАКСІ́НІЯ (Gloxinia),
род кветкавых раслін сям. геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. Пад назвай глаксінія ў кветкаводстве больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Siningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, апушанае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі—верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50—100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і ліставымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЎКАНІ́Т (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),
мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШАК (Тамара Сцяпанаўна) (н. 3.1.1927, г. Луганск, Украіна),
бел. мовазнавец-германіст. Д-рфілал.н. (1991), праф. (1992). Скончыла 1-ы Маскоўскі пед.ін-т замежных моў (1954). З 1961 у Арэнбургскім пед. ін-це, з 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1965—77 заг. кафедры). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі германскіх моў, распрацоўвае праблемы функцыянальнага плана ням. і часткова англ. моў. Аўтар працы: «Функцыянальная стылістыка нямецкай мовы» (1981), а таксама арт. «Стан і асноўныя напрамкі лінгвастылістычнай праблематыкі ў мовазнаўстве Беларусі» (1979), «Моўная намінацыя і грамадска-культурны працэс» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Палата, за 47 км на ПнУ ад г. Полацк, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Пл. 0,42 км², даўж. 1,11 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 1,94 км². Схілы катлавіны выш. 15 — 17 м, на Пн да 2 м, пад хваёвым лесам. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пн тарфяныя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, з глыб. 5,5 м сапрапелістае. Расце палушнік азёрны — рэдкі ахоўны від раслін, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎКА (Nidularia),
род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў сям. гняздоўкавых. Вядома каля 30 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі — гняздоўка запоўненая (N. farcta). Сапратроф. Расце групамі ў лясах, парках, садах на адмерлай драўніне, зрэдку на глебе. Пладаносіць у ліп.—кастрычніку.
Пладовыя целы дыяметрам 0,5—0,7 см, няроўнашарападобныя, прыплясканыя, сядзячыя, з шырокай асновай, унутры з круглаватымі цельцамі (у іх развіваюцца базідыі са спорамі), адкрываюцца зверху шчылінай. Абалонка таўстасценная, часта лямцаватая, звонку напачатку белаватая, потым карычневая, унутры гладкая, бліскучая. Споры кароткаэліпсоідныя, гладкія, бясколерныя.
Гняздоўка запоўненая: 1 — вонкавы выгляд пладовага цела; 2 — пладовае цела ў разрэзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦЬ ((Giedroyć) Міхал Ян Генрык) (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),
англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМО́ВІЧ (Георгій Ігнатавіч) (н. 18.1.1930, в. Новы Двор Мінскага р-на),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-рмед.н. (1975), праф. (1978). Засл. дз. нав.Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1956) і з 1959 працуе ў гэтым ін-це (з 1976 заг. кафедры). Навук. працы па метадах кансерватыўнага лячэння дабраякасных пухлін, хірург. лячэнні анамалій развіцця жаночых палавых органаў, прафілактыцы і лячэнні гнойна-запаленчых ускладненняў у акушэрстве і гінекалогіі.
Тв.:
Советы врача молодоженам. 2 изд. Мн., 1986;
Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з К.І.Малевічам, П.С.Русакевічам).