БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),
разменная непаўнацэнная метал.манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЛЕНКА (Соф’я Уладзіміраўна) (н. 17.7.1924, г. Варонеж, Расія),
бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі, мікалогіі і аховы раслін. Д-рбіял.н. (1975), праф. (1991). Скончыла Варонежскі ун-т (1947). У 1960—96 у Цэнтр.бат. садзе Нац.АНБеларусі. Навук. працы па вывучэнні хвароб інтрадукаваных раслін, рэгуляцыі фітапаталагічнай сітуацыі ў штучных фітацэнозах, біятэхналагічных праблемах.
Тв.:
Указатель возбудителей болезней цветочно-декоративных растений. Вып. 7. Л., 1980 (разам з Г.А.Дзьякавай);
Устойчивость древесных интродуцентов к биотическим факторам. Мн., 1988 (разам з А.І.Блінцовым, Н.А.Панько);
Болезни и вредители клюквы крупноплодной. Мн., 1996 (разам з С.У.Бугам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,
бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл.Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНЕ́ННЕ,
тэхніка апрацоўкі паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў, каляровага і бясколернага шкла, хрусталю для ювелірных і тэхн. мэт, хрустальнага посуду (гл.Гранільная справа).
На Беларусі граненне шкла і хрусталю вядома з 18 ст. на мануфактурах ва Урэччы (Любанскі р-н) і Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), у Крычаве, Ушаках (Чэрыкаўскі р-н), Ільі (Вілейскі р-н), Гродне і інш. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі розныя віды гранення: «у брыльянт», «зоркі», «ромбы», «сценкі» і інш. Граненнем карысталіся пры апрацоўцы люстэркаў, пры вырабе асвятляльнай арматуры з хрусталю. Цяпер на з-дах найб. папулярнае граненне — «алмазнае» і «шырокая грань».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная грамадска-паліт. газета. З 9.10.1939 выдавалася ў Беластоку пад назвамі «Освобожденный Белосток», «Вольная праца» (студз. 1940 — чэрв. 1941), «Белостокская правда» (ліст. 1943—чэрв. 1944; выдавалася падпольна на бел., рус. і польск. мовах). З 22.10.1944 выдаецца ў Гродне пад сучаснай назвай 5 разоў на тыдзень. У 1963—91 выходзіла на рус. мове, у 1948—63 і з 1991 — на бел. і рус. мовах. Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Гродзенскай вобл., інфармуе пра рэспубліканскія, міжнар. падзеі. Друкуе матэрыялы па гісторыі, л-ры, мастацтве Беларусі, пра экалагічныя і інш. праблемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОМ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 20.12.1951, в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ.Беларусі (1986). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1971), Мінскі ін-т культуры (1986). З 1982 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Крупіцкія музыкі». Збірае для патрэб калектыву бел.нар.муз. інструменты (валодае ігрой на гармоніку, дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне і інш.), робіць фаназапісы ўзораў фалькл. песеннай і інстр. творчасці, аранжыроўкі найгрышаў, папаўняе рэпертуар творамі кампазітараў 18—19 ст. (М.К.Агінскі, М.Ельскі, В.Казлоўскі, А.Абрамовіч і інш.). Прэмія 1996 у галіне нар. творчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ, Грэгаровіч Карл Карлавіч (25.10.1868, С.-Пецярбург — 25.3.1921), рускі скрыпач-віртуоз, педагог. Вучыўся ў В.Безякірскага (Масква) і І.Іоахіма (Берлін). З 1883 канцэртаваў па Расіі і краінах Еўропы, шматразова выступаў на Беларусі (найб. у Віцебску). У 1910—14 узначальваў у Пецярбургу т.зв. Мекленбургскі квартэт. З 1904 праф.Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва, у 1918—20 — Віцебскай нар. кансерваторыі. Выступаў у суправаджэнні Віцебскага сімф. аркестра на чале з М.Малько, удзельнічаў у вечарах камернай музыкі (выконваў творы Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Э.Лало, А.Тама, П.Сарасатэ і інш.). Тонкі інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.Равеля), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЫН (Іван Ціханавіч) (16.12.1901, в. Унукавічы Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.6.1951),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. камандныя курсы (1922), пях. школу (1928), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1963). У Чырв. Арміі з 1920. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нач. штаба армій. Удзельнік Смаленскай, Бел., Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. 49-я армія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Магілёва, пры фарсіраванні Дняпра, Друці, Бярэзіны, у ліквідацыі мінскага «катла». Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.