ГРЭ́БНЕЎ (Андрэй Феакціставіч) (30.11.1912, пас. Пакацілаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 20.10.1973),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1941), удасканалення афіцэрскага саставу (1947), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1, 2, 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў баях на ПдУ ад в. Задруцце Рагачоўскага р-на, за вызваленне Баранавіч, Слоніма, Ваўкавыска. Да 1968 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАЕ́РА (Goodyera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (O. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ХРА (ад грэч. ōchros бледна-жоўты),
прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3∙nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,
прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАПНЁВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, пахаваныя пад пародамі, генетычна не звязанымі з іх утварэннем. Трапляюцца ў тоўшчы розных кантынентальных адкладаў, сведчаць аб перапынках у асадканамнажэнні. Даюць матэрыял для пазнання і раскрыцця накіраванасці сучасных геамарфал. і глебаўтваральных працэсаў, вывучэння фактараў антрапагеннага ўздзеяння на глебы ў галацэне. У грунтах вылучаюцца афарбоўкай парод, мінералагічным складам, прысутнасцю арган. рэчыва.
На Беларусі выкапнёвыя глебы знойдзены ў антрапагенавых адкладах у керне шматлікіх свідравін, агаленнях яроў і па далінах рэк. Найбольш даследаваны ў межах Навагрудскага ўзвышша, ва ўрочышчы Цялячы роў каля г. Мсціслаў, на берагах рэк Дняпро, Віхра, у кар’ерах цагельных заводаў каля Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свіна, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,48 км², даўж. 2,65 км, найб.шыр. 810 м, найб.глыб. 10,2 м, даўж. берагавой лініі 7,5 км. Пл. вадазбору 3,2 км². Схілы катлавіны выш. 11—17 м, стромкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, на Пн сплавінныя. Дно да глыб. 5 м выслана пяском, да 6—7 м глеем, глыбей — сапрапелем. У паўн.ч. востраў пл. 0,1 га і пясчаная водмель глыб. 0,1 м. Расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана пратокай з воз. Гваздок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА, алігатрофнае балота,
тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ІЧКІ,
група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.
Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАГРЫ́ЗЫ (Lyctidae),
сямейства жукоў падатр. рознаедных. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках. Шкоднікі драўніны і вырабаў з яе. На Беларусі часцей трапляецца Д. баразнаваты, або лінейны (Lyctus linearis).
Даўж. 2,5—5 мм. Цела прадаўгаватае, зверху пляскатае, бурае. Пярэдняспінка з прытупленымі вугламі, з шырокай падоўжнай баразёнкай пасярэдзіне. Надкрылы з тонкімі кропкавымі баразёнкамі і тонкімі валаскамі. Лапкі 5-членікавыя з рэдукаваным першым членікам; вусікі з 2-членікавай булавой. Лічынкі бязногія, белыя. Развіваюцца ў сухой драўніне, якой кормяцца лічынкі і жукі. Пракладваюць хады ў драўніне і ператвараюць яе паверхневыя слаі ў парахню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАШКЛАПЛА́СТЫКІ,
машынабудаўнічыя матэрыялы, атрыманыя на аснове спалучэння драўніны з палімерамі, шкловалакном і інш. кампанентамі. Забяспечваюць работу вырабаў пры т-ры ад -60 да 150 °C ва ўмовах агрэсіўна-абразіўных асяроддзяў. Выкарыстоўваюцца ў тэхнал. абсталяванні хім., аўтамаб., трактарнай і інш. галін прам-сці. На Беларусі даследуюцца з 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, дзе створаны канструкцыйныя Д. (атрымліваюць метадам гарачага ўшчыльнення кампазіту са здробненай драўніны, насычанай кандэнсавальнымі смоламі, і шклянога валакна, насычанага палімерамі) і самазмазвальныя (атрымліваюць напаўненнем лігнавугляводнай матрыцы драўніны тэрмастабільнымі калоіднымі актыўнымі сістэмамі; выкарыстоўваюцца як падшыпнікі слізгання).