ГРАБНЫ́ ВІНТ,

найбольш пашыраны суднавы рухач. Мае насаджаную на грабны вал калодку з лопасцямі, якія размешчаны на аднолькавых вуглавых адлегласцях адна ад адной і арыентаваны пад пэўным вуглом да падоўжнай восі вала. Грабныя вінты бываюць суцэльныя (лопасці адлітыя або адштампаваныя разам з калодкай), са здымнымі або паваротнымі (вінты са зменным ходам) лопасцямі. Вырабляюць з латуні, бронзы, чыгуну, сталі, пластмас.

Грабны вінт судна.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,

ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н,

1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.

2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ГАРО́ДНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 40 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—18 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія. Злучана пратокай з воз. Малое Гародна.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЧКА (Генадзь Іосіфавіч) (н. 15.2.1922, в. Лутна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў школу авіямеханікаў (1941), эл.-мех. тэхнікум (1963). У Вял. Айч. вайну снайпер ст. сяржант Вялічка на фронце з чэрв. 1941 знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў каля 200 снайпераў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1946 у Сав. Арміі.

Г.І.Вялічка.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЭ́ТА ЛІТЭРА́ЦКА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Literacka Wileńska», «Віленская літаратурная газета»),

першае перыядычнае выданне на тэр. ВКЛ. Выдавалася ў 1760—94 у Вільні на польск. мове як орган Віленскай езуіцкай акадэміі. Мела культ.-асв. кірунак. Напярэдадні паўстання 1794 пад кіраўніцтвам А.​Т.​Касцюшкі актыўна асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця. З жн. 1794 наз. «Кур’ер літэвскі», з 1841 «Виленский вестник».

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫНЬ (Савелій Рыгоравіч) (4.1.1912, в. Таўбозіна Бранскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Радавы Д. вызначыўся пры вызваленні Гомельскай вобл.: 25.6.1944 у баі за в. Святое Возера Рагачоўскага р-на разам са ст. лейтэнантам В.​С.​Уткіным з гранатамі кінуўся пад самаходную гармату «фердынанд»; цаной свайго жыцця воіны сарвалі контратаку праціўніка.

С.Р.Дрынь.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУПЛО́,

поласць у ствале, каранях або буйных галінах дрэў, якая ўтварылася ў выніку разбурэння драўніны. Звычайна Д. ўзнікаюць у старых (перастойных) дрэвастоях на месцы мех. пашкоджання і распаду тканак драўніны пад уздзеяннем сапрафітных грыбоў і бактэрый, часам пры ўдзеле мурашак і птушак (напр., дзятлаў). Д. з’яўляецца сховішчам і месцам размнажэння многіх жывёл. У парках і садах дуплаватыя дрэвы патрабуюць своечасовага лячэння.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад позналац. divergentia разыходжанне) у біялогіі, разыходжанне прыкмет і ўласцівасцей у першапачаткова блізкіх груп арганізмаў у працэсе іх эвалюцыі. Тэрмін увёў Ч.​Дарвін (1859) для тлумачэння ўзнікнення сартоў культ. раслін, парод свойскіх жывёл і біял. відаў у прыродзе. Адбываецца пад уздзеяннем розных умоў існавання, у выніку чаго з аднаго зыходнага віду ўтвараюцца новыя разнавіднасці або віды. Процілегласць Д. — канвергенцыя.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЛАКА́ЦЫЯ ваенная,

размяшчэнне (раскватараванне) сухапутных войск і ваен. устаноў у мірны час у адведзеных для іх месцах (ваен. гарадках, лагерах і інш.); размяшчэнне вайсковых часцей і злучэнняў на фронце, злучэнняў ВПС па аэрадромах базіравання, караблёў ВМФ па партах для пастаяннага базіравання або на зімовы час. Пры Д. бярэцца пад увагу неабходнасць забеспячэння ўзбр. сіламі аховы інтарэсаў краіны на выпадак вайны.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)