РЭНТГЕ́НАЎСКАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

рэнтгенаўскія прамяні, электрамагнітнае іанізавальнае выпрамяненне са спектральнай вобласцю паміж гама- і ультрафіялетавым выпрамяненнем. Даўж. хваль ад 10​−8 да 10​−11 м. Умоўна падзяляецца на жорсткае (даўж. хвалі менш за 2∙10​−10 м) і мяккае (больш за 2∙10​−10 м). Адкрыта В.К.Рэнтгенам (1895).

Натуральнымі крыніцамі Р.в. з’яўляюцца Сонца і інш. касм. аб’екты (гл. Рэнтгенаўская астраномія). Штучныя крыніцы — рэнтгенаўская трубка (найб. пашырана), некаторыя радыеактыўныя ізатопы, сінхратроны і назапашвальнікі электронаў (мяккае Р.в.). Рэнтгенаўскі спектр бывае неперарыўным (тармазным; гл. Тармазное выпрамяненне) і лінейчастым (характарыстычным; гл. Мозлі закон), які атрымліваецца ў выніку іанізацыі атама з выбіваннем электрона з яго ўнутр. абалонак (першаснае Р.в.) ці пры паглынанні кванта эл.-магн. выпрамянення (флуарэсцэнтнае Р.в.). Пры ўзаемадзеянні Р.в. з рэчывам назіраецца фотаэфект, які суправаджае паглынанне, а таксама рассеянне Р.в. Фотаэфект узнікае, калі атам рэчыва пасля паглынання кванта Р.в. вылучае адзін з унутр. электронаў і адбываецца выпрамяняльны пераход (характарыстычнае выпрамяненне) або дадаткова вылучае электрон (ажэ-электрон) пры безвыпрамяняльным пераходзе. Рассеянне Р.в. ў вобласці вял. атамных мас і даўжынь хваль у асн. кагерэнтнае (без змены даўжыні хвалі); у вобласці малых атамных мас і даўжынь хваль — комптанаўскае (гл. Комптана эфект) ці камбінацыйнае. Рэгіструюць Р.в. з дапамогай спец. фотаматэрыялаў (гл. Рэнтгенаграма), а таксама дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэнтгенадыягностыкі і рэнтгенатэрапіі, рэнтгенаструктурным аналізе, рэнтгенаўскіх спектральным аналізе, тапаграфіі, спектраскапіі, астраноміі.

Літ.:

Блохин М.А. Физика рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1957;

Рентгеновские лучи: Пер. с нем. и англ. М., 1960.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1929,

канфлікт з-за Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (КЧЧ). Паводле сав.-кіт. пагаднення 1924 (гл. Савецка-кітайскія пагадненні) КЧЧ знаходзілася ў сумесным валоданні СССР і Кітая, але фактычна кіравалася сав. бокам. Пасля пашырэння ўлады Нац. кіт. ўрада ў Нанкіне да 1929 на тэр. Маньчжурыі (гл. Рэвалюцыя 1925—28 у Кітаі) ён запатрабаваў усталявання над КЧЧ кіт. суверэнітэту, лічачы гэта часткай барацьбы Кітая супраць няроўных дагавораў і пагадненняў. 10—11 ліп. войскі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна ў аднабаковым парадку захапілі КЧЧ, адхіліўшы ад працы сав. работнікаў. У адказ урад СССР разарваў дыпламат. адносіны з Кітаем. 6 жн. была створана Асобая Далёкаўсх армія (АДУА) на чале з В.​К.​Блюхерам. 17 ліст. часці АДУА на чале з С.​С.​Вастрацовым перайшлі сав.-кіт. граніцу ў раёне станцыі Маньчжурыя. У 3-дзённых баях яны разбілі 2 брыгады кіт. арміі (20 тыс. чал.), узяўшы ў палон больш як палавіну іх асабовага складу. У баявых дзеяннях на р. Сунгары ўдзельнічала Амурская ваен. флатылія, якая разграміла Сунгарыйскую флатылію праціўніка. 21 ліст. кіт. бок прапанаваў пачаць перагаворы. З снеж. быў падпісаны пратакол у Нікольску-Усурыйскім з прадстаўнікамі Чжан Сюэляна, а 22 снеж. — у Хабараўску з прадстаўнікамі Нац. кіт. ўрада пра аднаўленне на КЧЧ статус-кво Канчаткова канфлікт урэгуляваны з аднаўленнем сав.-кіт. дыпламат. адносін у 1932.

Літ.:

Кулагин В.М., Яковлев Н.Н. Подвиг Особой Дальневосточной. М., 1970;

Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж сил. Хабаровск, 1989.

т. 14, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХНО́ЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (1.3.1886, г. Дарагабуж Смаленскай вобл., Расія — 26.2.1945),

расійскі рэжысёр, тэатразнавец, педагог. Нар. арт. Расіі (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1939). Вучыўся на рэжысёрскім ф-це Фрайбургскага ун-та, скончыў Маскоўскі ун-т (1910). З 1912 працаваў у Маскве ў студыі Ф.​Камісаржэўскага (з 1914 — тэатр В.​Камісаржэўскай), спачатку лектарам, пасля рэжысёрам. У 1921—22 у створаным ім Маскоўскім драм. т-ры паставіў «Набожнасць» П.​Мерымэ, «Навальніцу» А.​Астроўскага. З 1922 рэжысёр і маст. кіраўнік Т-ра камедыі (б. Т-ра Корша), з 1923 зноў адкрытага Т-ра імя Камісаржэўскай. З 1926 рэжысёр, з 1932 нам. дырэктара, з 1937 заг. маст. часткі, з 1940 намеснік маст. кіраўніка Маскоўскага Маст. акад. т-ра (МХАТ), з 1943 чл. Маст.-рэжысёрскай калегіі. У 1914—20 выкладаў у Нар. ун-це імя А.​Шаняўскага, з 1933 узначальваў рэжысёрскі ф-т і кафедру рэжысуры Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Адзін з заснавальнікаў Школы-студыі МХАТ, з 1943 маст. кіраўнік. Удзельнічаў у стварэнні спектакляў «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага (маст. кіраўнік Неміровіч-Данчанка, 1929), «Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля (маст. кіраўнік К.​Станіслаўскі, 1932), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (маст. кіраўнік Неміровіч-Данчанка, 1934), «Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога (з Неміровічам-Данчанкам, 1937), паставіў «Палаўчанскія сады» Л.​Лявонава (1939), «Працоўны хлеб» А.​Астроўскага (1940).

Тв.:

Письмо К.​С.​Станиславскому. М., 1917;

Работа режиссера. М.; Л., 1937;

Режиссура и методика ее преподавания. М.; Л., 1939;

Мысли о режиссуре. М.; Л., 1947.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Бярэзіна, чыг. ст. на лініі Жлобін—Калінкавічы, вузел аўтадарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Калінкавічы 73,4 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як в. Шацілкавічы (пазней Шацілкі) у Рэчыцкім пав. ВКЛ У 1639 было 19 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, у Парыцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. З 20.8.1924 мяст. Шацілкі — цэнтр сельсавета ў Парыцкім р-не Бабруйскай акр. (1924—30), з 1938 у Палескай вобл. У жн. 1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 353 чал. Вызвалены 26.11.1943 войскамі 1-га Бел. фронту ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З вер. 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Гомельскай абл. З 30.12.1956 гар. пасёлак, з чэрв. 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. З 1961 горад раённага падпарадкавання, 29.7.1961 перайменаваны ў С., а Парыцкі р-н у Светлагорскі. З 1963 — горад абл. падпарадкавання. У 1970—40,3 тыс. ж., у 1973—48,7 тыс. жыхароў.

Працуюць: Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, з-д жалезабетонных вырабаў і канструкцый, філіял з-да «Гомсельмаш», домабудаўнічы камбінат, масласырзавод, хлебазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, Светлагорская ЦЭЦ. У горадзе Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум, ПТУ хімікаў, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Музей гісторыі горада Светлагорска. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкая магіла сав. маракоў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Горад Светлагорск. Забудова мікрараёна Паўднёвы.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІ́РСКАЕ ХА́НСТВА, Сібірскі юрт,

феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.

Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст. рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмак пры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.​Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,

вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.

Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.

Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв. «зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.

На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.

Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш. сац.-эканам. праблем грамадства.

З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТА́Я АРДА́ (Улус Джучы),

феад. дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі і Усх. Еўропы ў 13—15 ст. Узнікла ў пач. 1240-х г. Займала тэр. Зах. Сібіры, Паўн. Харэзма, Волжскай Булгарыі, Паўн. Каўказа, Крыма, стэпаў ад Волгі да Дуная; трымала ў васальнай залежнасці рус. землі. Напачатку займала зах. ч. імперыі Чынгісхана — тэр. ўдзельнага княства (улуса) яго сына Джучы (адсюль адна з назваў З.А.). Самаст. дзяржавай стала пры Батыі, сыне Джучы. Усх. ч. улуса Джучы (Зах. Сібір) атрымала назву Блакітнай Арды. Батый у выніку паходаў 1236—40 далучыў да сваіх уладанняў Паволжа, кіпчацкія стэпы (гл. Дэшт-і-Кіпчак), Паўн. Каўказ, Крым, Харэзм, пакарыў рус. княствы. У сярэдзіне 13 ст. хан Берке [1258—66] прыняў іслам і не стаў прызнаваць вярх. улады мангольскага хана. Напачатку сталіцай З.А. быў г. Сарай-Бату (каля сучаснай Астрахані), з 1-й пал. 14 — г. Сарай-Берке (каля сучаснага Валгаграда). Пра ператварэнне З.А. ў самаст. дзяржаву сведчыць чаканка манеты з імем 5-га хана Менгу-Цімура [1267—80], Пасля яго смерці ў выніку міжусобных войнаў перамагла частка арыстакратыі мусульм. веравызнання. Яна вылучыла на ханскі пасад Узбека [1313—42], унука Менгу-Цімура. Пры Узбеку і яго сыне Джанібеку [1342—57] З.А. стала адной з вял. дзяржаў сярэдневякоўя. У выніку шматлікіх прыдворных змоў і смут З.А. фактычна распалася 1370-я г. на 2 часткі: у раёнах на З ад Волгі правіў цемнік Мамай, ва ўсх. раёнах — Урус-хан. Унутр. бязладдзе З.А. скарысталі маскоўскія князі. У Кулікоўскай бітве 1380 войскі Мамая пацярпелі паражэнне. Часовае аднаўленне адзінства З.А. адбылося пры хане Тахтамышу, які ў 1380 разбіў Мамая на р. Калка, а праз 2 гады заняў і спаліў Маскву. Але правіцель Сярэдняй Азіі Тамерлан (Цімур) у 1391 і 1395 разбіў войскі Тахтамыша, разрабаваў сталіцу. На гэтым скончылася адзінства З.А.

Апошнюю спробу аб’яднаць дзяржаву ў пач. 15 ст. зрабіў Едыгей. Складаныя працэсы феад. драблення прывялі ў 2-й пал. 15 ст. да распаду З.А. на Казанскае, Астраханскае і Крымскае ханствы, Нагайскую Арду і ўласна Вялікую Арду.

Адносіны ВКЛ з З.А. на працягу многіх стагоддзяў былі складаныя. Вясною 1238 мангола-татары пагражалі ВКЛ з У. У канцы 1246 яны ўварваліся на тэр. ВКЛ з Пд, зрабілі вял. спусташэнні. Захаваліся летапісныя звесткі пра жорсткія бітвы з татарамі дружын з Пінска, Слоніма, Навагрудка, Турава, Друцка і інш. гарадоў. Упартая працяглая барацьба і гераічная абарона сваіх зямель насельніцтвам ВКЛ аслабілі і падарвалі сілы заваёўнікаў. Князі ВКЛ не толькі абаранілі свае землі, але і наладзілі саюз з ханамі З.А. супраць агульных праціўнікаў. Вял. князі Гедзімін, Вітаўт і інш. запрашалі татар З.А. на дапамогу ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Татары ўдзельнічалі ў вайне Гедзіміна супраць крыжакоў у 1319; у 1350 ардынскія атрады прымалі ўдзел у паходзе вял. князя Кейстута ў Польшчу. У 1397 пасля сумеснага паходу на Азоў шмат татар пасялілася каля Вільні, у Ашмянскім, Брэсцкім, Лідскім, Навагрудскім паветах. У 1409 да Вітаўта прыбыў з 30-тысячным войскам сын Тахтамыша царэвіч Джэлал-ад-дзін, які прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. Сярод цюркскіх народаў ВКЛ мела славу надзейнага прыстанішча. Тут знайшлі прытулак многія звергнутыя ханы.

Літ.:

Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. М., 1985;

Яго ж. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.

А.​А.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТАМІ́ЗМ,

дамінуючы кірунак у сучаснай каталіцкай філас. думцы і філасофіі культуры, заснаваны на вучэнні Фамы Аквінскага; сучасны этап у развіцці тамізму. Атрымаў статус афіц. філас. дактрыны рымска-каталіцкай царквы пасля апублікавання ў 1879 энцыклікі папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму»), Распрацоўкай і пашырэннем Н. займаюцца Акадэмія св. Фамы (Ватыкан), Каталіцкі ін-т у Парыжы, Пулахскі ін-т (ФРГ), ун-т Нотр-Дам (ЗША), Люблінскі каталіцкі ун-т (Польшча) і інш. Прадстаўнікі Н.: Э.​Жыльсон, Ж.Марытэн (Францыя), Ю.​М.​Бахенскі, К.​Ранер (ФРГ), К.​Вайтыла (Іаан Павел II), М.​А.​Крампец, С.​Свяжаўскі (Польшча) і інш. Пасля II Ватыканскага сабора (1962—65), які абвясціў курс на абнаўленне рымска-каталіцкай царквы (аджарнамента), выразна выявілася антрапацэнтрычная пераарыентацыя Н., яго імкненне да разгляду і абгрунтавання палажэнняў «вечнай філасофіі» праз прызму чалавечага існавання. Цэнтр. прынцып Н. — гармонія розуму і веры. Неатамісты лічаць, што гэта дактрына валодае універсальнымі магчымасцямі, узнімаецца над палярнасцю матэрыялізму і ідэалізму, сцыентызму і антысцыентызму. Аснова анталогіі Н. — вучэнне пра патэнцыю і акт, паводле якога працэсы «ўзнікнення розных рэчаў або прадметаў трактуюцца як ажыццяўленне, актуалізацыя патэнцый. Быццё любой канечнай рэчы, паводле Н., можа быць зразумета толькі як «удзел» у бясконцым быцці Бога, які з’яўляецца актуальным пачаткам усяго існага. Аснову натурфіласофіі Н. складае гілемарфізм — вучэнне пра матэрыю і форму, паводле якога матэрыя з’яўляецца пасіўным пачаткам, магчымасцю, што патрабуе для сваёй актуальнасці наяўнасці формы; формы ствараюць усю разнастайнасць матэрыяльных спосабаў і відаў быцця ад неарган. свету да вышэйшай ступені прыроднага быцця — чалавека, формай і сутнасцю якога з’яўляецца нематэрыяльная (бессмяротная) душа. Вышэйшая форма (форма форм) не звязана з матэрыяй і стварае першасную матэрыю» і ўсю канкрэтную разнастайнасць форм. Гэтай вышэйшай формай з’яўляецца Бог. У Н. адрозніваюць анталагічныя і лагічныя ісціны. Першая — прадукт адпаведнасці рэчы інтэлектуальнай задуме Бога, другая звязана з пазнавальнай дзейнасцю чалавека, надзеленага ўласцівасцю суб’ектыўнасці. Пры апісанні ступені разумова-тэарэт. спасціжэння свету, тэарэтыкі Н. на 1-й ступені змяшчаюць прыродазнаўства і філасофію прыроды, на 2-й — матэматыку (веды пра чыстую колькасць), на 3-й — метафізіку, якая аналізуе праблемы быцця. Тэалогію Н. лічыць узорам адзінства пазнавальных і практычных адносін да свету. Чалавека разглядае як складаную субстанцыю з дзвюх простых — душы і цела. Душа (формаўтваральны ў адносінах да цела прынцып) лічыцца асновай асобы; універсальнай мэтай і сэнсам існавання якой з’яўляецца сузіранне боскага дабра. Паводле Н., грамадства ў сваёй эвалюцыі павінна кіравацца вечнымі каштоўнасна-нарматыўнымі прынцыпамі (у першую чаргу асобаснай скіраванасці і агульнага дабра), якія могуць па-рознаму тлумачыцца і гучаць у залежнасці ад кантэксту сац. сітуацыі. Прыхільнікі Н. лічаць, што ажыццяўленне гэтых прынцыпаў павінна забяспечыць у самых розных грамадствах разнастайнасць форм уласнасці, прымірэнне супярэчнасцей паміж сац. слаямі, класамі, паліт. плюралізм, наяўнасць правоў грамадзян і дэмакр. свабод у спалучэнні з вяршэнствам сферы агульначалавечых культ. каштоўнасцей. Праводзіцца думка пра неабходнасць руху па «трэцім шляху» грамадскага развіцця, паміж «капіталіст. індывідуалізмам» і «марксісцкім калектывізмам». Дыялог царквы і грамадства разумеецца як сродак унясення вышэйшых рэліг.-маральных каштоўнасцей у культуру сучаснасці.

Літ.:

Губман Б.Л. Западная философия культуры XX в. Тверь, 1997;

Vries J. de Drundbegriffe der Scholastik. Darmstadt, 1980;

Swieżawski S. Święty Tomasz na nowo odczytany. Kraków, 1983;

Gogacz M. Elementarz metafizyki. Warszawa, 1987.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)