ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр. сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЯРО́ГА СУ́ПРАЦЬ ІАНІЗАВА́ЛЬНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

комплекс мер для аслаблення ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення на людзей, аб’екты, абсталяванне, навакольнае асяроддзе і інш. Мае 2 аспекты: засцярогу ад знешніх патокаў «закрытых» крыніц выпрамянення (радыеактыўныя прэпараты, рэактары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі, паскаральнікі) і засцярогу біясферы ад забруджванняў радыеактыўнымі рэчывамі з «адкрытых» крыніц (прадукты выкарыстання ядз. зброі, адходы ядз. прам-сці і інш.), якія трапляюць у арганізм чалавека (ці жывёлы) непасрэдна, а таксама з вадой або ежай.

Фіз. З.с.і.в. з’яўляецца матэрыял, які добра паглынае выпрамяненне (напр., свінец, бетон) і размешчаны паміж крыніцай і аб’ектам. Індывідуальныя сродкі засцярогі — камбінезоны, пнеўмакасцюмы, спец. абутак, чахлы, пальчаткі і інш.; калектыўныя — траншэі, акопы, сховішчы і інш. (гл. Ахоўныя збудаванні а таксама ваен. тэхніка, якая мае засцерагальныя ўласцівасці за кошт выкарыстання канстр. матэрыялаў, адбівальных ці паглынальных экранаў, ахоўных пакрыццяў. Хім. З.с.і.в. дасягаецца ўвядзеннем (папярэдне ці ў час апрамянення) у арганізм чалавека (ці жывёлы) рэчываў, якія павышаюць яго агульную супраціўляльнасць (лілаполіцукрыды, спалучэнні амінакіслот і вітамінаў, вакцыны) ці маюць проціпрамянёвае дзеянне (радыепратэктары; напр., меркаптааміны, цыяніды, нітрылы). Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога ад зброі масавага знішчэння.

П.​В.​Сычоў.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,

спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл. Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,

у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОНД (франц. sonde),

1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.

4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.

5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.

6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНІТЭ́Т у праве,

1) І. дзяржаўны — прынцып міжнар. права, паводле якога дзяржава не падлягае замежнай юрысдыкцыі: ні дзяржаве, ні яе органам не можа быць прад’яўлены іск у судзе замежнай дзяржавы.

2) І. консульскі — сукупнасць ільгот і прывілеяў, якія даюцца консульскай установе і яе супрацоўнікам. Аб’ём І. ўстанаўліваецца ўнур. заканадаўствам дзяржаў, а таксама міжнар. дагаворамі шматбаковымі (Венская канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах) або двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і міжнар. звычаямі.

3) І. дыпламатычны — сукупнасць правоў і прывілеяў, якія даюцца дыпламат. прадстаўніцтвам замежных дзяржаў і іх супрацоўнікам: недатыкальнасць асобы, службовых памяшканняў, жылля і ўласнасці і інш. Аб’ём І. ўстаноўлены Венскай канвенцыяй 1961, інш. міжнар. дагаворамі і звычаямі і ўнутр. заканадаўствам дзяржаў.

4) І. службовых асоб дзяржавы заключаецца ў недатыкальнасці некат. іх катэгорый. Адрозніваюць І. парламенцкі, прэзідэнцкі і судзейскі. Недатыкальнасць гэтых асоб азначае забарону іх арышту і прыцягнення да суд. адказнасці пры пэўных абставінах без згоды на тое адпаведных кампетэнтных органаў. Дэпутат можа быць пазбаўлены недатыкальнасці палатай парламента, членам якой ён з’яўляецца; недатыкальнасць з прэзідэнта. як правіла, здымаецца толькі разам з адхіленнем яго ад пасады ў парадку асобай працэдуры, прадугледжанай канстытуцыяй.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЗНАЧА́ЛЬНАСЦЕЙ СУАДНО́СІНЫ,

фундаментальныя суадносіны квантавай механікі, якія ўстанаўліваюць межы дакладнасці адначасовага вызначэння пэўных пар фіз. велічынь, у прыватнасці — кананічна спалучаных дынамічных пераменных, напр., каардынаты і імпульсу мікрачасціцы. Устаноўлены В.К.Гайзенбергам (1927) пры аналізе ўяўных эксперыментаў па вымярэнні каардынат і імпульсаў квантавага аб’екта.

Вынікаюць з карпускулярна-хвалевай прыроды квантавых аб’ектаў, фармальна — з уласцівасцей тых матэм. аб’ектаў (аператараў), якія апісваюць фіз. велічыні ў апараце квантавай механікі. Запісваюцца ў выглядзе няроўнасцей віду Δx Δpx h/2 , дзе Δx = ( Δx ) 2 і Δpx = ( Δpx ) 2 — неазначальнасці (сярэднеквадратычныя адхіленні ад сярэдніх значэнняў) аператараў каардынаты і кампаненты імпульсу адпаведна; h = h/2π , дзе hПланка пастаянная. Такія ж суадносіны выконваюцца для каардынат y і z і адпаведных кампанентаў імпульсу. Аналагічныя суадносіны маюць месца і для інш. пар фіз. характарыстык мікрааб’ектаў, напр., энергіі і часу жыцця сістэмы ў зададзеным стане, вугла павароту вакол зададзенай восі і праекцыі на яе моманту імпульсу. Н.с. вызначаюць спосаб найпрасцейшых ацэнак колькасных характарыстык квантавых сістэм.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.

Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл. Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).

На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар. т-ва Н.с. (г. Брэст).

Літ.:

Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.

У.​А.​Галаўко, А.​А.​Дудкін.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА (лац. norma правіла, узор),

межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,

асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.

Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)